АГРЭГА́Т
(ад лац. aggregatus далучаны),
1) у петраграфіі сукупнасць мінер. зерняў ці іх зросткаў, якія ўтвараюць горныя пароды, руды, друзы і інш. Бывае просты — з аднаго мінералу (напр., мармур, кварцыт) і складаны — з некалькіх мінералаў (напр., граніт, сіеніт). Адрозніваюць агрэгаты цэментаваныя, рыхлыя, зямлістыя, порыстыя, шчыльныя і інш. 2) Машынны агрэгат — узбуйнены уніфікаваны (нармалізаваны) элемент (вузел) машыны, які адрозніваецца поўнай узаемазамяняльнасцю і самастойна выконвае пэўныя функцыі (напр., электрарухавік, помпа). Машыннымі агрэгатамі часам наз. фрэзерныя станкі-аўтаматы, транспарцёры і інш. 3) Сукупнасць дзвюх і болей машын ці апаратаў, якія працуюць сумесна, у адным комплексе (напр., ворны агрэгат складаецца з трактара, плугоў і барон; дызель-генератар — з дызельнага рухавіка і электрагенератара; турбакампрэсар — з турбіны і кампрэсара).
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)