манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,
арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC1H2C2H(OH)C3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формыальдэгідаў і кетонаў.
Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАГЕНЕ́З (ад грэч. glōtta мова + ...генез),
працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.
Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн.Міжнар.т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.
Літ.:
Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕХА́НІКА (ад геа... + механіка),
навука аб механічным стане зямной кары і працэсах, якія адбываюцца ў ёй пад уплывам натуральных і тэхнагенных фактараў. Да натуральных уздзеянняў адносяцца тэрмічныя (павышэнне і паніжэнне т-ры) і мех. (сілы, абумоўленыя гравітацыйным узаемадзеяннем, вярчэннем Зямлі і інш.касм. фактарамі); да тэхнагенных — распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў, прамысл. і грамадз.буд-ва, ядз. выбухі і інш.
Геамеханіка ўзнікла ў пач. 20 ст. як раздзел геафізікі. Яе тэарэт. і эксперым. даследаванні непасрэдна звязаны з інжынернай геалогіяй, газа-, гідра- і тэрмадынамікай, механікай суцэльнага асяроддзя. Геамеханіка вывучае заканамернасці напружана-дэфармаванага стану зямной кары, працэсы фарміравання мех. поля Зямлі, тлумачыць прыродныя з’явы, што ім спадарожнічаюць, прагназуе напрамкі і формы іх працякання. Устанаўлівае заканамернасці фарміравання мех. уласцівасцей горных парод і працякання працэсаў дэфармавання, перамяшчэння і разбурэння асобных дзялянак зямной паверхні.
Літ.:
Цытович Н.А., Тер-Мартиросян З.Г. Основы прикладной геомеханики в строительстве. М., 1981;
Войтенко В.С. Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТА (Secaled),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.
Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 11—18 ст. у г.Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст.Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст.тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,
сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМу мовазнаўстве,
падабенства ў арганізацыі плана выражэння і плана зместу мовы або паралелізм у кампанентнай будове знешняй гукавой формы мовы і семантыкі. Найперш гэтае падабенства праяўляецца ў суадносных структурах, якімі аб’ядноўваюцца адзінкі плана выражэння (гукі — у склады) і адзінкі плана зместу (словы — у словазлучэнні і сказы). Паралелізм назіраецца і ў вылучэнні гал. і залежных кампанентаў у вызначаных спалучэннях. Напр., у складзе гал. з’яўляюцца галосныя (па іх колькасці вызначаецца колькасць складоў у слове), а залежнымі — зычныя гукі. У словазлучэннях гал. тыя лексемы, якія граматычна падпарадкоўваюць інш.; у сказе гал. кампанентам з’яўляецца выказнік, або структурнае ядро сказа. І. адзначаецца і ў суадноснасці абстрактных адзінак плана выражэння і плана зместу. Паслядоўнасць адцягненых адзінак плана выражэння (дыферэнцыяльная прыкмета, фанема, склад, фаналагічнае слова) адпавядае паслядоўнасці адзінак плана зместу (сема, семема, значэнне слова, сказ). Вывучэнню І. прысвечаны працы дацкага лінгвіста Л.Ельмслева, польск. мовазнаўца Е.Курыловіча і інш.
Літ.:
Курилович Е. Понятие изоморфизма...: Пер. с пол. // Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,
неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.І.Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ СВЯТЛА́,
прасторавае пераразмеркаванне энергіі светлавога выпрамянення пры накладанні дзвюх ці больш дапасаваных па фазе светлавых хваль (гл.Кагерэнтнасць); асобны выпадак інтэрферэнцыі хваль. Выніковыя ваганні ў вобласці перакрыцця аслабляюцца ці ўзмацняюцца. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, метралогіі, крышталяграфіі і мінералогіі (інтэрферэнцыя палярызаванага святла), на І.с. заснаваны галаграфія, прасвятленне оптыкі і інш.
Некаторыя з’явы І.с. назіраў яшчэ І.Ньютан; тлумачэнне далі А.Фрэнель і Т.ЮнгНайб. часта адбываецца І.с., якая характарызуецца стацыянарнай (устойлівай у часе) інтэрферэнцыйнай карцінай — рэгулярным чаргаваннем абласцей павышанай і паніжанай інтэнсіўнасці святла, напр., вясёлкавая афарбоўка тонкіх масляных плёнак на паверхні вады. Калі зыходныя светлавыя хвалі маюць складаны спектр (напр., сонечнае святло), атрымліваецца каляровая карціна. Размяшчэнне і форма палос залежаць ад геам.формы крыніц святла і ад ступені кагерэнтнасці выпрамененых хваль. Для атрымання інтэрферэнцыйнай карціны ад выпрамянення адной крыніцы яго дзеляць на 2 (ці больш) пучкі, якія павінны да сумяшчэння прайсці розную адлегласць ці распаўсюджвацца ў асяроддзях з рознымі паказчыкамі пераламлення. Гл. таксама Інтэрферометр.