закон, паводле якога кожнае пэўнае злучэнне хімічнае, незалежна ад спосабу яго атрымання, складаецца з адных і тых жа элементаў і суадносіны іх мас пастаянныя. Сфармуляваны ў пач. 19 ст.франц. хімікам Ж.Прустам. Устанаўленне П.с.з. істотна паўплывала на фарміраванне асноў атамна-малекулярнага вучэння. У пач. 20 ст. М.С.Курнакоў паказаў, што акрамя злучэнняў пэўнага саставу (дальтанідаў) існуюць злучэнні пераменнага саставу (берталіды), якія не падпарадкоўваюцца П.с.з. (напр., металіды). Далейшае развіццё ўяўленняў аб берталідах прывяло да таго, што П.с.з. разглядаецца як асобны выпадак агульных заканамернасцей, што апісваюць састаў хім. злучэнняў (гл.Стэхіяметрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАСТРЭ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для падачы (выкідвання з вял. скорасцю, нібыта выстрэльвання) сціснутым паветрам стрыжнёвай сумесі ў стрыжнёвыя скрыні з гарыз. або верт. раздымам. Сумесь ушчыльняецца пры ўдары струменя і тармажэнні часцінак сумесі аб сценкі скрыні. Ад пескадуўнай машыны адрозніваецца канструкцыяй выдзіманага механізма, які забяспечвае большую скорасць выдзімання. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці пераважна для вырабу ліцейных стрыжняў (часам і ліцейных форм). На аснове П.м. створаны аўтам. стрыжнёвыя лініі (даюць да 600 стрыжняў за гадзіну пры масе стрыжняў да 150 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл.Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл.Пойнтынга—Робертсана з’ява).
Літ.:
Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ,
уласцівасць матэрыяльнага цела займаць пэўную частку прасторы, валодаць прасторавымі памерамі (мець даўжыню, шырыню, вышыню). Вырашае ўзаемасувязь элементаў або часцей цел, момант іх адноснай устойлівасці; можа параўноўвацца па велічыні.
У гісторыі філасофіі П. разглядалася як атрыбут матэрыяльнай субстанцыі і нярэдка атаясамлівалася з самой прасторай. Франц. матэрыялісты 18 ст. Р.Дэкарт, Т.Гобс лічылі П. сутнасцю матэрыі. Для свайго тлумачэння П. патрабуе матэрыяльнага цела, без яго яна пустая абстракцыя. У матэматыцы дакладнае ўяўленне аб адрозненні геам. уласцівасцей прасторы, такіх, як П. і форма, ад яго фіз. уласцівасцей было дасягнута пасля адкрыцця неэўклідавых геаметрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.Н.Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕЛЕНГА́ТАР,
радыёэлектронная прылада для вызначэння напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення (радыёсігналаў). Бываюць наземныя (рухомыя і стацыянарныя), самалётныя, карабельныя. Шырока выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі, радыёразведцы і інш.
Складаецца: з антэнна-фідэрнай сістэмы (для прыёму радыёхваль, што распаўсюджваюцца ад аб’екта пеленгацыі), радыёпрыёмніка з індыкатарам (дае інфармацыю аб вуглах паміж напрамкам на аб’ект пеленгацыі і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку), дапаможнага абсталявання. У радыёнавігацыі выкарыстоўваюць Р., якія вызначаюць азімут ці курсавы вугал перадавальнай радыёстанцыі. Ва універсальных (двухкаардынатных) Р. вымяраюць абодва вуглы, якія вызначаюць гэты напрамак; у азімутальных — адзін з іх (азімут). Да Р. адносяць таксама радыёкомпасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне абваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БЕЛЯ ЗАКО́Н, кампенсацыі фактараў закон,
узаемазамяняльнасці фактараў закон (эфект),
сцвярджэнне аб тым, што адсутнасць або недахоп якога-н. экалагічнага фактара можа быць кампенсаваны інш. блізкім (аналагічным) фактарам. Выяўлены амер. эколагам Э.Рубелем (1930).
Напр., недахоп святла ў парніку можа быць кампенсаваны павелічэннем канцэнтрацыі вуглекіслаты або стымулюючым дзеяннем некат. біялагічна актыўных рэчываў (гіберэлінаў або інш.); некат. малюскі пры адсутнасці або недахопе кальцыю могуць будаваць свае ракавіны са стронцыю, пры дастатковай яго колькасці ў асяроддзі. Р.з. мае адносны характар, таму што фундаментальныя экалагічныя (фізіял.) фактары (святло, вада, азот, вуглекіслата, хім. макра- і мікраэлементы і інш.) незаменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АТМАСФЕ́РЫ, ахова атмасфернага паветра,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні і ўзнаўленні аптымальных уласцівасцяў атмасферы, прадухіленні яе забруджвання і рацыянальным выкарыстанні; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: сан. ахову паветра, ахову і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, удасканальванне вытв. працэсаў і трансп. сродкаў, выкарыстанне газа- і пылаўлоўных прыстасаванняў, распрацоўку безадходных тэхналогій, стымуляванне выканання ахоўных мерапрыемстваў, рацыянальную планіроўку і забудову, азеляненне нас. месцаў, кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем паветр. басейна, эколага-выхаваўчую работу, экалаг. падрыхтоўку кадраў і інш.
На Беларусі ахова атмасферы рэгулюецца Законамі аб ахове атм. паветра, аб ахове прыроды, шэрагам урадавых пастаноў і ўказаў, якія прадугледжваюць мінімізацыю прамысл., трансп. і камунальна-быт. выкідаў у паветра, устанаўліваюць нормы гранічна дапушчальных канцэнтрацый дамешкаў і гранічна дапушчальных выкідаў у атмасферу. Дзейнічаюць стацыянарныя пасты назірання за ўзроўнем забруджвання атм. паветра ва ўсіх абласных і многіх прамысл. цэнтрах (Мазыр, Наваполацк, Орша і інш.), ствараецца аўтаматыз. сістэма назірання і кантролю за станам навакольнага асяроддзя (гл.Паветра). За парушэнне правілаў аховы атмасферы ўстаноўлена адм., крымінальная і дысцыплінарная адказнасць. Беларусь удзельнічае ў міжнар. сістэме маніторынгу па кантролі за станам атмасферы: на яе тэр. размешчаны аўтаматыз. станцыя фонавага маніторынгу і пункт назірання за трансгранічным пераносам. Мерапрыемствы па ахове атмасферы кантралююць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці (гл.Беларускае таварыства аховы прыроды і інш.).
Да арт.Ахова атмасферы. Пункт кантролю за станам атмасферы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВАў Коўне,
дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-вабел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах.бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр.Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел.партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-вабел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.