ГО́ФМАН (Hofmann) Аўгуст Вільгельм фон (8.4.1818, г. Гісен, Германія — 5.5.1892),
нямецкі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў ням. прам-сці сінт. фарбавальнікаў. Скончыў Гісенскі ун-т (1840), дзе і працаваў. З 1845 дырэктар Каралеўскага хім. каледжа ў Лондане, з 1865 праф. Берлінскага ун-та. Навук. даследаванні па хіміі араматычных злучэнняў (фарбавальнікаў). Вылучыў з каменнавугальнай смалы бензол, з якога атрымаў нітрабензол, а яго аднаўленнем — анілін (1845, удасканаліў рэакцыю М.М.Зініна). Адкрыў спосаб сінтэзу аліфатычных амінаў уздзеяннем галагеналкілаў на аміяк (рэакцыя Гофмана, 1850), спосаб атрымання першасных амінаў з амідаў карбонавых к-т (перагрупоўка Гофмана, 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.Шапэна, а таксама Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Шуберта, Ф.Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ (Gozzoli) Беноца (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны кодэкс Рэспублікі Беларусь,
сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, што ўзнікаюць з удзелам юрыд. асоб і грамадзян. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Складаецца з 564 артыкулаў, 43 глаў і 8 раздзелаў. Законам ад 3.3.1994 у яго ўнесены пэўныя змены і дапаўненні, выключаны артыкулы, што супярэчылі новаму заканадаўству, і ўсе нормы права, якія прадугледжвалі прымяненне на тэр. Беларусі цывільнага заканадаўства СССР і інш. саюзных рэспублік. Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве сумесна з урадам і зацікаўленымі ведамствамі даручана падрыхтаваць праект новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера.
шведскі нейрафізіёлаг. Чл. Каралеўскай швед.АН, чл.Нац.АН ЗША, ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1927). З 1928 спецыялізаваўся ў лабараторыі Ч.С.Шэрынгтана ў Оксфардскім ун-це, у 1929—32 у Пенсільванскім ун-це. З 1935 праф. фізіялогіі Хельсінкскага ун-та, з 1940 у Каралінскім ін-це ў Стакгольме, у 1945—67 дырэктар Нобелеўскага ін-та нейрафізіялогіі. У 1963—65 прэзідэнт Каралеўскай швед.АН. Навук. працы па рэгуляванні рухаў цэнтр.нерв. сістэмай. Даследаваў першасныя нейрафізіялагічныя працэсы зроку. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Дж.Уолдам і Х.Хартлайнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНО́ЎСКІ Цімафей Мікалаевіч (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),
расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-ргіст.н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. granulum зярнятка + ...метрыя), грануламетрычны аналіз, механічны аналіз,
сукупнасць прыёмаў вызначэння наяўнасці розных па велічыні фракцый зерняў у асадкавых горных пародах, карысных выкапнях, глебах і штучных матэрыялах. Выкарыстоўваецца ў геалогіі для класіфікацыі, вызначэння калектарскіх уласцівасцей пластоў, умоў утварэння парод і інш., горнай справе — для ацэнкі якасці горнай масы, вынікаў узрыўных работ, пры абагачэнні карысных выкапняў, у грунтазнаўстве, інж. геалогіі і інш. Адрозніваюць метады дыферэнцыяльныя (метад планіметрыі і мікраскапічны аналіз з мадыфікацыямі — метад сканіравання, імпульсны, кандуктаметрычны) і інтэгральныя (сітавы і гідраўлічны аналізы). Вынікі грануламетрыі адлюстроўваюць у выглядзе лічбавых табліц або графічна. Найб. пашыраныя графікі гістаграмы, кумулятыўныя крывыя і крывыя размеркавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́Н Флавій (Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым.прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна I, пасля яго смерці (375) правіў зах.ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж.рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед.навук. т-вы.