наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) прыёмна-перадавальная радыёстанцыя, якая працуе сумесна з устаноўленай на рухомым аб’екце (самалёце, судне і інш.) радыёлакацыйнай станцыяй. Пад уздзеяннем сігналаў бартавой станцыі Р.м. уключаецца і выпраменьвае кадзіраваныя сігналы, па якіх вызначаюцца напрамак на маяк і адлегласць да яго. Можа служыць і радыёмаяком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЭЛЕКТРО́НІКА,
галіны навукі і тэхнікі, што звязаны з перадачай і пераўтварэннем інфармацыі на аснове выкарыстання радыёчастотных электрамагнітных ваганняў. Ахоплівае радыётэхніку і электроніку, а таксама квантавую электроніку, мікраэлектроніку, оптаэлектроніку. Цесна звязана з радыёфізікай, фізікай цвёрдага цела, оптыкай, аўтаматыкай, тэхн. кібернетыкай, механікай і электронікай. Метады і сродкі Р. выкарыстоўваюцца ў большасці галін навукі і тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖНО́ВА (Ніна Аляксандраўна) (н. 1.12.1919, г. Пенза, Расія),
бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 педагог і канцэртмайстар муз. вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, з 1950 канцэртмайстар Маскоўскага муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1954—90 канцэртмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Вяла канцэртную дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
газета для дзяцей школьнага ўзросту і падлеткаў. Выдаецца зкастр. 1929 у Мінску на бел. мове штотыднёва; наз. «Піянер Беларусі». З 1994 сучасная назва. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, адраджэння нац. культуры; патрыят., працоўнага, фіз., эстэт. выхавання дзяцей і падлеткаў, расказвае пра дзейнасць дзіцячых згуртаванняў і арг-цый у школах і дзіцячых установах рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗЯНКО́Ў (Васіль Васілевіч) (н. 3.5.1931, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. і рас. спартсмен (лёгкая атлетыка, кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1962). З 1957 у Маскве. З 1969 трэнер па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым). Чэмпіён СССР (1959, 1960, 1961). Рэкардсмен Еўропы, СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно знайб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. ЗПд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА,
вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).
Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося буд-вачыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас.Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЧАСЦІ́ЦА,
адна з аднолькавых па масе, часе жыцця, значэннях спіна і цотнасці элементарных часціц, якія маюць роўныя па модулі, але процілеглыя па знаку квантавыя лікі (зарады). Напр., электрон (e−) і пазітрон (e+) адрозніваюцца знакам эл. і лептоннага зарадаў і спіральнасці (палярызацыі); нейтрон (n) і антынейтрон () — барыённага зараду і магн. моманту. У адпаведнасці з квантава-рэлятывісцкай прыродай элементарных часціц кожнай з іх адпавядае свая антычасціца, акрамя сапраўды нейтральных (не маюць ніякіх зарадаў) фатона, π0-мезона, ρ0-мезона, η0-мезона і j/ψ-часціцы. Характэрная асаблівасць пары часціца — антычасціца — здольнасць да анігіляцыі. Кожнаму працэсу эл.-магн. і моцнага ўзаемадзеянняў адпавядае аналагічны працэс, у якім усе часціцы заменены антычасціцамі, і наадварот. Эксперыментальна даказана існаванне антычасціц для ўсіх вядомых часціц. Зарэгістраваны найпрасцейшыя пасля антыпратона антыядры (антыдэйтрон, антытытрытый, антыгелій). Прынцыпова магчыма існаванне антыатамаў, антымалекул і наогул антырэчываз антыпратонамі, антынейтронамі і пазітронамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЖА́Р (Béjart; сапр.Бержэ; Berger) Марыс
(н. 1.1.1927, Марсель),
французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.