КАЗЕ́ЛКА Канстанцін Кандратавіч (22.10.1915, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 8.1.1989),

бел. самадзейны майстар-разьбяр па дрэве. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скульптурам К. характэрны складаная дынамічная кампазіцыя, дакладнасць мадэліроўкі і стараннасць апрацоўкі матэрыялу. Выкарыстоўваў сюжэты з фальклору, літ. твораў, гісторыі і сучаснага жыцця: «Віцязь» (1948), «Аляксандр Неўскі», «Сувораў», «Мужычок з ногцік» (усе 1949), «Багдан Хмяльніцкі», «Руслан і Рагдай», «Бой рыцара з турам», «Салават Юлаеў» (усе 1954), «Героі Брэста», «Беларусы едуць», «Паляванне на зубра» (усе 1957), «Цялятніца» (1958), «Будзёнаўцы» (1962), «Партызанская тачанка» (1965) і інш.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977.

К.Казелка. Мужычок і ногцік. 1949.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў Пётр Міхайлавіч (24.7.1893, в. Залесная Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1944),

генерал-лейтэнант (1944), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім і Цэнтр. франтах: нам. камандуючага, камандуючы арміяй, камандзір корпуса. Вызначыўся ў баях за Дняпро на Пн ад Кіева: у вер. 1943 корпус пад камандаваннем ген.-м. К. з ходу фарсіраваў раку, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу часцей арміі. У пас. Гарачаводскі Стаўрапольскага краю яму пастаўлены помнік.

П.М.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАКАТРО́НІС (Kolokotronēs) Тэадорас (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НІКАЎ Іван Емяльянавіч (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),

Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл. Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.

І.Е Каленікаў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН Мікалай Арцёмавіч (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),

бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал. месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.​Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.​Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.​Губарэвіча (1968).

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНКО́ЎСКІ Сцяпан Антонавіч (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.

С.А.Калінкоўскі.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ (Kalniņš) Эдуардс (25.10. 1904, Рыга — май 1988),

латышскі жывапісец-марыніст. Нар. маст. СССР (1975), сапр. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Латв. АМ (1932; выкладаў там з 1945, праф. з 1955) у В.Пурвіта, у Італіі (1935). Творчасць К. адыграла вял. ролю ў станаўленні лат. жанравага жывапісу. Работы вылучаюцца размераным рытмам буйных колеравых плоскасцей, багатым каларытам, дакладнай перадачай дынамікі марской стыхіі: «Гавань» (1929), «Плытагоны» (1935), «Баржа» (1938), «Новыя ветразі» (1945), «Рыбакі» (1947), «Сёмая Балтыйская рэгата» (1954), «Латышскія рыбакі ў Атлантыцы» (1957), «Ля мора» (1963), «Заход сонца» (1977) і інш.

А.​В.​Вайцяховіч.

Э.Калніньш. Новыя ветразі. 1945.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (16.3.1927, Масква — 24.4.1967),

савецкі касманаўт. Лётчык-касманаўт СССР (1964), палкоўнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1964, 1967 пасмяротна). Скончыў Маскоўскую спец. школу ВПС (1945), Батайскае ваен. авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 з К.П.Феакціставым і Б.Б.Ягоравым упершыню ў свеце здзейсніў палёт у космас на шматмесным касм. караблі «Узыход» (як камандзір). Загінуў 24.4.1967 пры пасадцы ў час выпрабавання новага касм. карабля «Саюз-1» пасля сутачнага палёту вакол Зямлі. Правёў у космасе 2,13 сут. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАРЭ́ЕЧНІК (Phalaris),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (акрамя Аляскі і Канады). На Беларусі як заносныя, інтрадукаваныя і здзічэлыя трапляюцца К. канарскі (Ph. canariensis) і малы (Ph. minor) каля дарог, жылля і інш.

Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі прамастойнымі ці каленчата-ўзыходнымі сцёбламі (саломінамі) выш. да 120 см. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае з гладкімі ці шурпатымі пазухамі. Кветкі (па 3) у яйцападобных каласках, сабраных у густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавая (канарэечнае семя), харч., тэхн., алейная, лек. і дэкар. расліна; некат. віды — пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

Канарэечнік канарскі.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)