ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],

бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПЕРЫДЗІ́Н, гексагідрапірыдзін, пентаметыленімін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C5H11N Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 106,17 °C, шчыльн. 860,6 кг/м³.

Змешваецца з вадой, этанолам, дыэтылавым эфірам. Паводле хім. уласцівасцей — моцная аснова, лёгка ўтварае солі. Структурны фрагмент многіх алкалоідаў (напр., анабазіну, лабеліну, марфіну). Выкарыстоўваюць для сінтэзу лек. прэпаратаў (анальгетыкаў, анестэтыкаў і інш.), некаторыя вытворныя — як паскаральнікі вулканізацыі.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІР-ПАНДЖА́Л,

горны хрыбет у М. Гімалаях, у Індыі і Пакістане (зах. частцы). Аддзелены ад Вял. Гімалаяў Кашмірскай далінай. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ на 450 км, ад р. Кішанганга да р. Біяс. Выш. да 6028 м. Складзены з вапнякоў, андэзітаў, базальтаў. Схілы стромкія, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі. Горныя азёры. Ледавікі. Густыя, пераважна хваёвыя лясы.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),

старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл. Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,

астаткавая дэфармацыя, утвораная ад уздзеяння сілавых фактараў, пры якой не адбываюцца макраскапічныя парушэнні суцэльнасці матэрыялу. У той ці інш. ступені пластычныя ўласцівасці маюць усе рэальныя целы (гл. Пластычнасць). Здольнасць канстр. матэрыялаў да П.д. — адна з найважн. уласцівасцей, што забяспечвае магчымасць атрымання з іх розных вырабаў шляхам апрацоўкі ціскам (коўка, пракат).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́П’ЕЎ Фёдар, чаканшчык і разьбяр 2-й пал. 17 ст. Прыбыў у Маскву з г. Полацк (Віцебская вобл.) у 1660. З 1662 «жалаваны» майстар Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Сярод твораў: чаканны сярэбраны посуд для царэвічаў Іаана і Пятра Аляксеевічаў, футаралы для пячатак царскіх грамат (усе 1676), чаканныя абклады (1679), сярэбранае і меднае начынне.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛО́МЕТР,

прылада для вызначэння памеру няроўнасцей (шурпатасці) апрацаванай паверхні дэталей. Электрадынамічны П. складаецца з алмазнай іголкі, што перамяшчаецца перпендыкулярна кантралюемай паверхні і пераўтваральніка ваганняў іголкі ў адпаведныя паказанні электравымяральнай прылады. Існуюць аптычныя П., якія перадаюць (у павялічаным маштабе) профіль паверхні на экран. П. з аўтам. запісам паказанняў пераўтваральніка наз. прафілографам. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ АБМЕЖАВА́НАСЦЬ,

асноўны закон рэсурсазнаўства, згодна з якім планета Зямля — абмежаванае цэлае і ўсе яе рэсурсы і ўмовы канчатковыя. Антрапагеннае ўздзеянне на энергетыку планеты звыш дапушчальнай нормы выводзіць прыродную сістэму са стану раўнавагі, таму ідэя пра «невычарпальныя» прыродныя рэсурсы памылковая. Устанаўленне збалансаванага антрапагеннага абмену рэчываў — адна з гал. задач чалавецтва.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁБА́ЧАННЕ,

атрыманне з дапамогай радыёхваль бачнага відарыса ўнутр. будовы аб’екта, непразрыстага для аптычнага выпрамянення, а таксама аб’ектаў, якія знаходзяцца ў аптычна непразрыстым асяроддзі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёінтраскопаў. Засн. на ўздзеянні радыёхваль на некаторыя люмінафоры, якія змяняюць інтэнсіўнасць свячэння, на паўправадніковыя і вадкія крышталі, фотаплёнкі і інш. У Р. выкарыстоўваюць метад сканіравання даследуемага аб’екта.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)