БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),

навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.

Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.​Склетэр, П.​Палас, М.​А.​Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.

На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.​Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр. бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я, бактэрыяльная зброя,

зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл. Засцярога ад зброі масавага знішчэння).

Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЯДЖЭР»

(англ. Voyager),

назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.

«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.

Н.​А.​Ушакова.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.
Да арт. «Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.​С.​Барысавец, В.​А.​Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́Я,

гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйка ў Зах. Дзвіну. За 36 км ад г. Браслаў, 205 км ад Віцебска. Канцавая ст. на чыг. лініі Варапаева—Друя. Аўтадарогай злучаны з Браславам. 1,4 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага пад 1386 у складзе ВКЛ. У 14—18 ст. тут існаваў Друйскі замак. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Д. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. 8.8.1618 атрымала прывілей на магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на хвалях, вада сярэбраная. З Д. паходзіць адзін з шэдэўраў бел. рукапіснай кнігі — Друйскае евангелле 16 ст. За час існавання ў Д. пабудавана каля 20 храмаў. У 1790 у Д. 3,4 тыс. ж. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, заштатны горад Дзісенскага пав. Віленскай губ. У 1897 у Д. 4787 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У 1931 у Д. 3375 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак у Браслаўскім, з 1.5.1940 да 1963 у Міёрскім р-нах. 2,5 тыс. ж. (1971).

Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. лініі. Сярэдняя і муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі меліярац. работ, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1812. Помнік архітэктуры — Друйскі кляштар бернардзінцаў (1643—46) і Друйскі парк (19 ст.).

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.​Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),

абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл. Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),

італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл. Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.​Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.​Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.

Літ.:

Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;

Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.

Г.Галілей.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)