СОН,

фізіялагічны стан мозга і ўсяго арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца значным зніжэннем рухомасці, амаль поўнай адсутнасцю рэакцый на знешнія раздражняльнікі і адначасова асобнай арганізацыяй актыўнасці нейронаў галаўнога мозга. Надыходзіць перыядычна ў адпаведнасці з біярытмам «С. — няспанне».

Стан С. мае 2 фазы. Для яго павольнай фазы характэрны павольныя ваганні эл. патэнцыялу, паніжэнне тонусу шкілетных мышцаў, адсутнічаюць рухі вачэй (або маюць маятнікападобны характар). Фаза хуткага С. надыходзіць звычайна пасля павольнай і на электраэнцэфалаграме характарызуецца нізкаамплітуднай. пачашчанай рытмікай, падобнай на карцінку няспання або дрымоты. Суправаджаецца прыгнечанасцю спіннамазгавых рэфлексаў, павелічэннем мазгавога крыватоку і інш. (танічныя зрухі), хуткімі рухамі вачэй, падрыгваннем канечнасцей, вушэй, вібрысаў, асобнымі разрадамі ў мозгу і інш. (фіз. зрухі). Пры абуджэнні пасля хуткага С. чалавек часта паведамляе пра снабачанні сненні*. У нованароджаных пераважае хуткі С., у людзей 15—20 гадоў ён доўжыцца 20% ад агульнага часу С., у старасці працягласць хуткага С. памяншаецца. Паслядоўнасць фазы павольнага і хуткага С. ўтвараюць цыкл С., які адлюстроўвае фундаментальны біярытм «спакой-актыўнасць», яго перыяд у чалавека звычайна 90—100 мін. Стан С. забяспечваецца разгалінаванай сістэмай нейронных утварэнняў, якая ахоплівае амаль усе ўзроўні мозга. Мазгавы крываток і паглынанне кіслароду ў час С. не ніжэй, чым пры няспанні, таму С. адносіцца да асоба арганізаванай дзейнасці мозга, а не да стану функцыян. дэзактывацыі, спакою, затарможанасці клетак. У час С. перапрацоўваецца інфармацыя, што паступіла пры няспанні і мае адносіны да засваення новага вопыту, памяці і аховы ад стрэсу.

Літ.:

Ротенберг В.С. Адаптивная функция сна: Причины и проявления ее нарушения. М., 1982;

Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛА́Ў ЛЯШЧЫ́НСКІ (20 10 1677, г. Львоў, Украіна — 23.2.1766),

кароль польскі і вялікі князь ВКЛ [1704—09, 1733]. Паходзіў са стараж. польскага шляхецкага роду. З 1696 выбіраўся паслом на соймы, з 1699 ваявода пазнанскі. У 1703 узначаліў апазіцыю каралю Аўгусту II Моцнаму. У час Паўночнай вайны 1700—21 стаў прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступаў за абранне каралём Якуба Сабескага, сына Яна III Сабескага. Адзін з ініцыятараў стварэння Варшаўскай канфедэрацыі, якая 14.2.1704 абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе. Паводле загаду шведскага караля Карла XII 12.7.1704 элекцыйны сойм абраў С.Л. на трон Рэчы Паспалітай. У С.Л. не было шматлікіх войск і прыхільнікаў. Толькі пасля паражэння Аўгуста II у Саксоніі ад войск Карла XII і яго адрачэння ад польскага трона ў 1706 С.Л. быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, Літве і Беларусі. Аднак пасля Палтаўскай бітвы 1709 прыхільнікі пачалі пакідаць С.Л., пасля чаго ён эмігрыраваў у Эльзас. Пасля смерці Аўгуста II (1733) франц. дыпламатыя вылучыла С.Л. кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай. 12.9.1733 12 тысяч выбаршчыкаў абралі С.Л. каралём польскім і вял. князем літоўскім. Аднак Расія і Аўстрыя не пагадзіліся з гэтым. Праз Беларусь і Літву ў Варшаву прыйшла рас. армія ген.-фельдмаршала Б.​К.​Мініха. Пад аховаю рас. войск 5.10.1733 меншасць выбаршчыкаў абрала каралём Аўгуста III. Пачалася вайна за польскую спадчыну. У 1736 С.Л. быў вымушаны адмовіцца ад трона і зноў эмігрыраваў у Францыю. У выніку Венскага міру 1738 паміж Францыяй і Аўстрыяй, якім скончылася вайна, С.Л. атрымаў у пажыццёвае кіраванне герцагства Латарынгію і Бар пад кантролем Францыі.

А.​П.​Грыцкевіч.

Станіслаў Ляшчынскі.

т. 15, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІНСКАЯ СЯДЗІ́БА «МА́НЬКАВІЧЫ».

Існавала ў 18—1-й пал. 20 ст. ў б. сядзібе Радзівілаў у в. Манькавічы (цяпер у Столінскім р-не Брэсцкай вобл.). У пач. 18 ст. сядзібны комплекс уключаў жылыя дамы — 2 панскія (стары і новы), некалькі для прыслугі каля ўязной брамы, гасп. пабудовы і сад. У 2-й пал. 18 ст. пастаўлены дом аканома, гасп. пабудовы. У 1780-я г. ўзведзены драўляны палац, перабудаваны ў канцы 19 ст. паводле праекта арх. Вентцэля ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольны ў плане будынак пад гонтавым дахам. У пач. 19 ст. каля палаца пабудавалі драўляны флігель пад гонтавым дахам, дом для прыслугі, кухню, конна-валовы млын, 3 гумны з прыбудаванымі ў тарцах свірнамі, саладоўню і інш. Пры ўездзе ў сядзібу пастаўлена манум. брама — 1-павярховы з мансардамі і цокалем прамавугольны ў плане будынак, накрыты складаным дахам. Дамінантай кампазіцыі была гранёная вежа, завершаная купалам з барабанам і шатром над ім. У 1885 вакол палаца, які стаяў на насыпной тэрасе, закладзены парк пейзажнага тыпу пл. 50 га (цяпер 27,9 га). Фарміраваўся ён пры садзейнічанні Марыі Радзівіл, пра што сведчыць надпіс на закладным камені (устаноўлены на ўзлеску цэнтр. паляны). Тэраса абмежавана земляным валам выш. да 1,5 м з кветнікамі і дэкар. кустамі. Астатняя ч. на раўнінным рэльефе. Пры ўездзе ў парк з боку Століна пабудаваны павільён і каваныя вароты. У Вял. Айч. вайну палац згарэў, дрэвы парку моцна пашкоджаны, вывезены вароты. Расце больш за 35 відаў дрэў і кустоў, ёсць вадаём з фантанам і лебедзямі.

Н.​С.​Будыка, Ю.​А.​Якімовіч.

Столінская сядзіба «Манькавічы». Фота пач. 20 ст.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКІ БАНК, Сялянскі пазямельны банк,

пазямельны іпатэчны дзярж. банк у Расіі ў 1882—1917 для выдачы сялянам доўгатэрміновых пазык на набыццё прыватнаўласніцкіх зямель. На Беларусі аддзяленні банка дзейнічалі ў Вільні, Віцебску, Гродне, Мінску і Магілёве. Пры садзейнічанні банка ў бел. губернях да 1895 сялянамі куплена 425,1 тыс. дзес. зямлі (50% усіх сял. зямельных пакупак). Да 1895 працэнтная стаўка складала 7,5—8,5%, потым яна зніжана, банк атрымаў права купляць ва ўласны зямельны фонд памешчыцкія (з 1905 без абмежаванняў), з 1906 — удзельныя і казённыя землі, якія потым перапрадаваліся сял. гаспадаркам і т-вам. За 1906—16 С.б. скупіў па Расіі 4,6 млн. дзес. зямлі і 3,8 млн. з іх прадаў асобным гаспадарам. У гады сталыпінскай аграрнай рэформы ён шырока практыкаваў пазыкі пад залог надзельных зямель пры перасяленні сялян на хутары, адрубы (гл. Водруб) і на новыя землі. Найб. пазыкі выдаваліся аднаасобным і хутарскім гаспадаркам. На Беларусі С.б. займаў 1-е месца па аб’ёме іпатэчных аперацый. Пры яго пасрэдніцтве тут купілі зямлю 215 тыс. сялян-гаспадароў. Аднак імкненне банка да захавання высокіх цэн на зямлю адмоўна адбівалася на пакупніцкай здольнасці пазычальнікаў і патэнцыяльных пакупнікоў, вяло да росту нядоімак па пазыках і зніжэння попыту на паслугі банка. У 1906—15 па Расіі за нявыплату чарговых плацяжоў у пазычальнікаў адабрана 0,6 млн. дзес. зямлі. Колькасць пазычальнікаў у 1910—14 скарацілася са 134 тыс. да 64 тыс. чалавек. С.б. ліквідаваны дэкрэтам Сав. ўрада ад 8.12.1917, а яго землі нацыяналізаваны ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі ад 9.11.1917.

Літ.:

Вдовин В.А. Крестьянский поземельный банк (1883—1895 гг.). М., 1959.

В.​М.​Сяховіч.

т. 15, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін лёгкай прамысловасці па перапрацоўцы расл., жывёльных, хім. валокнаў на тканіну, ніткі, трыкатаж і інш. вырабы. Уключае баваўняную прамысловасць, ільняную прамысловасць, шарсцяную прамысловасць, шаўковую прамысловасць, трыкатажную, таксама вытв-сць нятканых матэрыялаў, стужачных вырабаў. Вырабы Т.п. выкарыстоўваюцца для адзення і абутку, у мэблевай, маш.-буд. прам-сці.

На Беларусі прадпрыемствы Т.п. ўзніклі ў 18 ст.: крычаўскія мануфактуры (парусінавыя), Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, мануфактуры ў Добрушы (палатняная), Нясвіжы і Паласне (шарсцяныя), Шклове (шаўковая). Тэкст. прадукцыю выраблялі гродзенскія каралеўскія мануфактуры. На пач. 20 ст. выпускалася пераважна льняная пража ў Віцебску, мяст. Высачаны (гл. Высачанская лёнапрадзільная фабрыка), шарсцяныя тканіны выраблялі Парэцкая суконная фабрыка, ружанскія суконныя прадпрыемствы і інш. У 1913 выпуск прадукцыі Т.п. склаў 4,8% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, у 1940 ён вырас у 4 разы, выпрацоўка тканін на душу насельніцтва павялічылася ў 10,8 раза. Пасля Вял. Айч. вайны арганізавана вытв-сць камвольных тканін (Мінскі камвольны камбінат), дывановых (Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты), стужачных і гардзінна-цюлевых вырабаў (Магілёў), нятканых матэрыялаў (Віцебск); пабудаваны прадпрыемствы па вытв-сці верхняга трыкатажу (Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Мінская трыкатажная фабрыка, Брэсцкая ф-ка верхняга трыкатажу), баваўняных (Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне) і шаўковых тканін (Гродна, Слонім). У Т.п. (2001) каля 200 прадпрыемстваў і вытв-сцей, на якіх занята 131,4 тыс. чалавек. Выраблена (у млн. м²) тканіны ўсіх відаў 249,2, у т. л. баваўнянай 57,5, ільняной 25,3, шарсцяной 6,5, шаўковай 54,6; трыкатажных вырабаў 45,9 млн. шт. У свеце Т.п. найб. развіта ў Кітаі, Расіі, ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУШЭ́ННЕ, сугестыя (лац. suggestio),

1) працэс уздзеяння на псіхічную сферу чалавека. Праяўляецца ў некрытычным засваенні аб’ектам У. (сугерэндам) унушальнага зместу з боку індывіда ці групы (сугестара). Характарызуецца зніжэннем свядомасці сугерэнда пры ўспрыманні пэўнай інфармацыі, адсутнасцю яе разумення, лагічнага аналізу і ацэнкі ў суадносінах з вопытам. Зместу свядомасці, атрыманаму шляхам У., уласцівы назойлівы характар; ён не паддаецца асэнсаванню, карэкцыі і ўяўляе сабой сукупнасць выкліканых установак. У. ажыццяўляецца ў выглядзе гетэрасугестыі (уздзеяння з боку) і аўтасугестыі (самаўнушэння). Сугерэндам бывае асобны чалавек ці група, сац. слой (феномен масавага У.). У. дасягаецца вербальнымі (словы, інтанацыі) і невербальнымі (міміка, жэсты, пэўныя дзеянні і інш.) сродкамі. Паводле метадаў рэалізацыі вылучаюць прамое наўмыснае (характарызуецца выкарыстаннем спец. слоўных формул, якія ўкараняюцца ў псіхічную сферу сугерэнда і становяцца актыўнымі элементамі яго свядомасці і паводзін), ускоснае наўмыснае і ненаўмыснае У. (характарызуецца схаваным характарам унушальнай інфармацыі і неўсвядомленасцю яе засваення). Адрозніваюць таксама У. ў стане гіпнозу, няспання, натуральнага сну, постгіпнатычнае. Выкарыстоўваюць у медыцыне для карэкцыі псіхічнага і саматычнага стану хворага, у педагогіцы ў працэсе навучання (сугестапедыя), эксперым. псіхалогіі і інш. 2) У псіхатэрапіі — мэтанакіраванае псіхічнае ўздзеянне ўрача на хворага з лячэбнымі мэтамі. Шляхам У. выклікаюцца пэўныя адчуванні, уяўленні, эмацыянальныя станы, аказваецца ўздзеянне на вегетатыўныя функцыі без актыўнага ўдзелу хворага. Адрозніваюць У. вербальнае (славеснае), гіпнатычнае (гл. Гіпноз), зрокавае, ускоснае, постгіпнатычнае. Пры У. ў кары галаўнога мозга хворага развіваецца частковае тармажэнне, але застаюцца актыўнымі асобныя вобласці, праз якія ажыццяўляецца У. хвораму. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неўрозаў, алкагалізму, наркаманіі і інш. Аб’ектам У. можа быць як асобны чалавек, так і групы, сац. слаі (масавыя У.).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1621.

Адбылася ў вер.—кастр. 1621 каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскамі Рэчы Паспалітай з аднаго боку, Турцыі і Крымскага ханства — з другога. Вайну пачала ў 1620 Турцыя з мэтай захопу ўкр. і польск. зямель. У вер.-кастр. 1620 туркі разбілі пад Цацорай польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкр. рэестравыя казакі. Вясной 1621 тур. войска (каля 150 тыс. чал.) накіравалася ў Малдову, да яго далучылася каля 60 тыс. крымскіх татар. Насустрач ім рушыла аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ (каля 30 тыс. чал., у т. л. з ВКЛ каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча (гл. ў арт. Хадкевічы). У вер. 1621 Хадкевіч размясціў сваю армію ўмацаваным лагерам каля закінутага Хацінскага замка такім чынам, каб Днестр адрэзаў шляхі да адступлення. Да яго далучыліся ўкр. казакі (каля 40 тыс. чал.) пад камандаваннем гетмана П.​Канашэвіча-Сагайдачнага. 2.9.1621 пад Хацін падышла тур. армія на чале з султанам Асманам II і адразу атакавала лагер. Штурмы паўтараліся на працягу месяца, найб. значныя адбыліся 2, 4, 7, 15, 28 верасня. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. 24.9.1621 Хадкевіч памёр. Перад смерцю камандаванне войскам ён перадаў С.​Любамірскаму. У баях, якія доўжыліся да 3.10.1621, туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тыс. чал.) і былі вымушаны прызнаць паражэнне. 9.10.1621 заключаны мір, які ўстанавіў граніцу па Днястры і гарантаваў Рэчы Паспалітай бяспеку ад турэцкіх і татарскіх нападаў.

Літ.:

Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў.: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.

В.​С.​Пазднякоў.

Хацінская бітва 1621. Гравюра.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛЬНА-ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Асноўным нарматыўным актам у сістэме крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 16.7.1999. Ён замяніў КПК 1960 і стаў часткай судова-прававой рэформы, якая праводзілася ў краіне ў 1990-я г. Дзейны КПК грунтуецца на прынцыпах законнасці, прэзумпцыі невінаватасці, забеспячэння правоў і свабод грамадзян, ажыццяўлення правасуддзя толькі судом і на аснове спаборніцтва бакоў і інш. У ім пашыраны кола ўдзельнікаў працэсу і іх правы, праведзена дыферэнцыяцыя працэсуальнай формы папярэдняга расследавання і судовага разбору, па многіх пазіцыях ураўнаваны правы і абавязкі бакоў у працэсе. Па сутнасці цалкам замацоўваецца новы тып крымін. працэсу, пабудаванага на пачатках спаборніцтва, непарушнасці канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, дакладным размежаванні функцый абвінавачання, абароны і вырашэння справы. У структурных адносінах кодэкс складаецца з трох частак.

У 1-й частцы «Агульныя палажэнні» вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін.-працэсуальнага заканадаўства ў часе і прасторы, кола ўдзельнікаў крымін. працэсу, іх прававы статус, патрабаванні да доказаў, меры працэсуальнага прымусу, парадак заяў і вырашэння хадайніцтваў і скаргаў. 2-я частка «Узбуджэнне справы» рэгламентуе парадак узбуджэння і папярэдняга расследавання крымін. справы, правядзення асобных следчых дзеянняў (допыт, вобыск, агляд і г.д.). У 3-й частцы «Судаводства» рэгламентавана працэдура разгляду і вырашэння крымін. спраў у судзе першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый, а таксама пры праве па крымін. справах па новаадкрытых падставах. У ёй замацоўваюцца асаблівасці разгляду крымін. спраў прыватнага абвінавачання, злачынствах, здзейсненых асобамі ва ўзросце да 18 гадоў і інш.

Літ.:

Кукреш Л.И. Уголовный процесс. Особенная часть. Мн., 2000;

Борико С.В. Уголовный процесс. Мн., 2002.

М.​А.​Савановіч.

т. 18, кн. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖАЛЬНАСЦЬ.

Адной з прычын натуральнай страты насельніцтва Беларусі, якая адбываецца з сярэдзіны 1990-х г., з’яўляецца рэзкае зніжэнне нараджальнасці. У пач. 1950-х г. адзначалася павелічэнне нараджальнасці, што было вынікам уз’яднання сем’яў пасля вайны і некаторага павышэння жыццёвага ўзроўню. З 1960-х г. пачалося яе зніжэнне, пераважна з-за таго, што ў дзетародны перыяд уступілі жанчыны, што нарадзіліся ў гады вайны. У 1959—70 нараджальнасць паменшылася з 91‰ да 61,3‰ (гл. табл. 10). З 1965 тэмпы скарачэння паказчыкаў агульнай нараджальнасці знізіліся, бо ў актыўны дзетародны ўзрост пачалі ўступаць народжаныя ў пасляваенны перыяд жанчыны. У пач. 1980-х г. адзначыўся рост нараджальнасці, выкліканы і асаблівасцямі ўзроставай структуры, і шэрагам мер, прынятых урадам краіны, накіраваных на падтрымку сем’яў з дзецьмі. З канца 1980-х г. пачаўся новы спад нараджальнасці, які працягваецца і ў наш час. Ён характэрны для ўсіх сац. груп, абласцей і раёнаў Беларусі.

Зніжэнне паказчыкаў нараджальнасці паводле ўзросту ў пасляваенны час было нераўнамернае. Адбывалася зніжэнне нараджальнасці ва ўзроставых групах 25—29 гадоў і 30—34 гады, і чым старэйшай была ўзроставая група, тым вышэйшыя былі тэмпы зніжэння нараджальнасці. У 1960-я г. максімум нараджальнасці перайшоў з групы 25—29 гадоў у групу 20—24 гады, што характэрна і для нашага часу (гл. табл. 10). Павелічэнне нараджальнасці ў малодшых узроставых групах — вынік больш ранніх шлюбаў. Шлюбныя пары не адкладвалі нараджэнне першага дзіцяці надоўга, другое ж дзіця ў сям’і з’яўлялася больш рэдка. У 2002 з усіх народжаных у краіне 58,2% былі першынцы ў сям’і, 31,7% — другія дзеці, 6,8% — трэція, 3,3% — дзеці ўсіх астатніх чарговасцей. 80% усіх дзяцей нараджаюць маці да 30 гадоў. Дзеці нараджаюцца пераважна ў шлюбе. Узровень шлюбнай нараджальнасці ў значнай ступені вызначае велічыню нараджальнасці ў краіне. Самы высокі ён у групе да 20 гадоў. З узростам паказчык зніжаецца: у групе 20—24 гады ён ніжэйшы ў 2 разы, у групе 25—29 гадоў у 4 разы ніжэйшы, чым у групе да 20 гадоў. Тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці характэрна і для іншых узроставых груп. Калі ў 1950-я г. ў сярэднім на адну жанчыну прыпадала па 2,8 дзіцяці, то ў канцы 1960-х г. — 2,3 дзіцяці. З канца 1970-х г. паказчык сумарнай нараджальнасці апусціўся ніжэй за простае ўзнаўленне. У 1990-я г. гэты паказчык стаў у 2 разы ніжэйшы за неабходны для простага ўзнаўлення насельніцтва. У 2002 нарадзілася на 53,5 тыс. чал. менш, чым у 1990, і на 4,3 тыс. чал. менш, чым у 1999. Пры тым зніжэнне нараджальнасці адбываецца на фоне дадатнай дынамікі колькасці жанчын рэпрадуктыўных узростаў. Калі з 1990 па 1999 колькасць жанчын у найб. актыўных дзетародных узростах (20—29 гадоў) зменшылася на 823,2 тыс. чал., то за 4 гады (з 1999 да 2003) яна вырасла на 17,2 тыс. чал. Аднак колькасць народжаных павялічылася толькі ў 1998—2000, а потым зноў знізілася. Рэзкі спад нараджальнасці ў 1990-я г., абумоўлены ўступленнем у актыўны дзетародны ўзрост (20—29 гадоў) другога пакалення «дзяцей вайны», таксама адлюстроўвае адэкватную рэакцыю насельніцтва на зніжэнне ўзроўню жыцця і фарміраванне ў моладзі рэпрадукцыйных паводзін новага тыпу. У наш час сумарны каэфіцыент нараджальнасці дасягнуў самага нізкага за пасляваенны перыяд узроўню — 1,2 дзіцяці на 1 жанчыну. Узровень нараджальнасці сельскага насельніцтва 1,6 дзіцяці, гарадскога — 1,1 дзіцяці на 1 жанчыну. Павялічваецца і сярэдні ўзрост маці (у 1993—24,6 гады, у 1999—25,4, у 2003—25,9 года), што характэрна для большасці развітых краін (у Германіі сярэдні ўзрост маці 28,9 года, у Францыі — 28,7, у Вялікабрытаніі — 28,1 года).

У краіне адзначаецца рост пазашлюбнай нараджальнасці. У наш час амаль кожнае пятае дзіця нараджаецца ў жанчын, якія не зарэгістравалі шлюб (для параўнання ў Швецыі доля пазашлюбных нараджэнняў складае 53%, у Нарвегіі — 48%, у Даніі — 47%, у Францыі — 35%, у Вялікабрытаніі — 34%). На Беларусі найвышэйшая доля нараджэнняў па-за шлюбам адзначаецца ва ўзроставых групах маці, маладзейшых за 20 гадоў, і 35—39 гадоў. У 1999 кожнае пятае дзіця, якое нарадзілася на вёсцы, было пазашлюбным. У абсалютным выражэнні амаль 64% пазашлюбных нараджэнняў у краіне прыпадае на горад.


Табліца 10
Паўзроставыя каэфіцыенты нараджальнасці
Гады Колькасць народжаных на 1000 жанчын адпаведнага ўзросту СКН*
15-49 да 20 20—24 25—29 30—34 35—39 40-44 45—49
1958—1959
Усяго 91 16,2 146,8 177,6 120,5 71,1 22,6 4,2 2,764
Горад 76,6 13,3 122,1 148,4 94 48,9 12,1 1,5 2,154
Вёска 98,9 17,6 162,8 194 136,8 83,7 27,8 5,2 3,100
1969—1970
Усяго 61,3 19,6 161,6 134,5 87,1 43,2 12,3 1,3 2,331
Горад 60,4 19,4 145,8 120,7 76 32,5 7,7 0,7 2,027
Вёска 62,3 19,8 192,9 152,3 99,6 51,6 15,8 1,7 2,736
1978—1979
Усяго 60,8 30,4 171,1 117,5 60,9 23,4 6,3 0,4 2,052
Горад 62 27,2 154,2 110,1 55,9 18,1 4,3 0,2 1,835
Вёска 58,6 36,7 219,5 139,5 73,6 31,9 8,8 0,6 2,629
1989
Усяго 62,1 39,9 181,6 109,4 50,2 18,2 4,3 0,2 2,026
Горад 59,0 34,2 167,8 107,3 48,1 16,2 3,6 0,1 1,885
Веска 72,1 58,7 225,1 116,7 57,7 25,7 6,8 0,3 2,520
1999
Усяго 35,3 29,6 110,6 73,8 33,4 10,3 2,0 0,1 1,308
Горад 32,3 24,8 101,5 70,3 31,5 9,4 1,7 0,1 1,200
Вёска 45,6 47,5 143,6 85,0 39,3 13,8 3,4 0,2 1,719
2002
Усяго 33,3 23,5 96,6 73,1 37,1 11,7 2,1 0,1 1,222
Горад 31,2 19,6 87,0 70,5 36,8 11,0 1,9 0,1 1,132
Вёска 40,8 37,0 139,1 82,3 37,9 14,0 2,8 0,2 1,607

* СКН — сумарны каэфіцыент нараджальнасці, які паказвае сярэднюю колькасць дзяцей, якіх можа нарадзіць жанчына за ўсё жыццё пры ўмове захавання ўзроўню паўзроставай нараджальнасці разліковага перыяду.

Дынаміка агульнага, натуральнага і міграцыйнага прыросту насельніцтва.

т. 18, кн. 2, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41

Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.​М.​Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.​Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.​Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.

17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр. Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».

28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр. СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.

10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр. БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр. БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл. БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.​І.​Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.​Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.

Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.​А.​Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах. сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.​Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.​Канарысам 31.5.1941.

Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.

Літ.:

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;

«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;

СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;

Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;

Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)