СТО́ЛІНСКІ РАЁН Размешчаны на ПдУ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 19.1.1961). Пл. 3,4 тыс.км². Нас. 87,6 тыс.чал. (2002),
гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Столін. Уключае г.Давыд-Гарадок, р.п.Рэчыца, 95 сельскіх нас. пунктаў, Давыд-Гарадоцкі гар. Савет, Рэчыцкі пасялковы Савет, 18 сельсаветаў: Альшанскі, Белавушскі, Беражноўскі, Веляміцкі, Відзіборскі, Вялікамалешаўскі, Гараднянскі, Глінкаўскі, Лядзецкі, Манькавіцкі, Плотніцкі, Радчыцкі, Рамельскі, Рубельскі, Рухчанскі, Стружскі, Фядорскі, Харомскі. Тэр. раёна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, большая ч. яе забруджана радыенуклідамі да 5 Кі, на асобных участках да 15 Кі.
Раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня плоская, забалочаная, з участкамі градава-ўзгорыстага, дзюннага рэльефу і астанцамі надпоймавых тэрас. Пераважаюць выш. 130—140 м (80%), найвыш. пункт 168 м (каля в. Гарадная). Агульны нахіл паверхні з ПдЗ на ПнУ. Карысныя выкапні: торф, буд. і кварцавыя пяскі, тугаплаўкія і легкаплаўкія гліны (радовішчы Глінка, Столінскія Хутары) суглінкі, гаручыя сланцы (ч. Тураўскага радовішча гаручых сланцаў), буры вугаль. Сярэдняя т-растудз. -5,4 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 547 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой (Львой). Воз.Вял. Засамінае; вадасх. Дубянецкае і Марочна. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: поймавыя забалочаныя (36,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,6%), тарфяна-балотныя (20%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,7%), дзярнова-падзолістыя (11,3%). Пад лесам 38,4% тэрыторыі. Лясы хваёвыя. чорнаальховыя, дубовыя, бярозавыя, ясянёвыя, грабавыя і інш.; каля 19% з іх штучнага насаджэння. Найб. адметныя масівы Беражноўская і Сцесінская лясныя дачы. Пад балотамі 21,7% плошчы. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Альманскія балоты і Сярэдняя Прыпяць; мясц. значэння: ландшафтны Рухчанскі, біял. Церабяжова-Каладнянскі, гідралагічны Ястрабель (частка), бат. мікразаказнік Столінскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк Манькавічы (гл.Столінская сядзіба «Манькавічы») і піхты каўказскія на паўн.-ўсх. ускраіне г. Столін; мясц. значэння: парк Новаберажное каля в Беражное, парк і дуб чарэшчаты ў в. Ніжні Церабяжоў.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 114 тыс.га. з іх асушаных 51,6 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 28 калгасаў, с.-г. прадпрыемства «Манькавічы», 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы, лёну, цукровых буракоў, зялёнага гарошку, садаводстве.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), металаапр. (плугі для трактароў, ванны гальванічныя і інш.), дрэваапрацоўчай (кухонная мэбля, сталярныя вырабы), харч. (масла жывёльнае, сыры, кансервы плодаагароднінныя, сокі, хлебабулачныя вырабы і інш.), кааператыўнай (каўбасныя вырабы), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; эл.-мех.з-д (электрараспальванне для з-даў газавай апаратуры, эл. пледы награвальныя, грэлкі, настольныя лямпы, шашлычніцы), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Лунінец—Сарны, аўтадарогі Пінск—Жыткавічы, Дубровіца (Украіна)—Жыткавічы. У раёне 1 гімназія, 34 сярэднія, 14 базавых, 8 пачатковых школ, 4 спарт., 4 муз. школы, 1 школа мастацтваў, 2 дамы дзіцячай творчасці, 3 вучэбна-вытворчыя камбінаты, ПТВ, Столінскі аграрна-эканамічны каледж, 24 дашкольныя ўстановы, 62 дамы культуры і клубы, 8 бальніц, скурна-венералагічны дыспансер, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 10 амбулаторый, 41 фельч.-ак. пункт. Музеі: Столінскі краязнаўчы музей, нар.этнагр. (в. Цераблічы), нар. славы (р.п. Рэчыца). Помнікі архітэктуры: цэрквы Васкрасенская (1817) у в. Альгомель, Успенская (1888) у в. Альпень, Троіцкая (1905) у в. Белавуша, Параскевы Пятніцы (пабудавана каля 1884 на падмурку царквы 18 ст., перабудавана ў 20 ст.) у в. Беражное, Ільінская (1881) у в. Велямічы, Троіцкая (пабудавана ў 18 ст., перабудавана ў 1930-я г.) у в. Гарадная, Раства Багародзіцы (1718—20) у в. Дубенец, Пакроўская (1875) у в. Плотніца, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Радчыцк, Міхайлаўская (18 ст.) у в. Рамель, Міхайлаўская (1796) у в. Рубель, Раства Багародзіцы (1730) у в. Рухча 1-я, Пакроўская (канец 19 ст.) у в. Стахава. Гіст. помнік — цэнтр ганчарнага рамяства ў в. Гарадная (гл.Гараднянская кераміка). Выдаецца газ. «Навіны Палесся».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫЧНАСЦЬ МАТЭРЫЯЛАЎ І АПРАЦОЎКА ІХ ЦІСКАМ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне пачаліся на Беларусі ў 1948 пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Распрацаваны фізіка-хім. тэорыя пластычнасці і матэм. метады даследавання пластычнасці металаў пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. У 1956—70 даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам В.П.Севярдэнкі. Распрацаваны метад ліній слізгання ў дастасаванні да працэсаў коўкі і гарачай аб’ёмнай штампоўкі; аналітычны метад рашэння плоскіх задач тэорыі пластычнасці, набліжаныя метады разліку для аналізу напружана-дэфармаванага стану ва ўмовах складанага нагружэння і тэорыя пераходных абласцей (Я.М.Макушок, А.С.Матусевіч, В.П.Севярдэнка, У.М.Сягал). Пабудова палёў ліній слізгання ў пераходных абласцях, як працяг поля ачага дэфармацыі, дала магчымасць вызначаць размеркаванне напружанняў у іх межах, у т. л. з улікам кантактнага трэння (Я.М.Макушок). Даследаваны ўплыў ультрагукавых ваганняў на працэс пластычнага цячэння металаў. Распрацаваны тэарэт. палажэнні аб мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання ультрагукавых ваганняў для інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі ціскам (У.У.Клубовіч, В.П.Севярдэнка, А.В.Сцепаненка), а таксама набліжаныя метады аналітычнага рашэння прыкладных задач: узбурэння палёў ліній слізгання; выкарыстання асімптатычных рашэнняў; лінеарызацыя ўмоў пластычнасці; метады аналізу напружана-дэфармаванага стану ў пераходных абласцях і на кантакце цвёрдага і пластычнага цел; метады канечных элементаў, муаравых палос (Т.В.Каліноўская, Я.М.Макушок, У.М.Сягал). Прапанаваны: эфектыўны спосаб гарачага выціскання з выкарыстаннем квазівадкіх асяроддзяў — гарачае гідрадынамічнае выцісканне (У.Р.Канцін, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў), працэсы дакладнай аб’ёмнай штампоўкі дэталей складанай формы ў штампах з раздымнымі матрыцамі (М.І.Калачоў, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў, В.А.Ціманюк). Развіты ўяўленні аб дэфармацыйным умацаванні металаў. Паказана магчымасць выкарыстання эфекту ўмацавання, звязанага са схемай напружанага стану, для павышэння канстр. трываласці і эксплуатацыйных якасцей вырабаў, што атрымліваюцца апрацоўкай ціскам (М.І.Калачоў). Развіваецца тэорыя папярочнаклінавой пракаткі і працэсы атрымання гэтым метадам вырабаў з падоўжанай воссю тыпу ступеньчатых валоў (Р.В.Андрэеў, В.А.Клушын, Я.М.Макушок, У.І.Садко, В.Я.Шчукін).
З сярэдзіны 1980-х г. пад кіраўніцтвам А.В.Сцепаненкі фарміруецца навук. школа па даследаванні і распрацоўцы новых працэсаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Упершыню распрацаваны працэс атрымання малаліставых рысор з адначасовай пракаткай двух канцоў загатоўкі для надання ёй парабалічнага профілю (У.А.Кароль, А.В.Сцепаненка). Праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні мех. паводзін парашковых матэрыялаў, прааналізавана кантактнае ўзаемадзеянне часцінак сыпкага асяроддзя і кантынуальных уяўленняў рэалогіі неабарачальна сціснутых асяроддзяў (Л.А.Ісаевіч, А.В.Сцепаненка, В.Я.Харлан). Пад кіраўніцтвам У.У.Клубовіча далей развіты тэарэт. і прыкладныя распрацоўкі ў галіне ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў (В.В.Арцём’еў, В.В.Рубанік, А.В.Сцепаненка). Развіваецца новы навук. кірунак — самаарганізацыя нестацыянарных дэфармацыйных працэсаў (Я.М.Макушок), абгрунтавана мэтазгоднасць прафілявання рабочых паверхняў інструменту для халоднай аб’ёмнай штампоўкі стальных вырабаў з улікам геаметрыі межаў ачагоў дэфармацыі ідэальна пластычнага цела (А.В.Аліфанаў). Распрацавана мадэль прасавання дыскрэтных (парашковых, грануляваных) цел, якая дазваляе ажыццяўляць аналіз напружана-дэфармаванага стану з улікам уплыву міжчасцінкавага і знешняга трэння, вызначаць мяжу і форму ачага пластычнай дэфармацыі, улічваць асаблівасці ўплыву камбінаваных нагрузак і спякання (А.В.Аліфанаў, Я.М.Макушок). Пад кіраўніцтвам В.М.Чачына развіта імпульсная апрацоўка ліставых матэрыялаў (магнітна-імпульсная, гідраўдарная, электрагідраімпульснае дэфармаванне металаў і сплаваў; А.Ю.Жураўскі, Г.М.Здор, Ю.І.Крыванос, А.Л.Скрыпнічэнка, Г.К.Сядзяка, У.Л.Шадуя).
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл.Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.А.Лорэнц, А.Пуанкарэ, А.Эйнштэйн, Г.Мінкоўскі.
У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец.адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v ≪ c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v2/c2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе цела масы m ад скорасці руху v:
,
, адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.
На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.
Літ.:
Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;
Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ.М., 1963;
Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;
Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т. л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т. л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),
сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч.аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.
Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.А.Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.Ч.Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.А.Захар’ін, А.А.Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.
На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук.мед.-біял. думку (гл.Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л.Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд.мед.навук.Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.А.Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.У.Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г.навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж.навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш.біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П.). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКАБУДАВА́ННЕ,
найважнейшая галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, прадпрыемствы якой выпускаюць метала- і дрэваапр. станкі, аўтам. і паўаўтам. лініі, комплексы для вытв-сці машын і вырабаў з металу, кавальска-прэсавае і ліцейнае абсталяванне. Узровень развіцця С. вызначае навукова-тэхн. прагрэс у розных галінах прамысловасці, ступень тэхн. і эканам. незалежнасці краіны.
Выраб простых станкоў вядомы з даўніх часоў. Больш дасканалыя металарэзныя станкі з’явіліся з развіццём капіталіст. вытв-сці і прамысл. прадпрыемстваў заводскага тыпу. Уклад у С. зрабіў рус. механік і вынаходнік А.К.Нартаў (1693—1756): пабудаваў (1738) першы такарна-вінтарэзны станок з механізаваным супартам і наборам зубчастых колаў, разам з інш. майстрамі сканструяваў шэраг металарэзных станкоў (для свідравання ствалоў гармат, агрэгатных), якія ва ўмовах феад. Расіі не атрымалі шырокага выкарыстання. Спрыяльныя ўмовы для развіцця С. склаліся ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі. Англ. механік Г.Модслі ў 1790-х г. стварыў станок з мех. супартам. Перанесены з такарнага на інш. металарэзныя станкі, супарт даў пачатак станкам з развітым выканаўчым механізмам. Пазней асн. тыпы металарэзных станкоў сканструяваны ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. Так, у 1820—30-х г. Э.Уітні (ЗША) распрацаваў некалькі канструкцый фрэзерных станкоў. Да 2-й пал. 19 ст. распрацаваны мадэлі фрэзерных, рэвальверных, стругальных, даўбёжных і інш. станкоў. У 1-й пал. 19 ст. вядучая роля ў сусв. С. належала Вялікабрытаніі, у 2-й пал. — ЗША. У Расіі першыя прадпрыемствы па вытв-сці металаапрацоўчых станкоў — з-д Берда ў Пецярбургу (1790), Тульскі зброевы з-д (з 1815). Выпуск металарэзных станкоў у 1913 склаў 1,8 тыс. штук. У СССР як самаст. галіна С. ўтворана ў 1929. Выпуск металарэзных станкоў у 1940 павялічыўся ў параўнанні з 1913 у 32 разы. Магутная база С. створана ў пасляваенныя гады. Выпускаліся універсальныя і спец. станкі каля 3 тыс. тыпапамераў, у т. л. унікальныя (напр., такарныя для апрацоўкі вырабаў дыям. да 5 м, гарызантальна-расточныя з дыям. шпіндэля да 320 мм, станкі з лікава-праграмным кіраваннем). У 1981 выпушчаны 832 камплекты аўтам. і паўаўтам. ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі. У сусв. С. на пач. 21 ст. аб’ём вытв-сці павялічваецца, кошт прадукцыі складае больш за 35 млрд. долараў. Лідзіруючае становішча ўстойліва займаюць ЗША, Германія, Італія, Японія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Францыя. Найбуйнейшым спажыўцом металарэзнага абсталявання галіны застаюцца ЗША (каля 20% сусв. аб’ёму).
На Беларусі С. развіваецца з 1920-х г., калі на мінскім металаапр. з-дзе «Энергія» (з 1961 станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі) выпушчаны першыя 10 такарных станкоў (1927). У 1940 працавала 5 станкабуд. з-даў (у Мінску, Віцебску, Гомелі), выпушчана 6 тыс. станкоў. Пасля вайны адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя станкабуд. з-ды, даваенны ўзровень вытв-сці станкоў перасягнуты ў 1952. Асвоены выпуск: працяжных станкоў (1940), адразных круглапільных і папярочна-стругальных (1947), падоўжна-стругальных (1948, гл.Стругальны станок), бясцэнтрава-шліфавальных (1950), агрэгатных станкоў (1957), балансіровачных (1958), падоўжна-фрэзерных (1959), свідравальных станкоў (1960), плоскашліфавальных (1962), абразіўна-адразных (1967), такарных станкоў (верт. такарныя патронныя паўаўтаматы, 1970), даўбёжных станкоў (1973), зубаапрацоўчых станкоў (1973), заточных станкоў (1975), падоўжных фрэзерна-расточных многааперацыйных (1976). Прадпрыемствы С. выпускаюць таксама даводачныя, паліравальныя, расточныя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, шліфавальныя станкі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 1970-х г.бел. станкі экспартаваліся ў 56 замежных краін, у т. л. ў Вялікабрытанію, ЗША, ФРГ, Францыю, Італію, Японію. У 1990 выпушчана 15,3 тыс. металарэзных станкоў і 280 кавальска-прэсавых машын, у 1995 адпаведна 3,4 тыс. і 230, у 2000—5,5 тыс. і 180. С. рэспублікі вырашае праблему ўзнаўлення вытв. фондаў ва ўмовах жорсткай рыначнай канкурэнцыі. У 1990-я г. станкабуд. прам-сцю створана і асвоена ў вытв-сці больш за 60 базавых мадэлей металарэзнага і кавальска-прэсавага абсталявання, у т. л. чатырохкаардынатны свідравальна-фрэзерна-расточны станок з лікавым праграмным кіраваннем (ЛПК) тыпу «апрацоўчы цэнтр», паўаўтамат для заточкі чарвячных фрэзаў з ЛПК (тыпу CNC), агрэгатны станок для апрацоўкі буйнагабарытных дэталей, рэзьба- і зубашліфавальныя, зубааддзелачныя станкі з прыладамі лічбавай індыкацыі, прэсавае абсталяванне з адытыўнай сістэмай кіравання і інш.Гл. таксама Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Розенфельд Я.С., Клименко К.И. История машиностроения СССР. М., 1961;
Костоусов А.И. Белорусское станкостроение сегодня и завтра // Промышленность Белоруссии. 1971. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНК (англ. tank бак, рэзервуар),
баявая гусенічная браніраваная машына высокай праходнасці і рухомасці; асн. від узбраення танкавых войск. Здольны выяўляць і паражаць розныя цэлі на полі бою, ажыццяўляць манеўры і захоўваць баяздольнасць пры агнявым» дзеянні праціўніка, здзяйсняць мама на вял. адлегласці, пераадольваць перашкоды і загароды. Забяспечваюць войскам магчымасць прарыву абароны праціўніка, развіцця поспеху, арганізацыі трывалай абароны, вядзення высокаманеўраных баявых дзеянняў. Падзяляліся на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т), цяжкія (больш за 40 т). З 1960-х г. Выкарыстоўваецца баявы Т. шматмэтавага прызначэння. Асн. ўзбраенне — гармата калібру 105—152 мм, дапаможнае — 1—3 кулямёты (спараныя, зенітныя), часам таксама агнямёты, рэактыўнае ўзбраенне. Экіпаж 3—4 чал. скорасць 41—70 км/гадз, маса 36—55 т. На ўзбраенні армій шэрагу краін ёсць лёгкія авіятранспартабельныя Т. («амфібіі»).
Асн. элементы канструкцыі Т.: бранявы корпус і вежа (літыя або зварныя). комплекс узбраення (асн. і дапаможная зброя, сістэм кіравання агнём, боепрыпасы і інш.), сілавая ўстаноўка (поршневыя і газатурбінныя рухавікі ўнутр. згарання), сілавая перадача (мех., гідрамех. і электрамех. трансмісіі), хадавы частка, электраабсталяванне (сістэмы энергазабеспячэння і эл. пуску рухавіка, прылады кантрольна-вымяральныя. асвятлення і сігналізацыі), сродкі сувязі (радыёстанцыі), спец. абсталяванне (проціпажарнае, сістэм аховы ад зброі масавага паражэння і маскіроўкі). Для пераадолення водных перашкод (глыб. да 6 м) Т. аснашчаюцца абсталяваннем падводнага ваджэння, вадаходным рухачом.
Першыя праекты Т. прапанаваны ў Расіі (В.Дз.Мендзялееў, А.А.Парахоўшчыкаў. 1911—15), Вялікабрытаніі (Д.Моль, 1912), Аўстра-Венгрыі (Г.Бурштын, 1913). Пабудаваныя ў 1915—16 у Вялікабрытаніі Т. (32 «Марк-І») упершыню выкарыстаны ў верасні 1916 на р. Сома (Пн Францыі) у баі англа-франц. войск з германскімі, «Марк-IV» — у 1917. Т. выпускаліся таксама ў Францыі (з 1916). Германіі (з 1918), ЗША (з канца 1-й сусв. вайны). Браня гэтых Т. ахоўвала ад куль і лёгкіх асколкаў, яны прызначаліся ў асн. для падтрымкі пяхоты і выкарыстоўваліся абмежавана. Сав. Т. пачалі выпускацца ў 1920; у 1931—38 — лёгкія Т-26, БТ, сярэднія Т-28, цяжкія Т-35, танкеткі Т-27, малыя плаваючыя Т-37, Т-38. У 1938—40 створаны Т. з проціснарадным браніраваннем: сярэдні Т-34 (з 76-мм даўгаствольнай гарматай, канструктар М.І.Кошкін і інш.) і цяжкі КВ-1. Удасканалены ў 1943 Т-34-85 стаў лепшым Т. 2-й сусв. вайны. У гады Вял.Айч. вайны ў СССР выпускаліся Т. КВ-ІС (1941), КВ-85 (1943), 1С-1 (1943) і інш. На базе Т. былі створаны самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Германія ў 2-й сусв. вайне выкарыстоўвала Т. лёгкія Т-I, Т-II, сярэднія Т-III (пры нападзе на Польшчу, Францыю, СССР), Т-IV, цяжкія Т-V «Пантэра» і Т-VI «Тыгр» (1943); ЗША — М-4 «Шэрман» (асн. Т. саюзнікаў пасля 1942), М-26. Сярэднія і цяжкія Т. 2-й сусв. вайны былі аднавежавыя, з проціснарадным браніраваннем, узброены гарматамі 50—122 мм. У пасляваен. перыяд Т. канструяваліся з улікам магчымасці іх выкарыстання ва ўмовах ядз. вайны. У 1980-х г. у СССР з’явіліся Т-72Б (найб. пашыраныя ва Узбр. Сілах Беларусі), Т-72БВ, Т-80У, Т-80УД, Т-84. Найб. аптымальныя баявыя і эксплуатацыйна-тэхн. якасці ў танка Т-90 (Расія). Найб. вядомыя Т. зах. краін: «Леапард» 2 (ФРГ. прыняты на ўзбраенне ў 1979), МІ «Абрамс» (ЗША. 1980), «Чэленджэр» (Вялікабрытанія), «Леклерк» (Францыя), «Меркава» (Ізраіль). Асн. іх асаблівасць — істотнае павышэнне жывучасці на полі бою за кошт павелічэння браніравання, зніжэння сілуэта. выкарыстання большых вуглоў нахілу зварных бранявых канструкцый. камбінаванай і разнесенай брані ў корпусе і вежы, сродкаў па лакалізацыі пашкоджанняў. Яны аснашчаны дасканалымі комплексамі ўзбраення, магутнымі рухавікамі. гідрамех. трансмісіяй. Існуюць і бязвежавыя Т. (шведскі STRV-103).
Літ.:
Танки и танковые войска. М., 1970;
Современные танки. М., 1995;
Энциклопедия танков: Полная энцикл. танков мира. 1915—2000 гг. / Сост. Г.Л.Холявский. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti), Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА І ЧАСу фізіцы,
фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.
Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл.Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч. тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл.Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.
Літ.:
Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;
Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;
Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;
Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ.М., 1985;
Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;