КАЗЛО́Ў (Яўген Кузьміч) (н. 2.8.1937, г. Магілёў),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў БПІ (1962). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1997 гал. архітэктар. Асн. работы ў Гомелі: забудова мікрараёнаў Аэрадром (1967—70), № 35 і Крышталь па вул. Ільіча (1975, у сааўт.), № 11 (1978), № 12 (1979), № 17 (1986) у жылым раёне Валатава, комплекс інтэрнатаў з-да «Гомсельмаш» (1977—83, у сааўт.). Праектаваў таксама мікрараёны ў гарадах Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск Гомельскай вобл.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Й,

рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (17.12.1864, С.-Пецярбург — 22.5.1932),

савецкі батанік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1904). Чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Пецярб. ун-т (1888). У 1895—1915 праф. Юр’еўскага (Тартускага), з 1918 Таўрычаскага, з 1921 Ленінградскага ун-таў, адначасова ў 1915—18 дырэктар Нікіцкага бат. сада. З 1922 у Гал. бат. садзе АН СССР. Навук. працы па флоры Каўказа, сістэматыцы і філагеніі кветкавых раслін, геагр. карціраванні СССР. Аўтар поліфілетычнай сістэмы кветкавых раслін.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксеевіч) (н. 14.2.1950, пас. Галіцына Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1998). Скончыў Казанскае вышэйшае танк. каманднае вучылішча (1971), Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1978), Ваен. акадэмію Ген. штаба Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі (1996). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Маскоўскай ваен. акрузе. З 1979 у БВА. З 1996 нач. Гал. ўпраўлення пагран. войск Рэспублікі Беларусь, з 1997 старшыня Дзярж. к-та пагран. войск Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ЖАНО́ЧАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў г. Віцебск. Пабудаваны ў 1902 (арх. А.​Паўлоўскі, П.​Вінаградаў). Мураваны 3-павярховы Е-падобны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам з балконам. Сцены аздоблены рустам, ліштвамі і завершаны прафіляваным карнізам. Планіроўка галерэйная. Цяпер у будынку размешчаны Віцебскі аблвыканком.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​М.​Чарнатаў.

Полацкага епархіяльнага жаночага вучылішча будынак.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕА́Н (Orléans),

горад у цэнтр. частцы Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Луара і гал. горад гіст. вобласці Арлеанэ. 105,5 тыс. ж. (1982). Буйны трансп. вузел. С.-г., эл.-тэхн. машынабудаванне. Харч. цэнтр гароднінна-садавіннага рэгіёна, харчасмакавая (вытв-сць вінаў), тэкст., фармацэўтычная прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. Жанны д’Арк).

У старажытнасці быў гал. горадам (наз. Цэнабум) кельцкага племя карнутаў. У 1 ст. да н.э. разбураны Цэзарам, адноўлены ў 3 ст. рым. імператарам Аўрэліянам (адсюль назва Аўрэліянум, Арлеан). У 6—7 ст. цэнтр Арлеанскага каралеўства. У 12 ст. буйны гандл. цэнтр з частковым самакіраваннем. У 1309 засн. ун-т. У Стогадовую вайну 1337—1453 Арлеан пасля 7-месячнай аблогі англічан у маі 1429 вызвалены франц. войскамі на чале з Жаннай д’Арк. У перыяд рэлігійных войнаў 16 ст. адзін з цэнтраў гугенотаў. У 1560 у Арлеане скліканы Ген. штаты. У 1870 яго двойчы займалі прускія войскі. Горад захаваў аблічча 18 ст., ёсць помнікі архітэктуры 10—18 ст. (гатычны сабор Сент-Круа, з 13 ст.; царква Сент-Эверт; рэнесансавая царква Нотр-Дамдэ-Рэкуўранс, 1513—19; класіцыстычныя, барочныя збудаванні і інш.).

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБЛА́НКА (араб. Дар-эль-Бейда, літар. — белы дом),

горад на З Марока. Адм. ц. прэфектуры Касабланка. Засн. ў 16 ст. 3,1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Атлантычным ак. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр Марока. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (у т. л. аўтазборка і суднабудаванне), харчасмакавая (у т. л. рыбакансервавая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Ун-т. Штогадовыя міжнар. кірмашы.

Вакол старога горада — медыны (16 ст.; магчыма, на месцы стараж. г. Анфа; часткова захаваліся сцены), што прымыкае да порта (докі, 1916, франц. арх. А.​Перэ), паўкругам разросся сучасны горад з няправільнай сеткай вуліц, вял. плошчамі, шматпавярховымі жылымі, канторскімі, культавымі будынкамі, у т. л. царква Сакрэ-Кёр (1930—52, арх. П.​Турнон, П.​Буске), палацавы будынак Махакма-пашы (1941—52, арх. П.​Кадэт; аналагічны ісп.-маўрытанскаму палацу Альгамбра), «Лібертэ» (1950, арх. Л.​Марандзі; выш. 78 м). На гал. плошчы ансамбль ратушы, Палаца суда, т-ра, паштамта, агляднай вежы з гадзіннікам, фантан колерамузыкі. На ўскраіне кварталы 1-павярховай традыц. забудовы з унутр. замкнёнымі дварамі, рынкамі, мячэцямі (Новая медына, Айн-Шок). На ПдЗ — раён віл, пляжаў, на ПнУпрамысл. зона.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР.

Пабудаваны ў 1890 у Мінску паводле праекта арх. К.​Казлоўскага, інж. К.​Увядзенскага і В.​Мандражы; інтэр’еры — арх. В.​Мааса, тэхнал. аснашчэнне сцэны — С.​Цыранкевіча. У архітэктуры будынка — стылізацыя ў стылі барока. Гал. фасад меў цэнтр.-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над аконнымі праёмамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, што стваралі рытм аркатурнага фрыза.

Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтр. ч. вылучана 2-павярховым рызалітам, які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі 1-павярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, 3-ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон. Плафон глядзельнай залы ўпрыгожаны размалёўкамі (арх. Маас) з партрэтамі А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Глінкі. Размалёўкі інтэр’ераў выконвалі маст. Ю.​Рэйнберг, Р.​Веніг, В.​Біцілеў, С.​Лебядзінскі, К.​Ульрых. На партале сцэны — ляпны герб Мінскай губ. У 1949 рэканструкцыя інтэр’ераў выканана паводле праекта арх. Г.​Заборскага. У 1956—58 будынак т-ра рэканструяваны (арх. А.​Духан). На гал. фасадзе надбудаваны бакавыя крылы да 2-га паверха, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. З 1920 у будынку М.г.т. працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

В.​М.​Чарнатаў.

Мінскі гарадскі тэатр.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),

сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.​Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)