ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЯ АБАРО́НА (ППА),

сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППА БВА. У іх склад ўваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец. войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж. мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.

А.​А.​Салаўёў.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,

механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.

У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл. Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),

англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.​Мілесам, У.​Х.​Хантам (зазналі ўплыў М.​Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл. Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.​Тэнісан, А.​Ч.​Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.​Крэйн, Дж.​Ф.​Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.​Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Прэрафаэліты. У.​Х.​Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.
Да арт. Прэрафаэліты. Д.​Г.​Расеці. La Ghirlandata. 1873.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),

бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд. ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел. нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел. нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).

Тв.:

Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;

Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;

Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;

Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РА,

рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.

Вярхоўі ракі Пячора.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.​Я.​Данілава і К.​К.​Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.​А.​Ганчароў, В.​Ф.​Ярмоленка, Л.​А.​Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.​А.​Фядосава), Масткі (М.​С.​Філіпаў) і Лавы (Ф.​Р.​Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.​К.​Мальцаў), Гадзілавічы (І.​В.​Гранкова), Забалацце (В.​К.​Парфёнава), Красніца (А.​І.​Шукевіч), Слабада (А.​А.​Канавалава), Станькаў (У.​Я.​Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.​П.​Лукашэвіч), Церахоўка (У.​Ф.​Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.​А.​Ашмянскі, У.​В.​Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец. тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,

род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.

Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.

Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш. Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.

Літ.:

Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;

Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;

Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.

І.​М.​Нераслаўскі.

Да арт. Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ЎСКІЯ,

расійскі дваранскі род укр. паходжання, прадстаўнікі якога займалі значныя дзярж. і дыпламат. пасады ў 18—1-й пал. 19 ст. Вялі радаслоўную ад укр. казака Рыгора Розума, чыё змененае прозвішча (або мянушка) стала іх родавым прозвішчам. Найб. вядомы: сын Рыгора Розума Аляксей Рыгоравіч Р. (28.3.1709, с. Лемяшы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.7.1771), граф.(1744), ген.-фельдмаршал (1756). З 1731 пеўчы прыдворнай укр. капэлы. Фаварыт, з 1742 таемна вянчаны муж імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Адстойваў ва ўрадзе Расіі інтарэсы ўкр. казацкай старшыны, спрыяў аднаўленню гетманства на Левабярэжнай Украіне. З 1762 у адстаўцы. Яго брат Кірыла Рыгоравіч Р. (29.3.1728, нарадзіўся там жа — 15.1.1803), граф (1744), ген.-фельдмаршал (1764). Апошні гетман Левабярэжнай Украіны (1750—64). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1746—98; у час знаходжання за мяжой у 1766—98 яго замяшчалі дырэктары). У час гетманства абмежаваў у інтарэсах казацкай старшыны сял. пераходы, правёў суд. рэформу 1760—63, заахвочваў развіццё ўкр. культуры. Сын Кірылы Рыгоравіча Р. Аляксей Кірылавіч Р. (23.9.1748, С.-Пецярбург — 17.4.1822), граф. Міністр нар. асветы (1810—16). Яго брат Андрэй Кірылавіч Р. (2.11.1752, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 23.9.1836), князь (1815), дыпламат. З 1777 на дыпламат. службе. Рас. пасол у Аўстрыі (1790—99, 1801—07) і некат. інш. дзяржавах. Адзін з кіраўнікоў (першы ўпаўнаважаны) рас. дэлегацыі на Венскім кангрэсе 1814—15.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЎСІО́ДЖВАННЕ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс перадачы эл.-магн. хваль радыёдыяпазону ў розных асяроддзях. У натуральных умовах адбываецца ў атмасферы і тоўшчы Зямлі, а таксама ў касм. прасторы. Радыёхвалі могуць распаўсюджвацца прамалінейна, агінаць выпуклую паверхню Зямлі, адбівацца ад іанасферы і інш.

У аднародным асяроддзі Р.р. прамалінейнае з пастаяннай для дадзенага асяроддзя скорасцю (свабоднае Р.р.). Блізкім да свабоднага з’яўляецца Р.р. у касм. прасторы. На Р.р. у атмасферы і тоўшчы Зямлі істотна ўплываюць іх электрадынамічныя ўласцівасці, крывізна зямной паверхні і няроўнасці яе рэльефу. Крывізна зямной паверхні і яе няроўнасці абумоўліваюць дыфракцыю радыёхваль, істотную для звышдоўгіх і доўгіх радыёхваль (гл. Радыёчастоты). Уплыў атмасферы абумоўлены наяўнасцю ў яе верхніх слаях плазмы і паглынальных рэчываў, напр., вадзяной пары і кіслароду. Кароткія радыёхвалі мнагакратна адбіваюцца ад іанасферы і могуць дасягаць любога пункта Зямлі. З такім адбіццём радыёхваль звязана таксама заміранне радыёсігналаў, абумоўленае нестацыянарнасцю шчыльнасці эл. зарадаў і іанасферы. Для метровых і дэцыметровых хваль іанасфера практычна празрыстая і яны выкарыстоўваюцца для радыёсувязі з лятальнымі апаратамі па-за межамі іанасферы. На гэтых хвалях выяўлена таксама радыёвыпрамяненне ад пазаземных крыніц (гл. Радыёастраномія).

Літ.:

Долуханов М.П. Распространение радиоволн. 4 изд. М., 1972;

Черный Ф.Б. Распространение радиоволн 2 изд. М., 1972;

Черенкова Е.Л., Чернышев О.В. Распространение радиоволн. М., 1984.

А.​А.​Кураеў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)