МІХА́ЙЛАЎ-ІВАНО́Ў Міхаіл Сільвестравіч (сапр. Семянюк; 3.11.1894, в. Райск Падляскага ваяв., Польшча — 28.9.1931),

удзельнік рэв. руху, сав. гасп. дзеяч. З 1915 працаваў і вёў бальшавіцкую агітацыю на з-дах Петраграда. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля Лют. рэв. 1917 чл. Петраградскіх Савета і к-та РСДРП(б), Цэнтр. савета фабзаўкомаў. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у складзе кіруючага ядра Васілявостраўскага р-на сталіцы. З 1918 адзін з кіраўнікоў СНГ Паўн. р-на Петраграда, чл. СНГ Украіны. З 1920 заг. Петрагубметалу, адзін з арганізатараў сав. трактарабудавання. З 1927 старшыня Ленінградскага маш.-буд. трэста. Са студз. 1931 старшыня Усесаюзнага аўтатрактарнага аб’яднання, чл. Прэзідыума ВСНГ СССР. Чл. ВЦВК. Канд. у чл. ЦК ВКЛ(б) з 1927.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КАР, мукор (Mucor),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.

Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш. Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.​Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.​Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.​Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.​Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСНІ́ЦКІ (Muśnicki) Нікодам (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),

польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.

Даўж. да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).

А.​В.​Дзерункоў.

Мухі сапраўдныя: 1 — муха пакаёвая; 2 — афіра беларотая; 3 — муха палявая жывародная; 4 — гнаявіца чорная.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЯ, таможня,

дзярж. орган, праз які ўводзяцца ў краіну і вывозяцца з яе тэрыторыі імпартныя і экспартныя тавары, а таксама багаж, паштовыя адпраўленні і інш. грузы. У Рэспубліцы Беларусь М. з Дзярж. мытным к-там і інш. мытнымі органамі ўваходзяць у адзіную сістэму дзярж. кіравання. Стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя М. ажыццяўляюцца Дзярж. мытным к-там. Парадак і ўмовы праходжання службы ў М. рэгламентуецца Палажэннем, якое зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, правы і абавязкі службовых асоб М. вызначаны Мытным кодэксам Рэспублікі Беларусь. На тэр. Беларусі дзейнасць М. вядома з часоў ВКЛ, адкуль паходзіць назва «М.» (ад мыта, або цло — пошліны, якую збіралі з купцоў і інш. гандляроў за ўвоз і вываз тавараў ці правоз іх па тэр. краіны). Размяшчалася ў каморы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЛАЕ́ЎСКІ Аляксандр Захар’евіч (24.3.1856—1920),

расійскі ваен. дзеяч і гісторык. Засл. праф. (1905). Ген. ад інфантэрыі (1912). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1877), Акадэмію Генштаба (1884), з 1898 выкладаў у ёй. Адначасова ў 1899—1902 нач. Ваен.-вучонага архіва Гал. штаба. З 1908 нач. Гал. штаба, у сак.—вер. 1909 нач. Генштаба, потым камандзір 2-га Каўк. корпуса. У пач. 1-й сусв. вайны пам. галоўнакаманд. Каўк. арміяй. З 1915 у адстаўцы, на гасп. і інш. пасадах. Са снеж. 1917 старшыня Каўк. ваен.-гіст. камісіі па абагульненні вопыту 1-й сусв. вайны. Аўтар прац па рас. ваен. гісторыі, у т. л. «Паўночная вайна 1708 г. ад р. Улы і Бярэзіны за р. Дняпро» (1901).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НСТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

навучальная ўстанова ў Германіі. Засн. ў 1780 як ун-т. З 1818 Акадэмія філасофіі і тэалогіі, з 1902 ун-т, з 1907 ун-т Мюнстэра. У 1997/98 навуч. г. каля 45 тыс. студэнтаў; ф-ты: каталіцкай тэалогіі, пратэстанцкай тэалогіі, юрыд., філас., гісторыі і філасофіі, эканомікі і сац. навук, мед. (у т. л. стаматалогія), матэматыкі і прыродазнаўчых дысцыплін, псіхалогіі, адукацыі, фізікі, хіміі, біялогіі, фізкультуры, ням. мовы і л-ры, класічных і нееўрап. моў, мастацтва, у т. л. падрыхтоўка настаўнікаў; ф-ты вывучэння Германіі, Вялікабрытаніі і інш. краін. У складзе ун-та ін-ты, б-кі, у т. л. універсітэцкая (больш за 1,5 млн. тамоў) і інстытуцкія (1 млн. 655 тыс. тамоў); мінералагічны, геалагічны, археалагічны музеі.

В.​М.​Навумчык.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛАВЫ.

Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г. Мядзел Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 412 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў калекцыі знаходак з археал. помнікаў раёна, планы маёнткаў, выданні Зах. Беларусі, у т. л. КПЗБ і КСМЗБ, матэрыялы пра нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935, дзейнасць Бел. сял.-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы, стварэнне калгасаў, дзейнасць партызан і падпольшчыкаў у Вял. Айч. вайну, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час, пра славутых землякоў нар. паэта М.Танка, мастака В.П.Шаранговіча, актрысу М.Г.Захарэвіч і інш. У экспазіцыі драўляныя разныя, карункавыя, вязаныя вырабы мясц. майстроў. З 1991 дзейнічае аддзел музея ў школе № 1, прысвечаны бел. паэту У.М.Дубоўку і гісторыі школы.

Н.​М.​Мацюшонак.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)