ВО́ЛГА-ДАНСКІ́ СУДНАХО́ДНЫ КАНА́Л імя У.​І.​Леніна,

у Валгаградскай вобл. Расіі. Злучае р. Волга каля г. Валгаград з р. Дон каля г. Калачна-Доне. Адкрыты ў 1952. Даўж. 101 км, з іх 45 км праходзяць па вадасховішчах. Глыб. не менш за 3,5 м. 13 шлюзаў. Па канале праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁКМІНСКІ СТАНАВІ́К,

сістэма горных хрыбтоў на У Забайкалля, у Чыцінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Складаецца з хрыбтоў Тунгірскага, Муройскага і інш. Даўж. каля 400 км. Выш. да 1908 м (г. Крапоткіна). Складзены ў асноўным з гранітаў. Пераважае рэльеф сярэднягор’я. Схілы (да выш. 1200 м) укрыты лістоўнічнымі лясамі, на вяршынях кедравы сланік, горная тундра, каменныя россыпы.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення алкілу ў малекулу арган. або неарган. злучэння. Ажыццяўляецца з дапамогай каталізатараў, таксама пры высокім ціску і т-ры. Алкіліруючыя рэагенты: галагенавытворныя вуглевадародаў, алкены, эфіры неарган. кіслот, дыазазлучэнні. Дае магчымасць сінтэзаваць больш складаныя злучэнні з пажаданымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца для вытв-сці высокаактанавага паліва, паверхнева-актыўных рэчываў, антыаксідантаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў, лекаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГАЛАГНІ́Я (ад грэч. algos боль + lagneia юр, сладастраснасць),

сексуальнае задавальненне, якое ўзнікае ад прычынення псіхічнага або фіз. болю аднаму з палавых партнёраў. Бывае актыўная, калі боль прычыняецца другому партнёру (садызм, эратычны тыранізм), і пасіўная, якая перажываецца індывідам у сувязі з пакутамі ад дзеянняў палавога партнёра (мазахізм, пакутніцтва, пасівітызм). Характэрна для паталагічных гіперролевых паводзін.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР II (? — 1605),

цар Кахетыі [1574—1605]. Пашырыў гандлі. сувязі з краінамі Еўропы і Азіі, умацоўваў цэнтр. ўладу. Для ўмацавання абароны краіны аднаўляў гарады-крэпасці і манастыры, набываў у Маскве зброю, выпісваў пушкароў і збройнікаў. Шукаючы збліжэння з Расіяй, у 1587 прыняў прысягу на вернасць цару Фёдару Іванавічу. Забіты ўласным сынам Канстанцінам па загадзе іран. шаха Абаса.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Р I, Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644),

другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары I араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІ́СТРАЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

рабочы орган, які ствараецца пры Прэзідэнце. У адпаведнасці з палажэннем і штатным раскладам ажыццяўляе інфармацыйную і арганізацыйна-тэхн. дзейнасць. Адміністрацыя не мае права ўмешвацца ў работу Кабінета Міністраў і дубліраваць яго функцыі. Кіраўнік адміністрацыі прызначаецца Прэзідэнтам, іншыя работнікі — па ўзгадненні з Прэзідэнтам. Свае паўнамоцтвы яна складае перад нававыбраным Прэзідэнтам.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕ́НА (ад грэч. ozō пахну),

хранічны насмарк з атрафіяй слізістай абалонкі носа, утварэннем скарынак з непрыемным пахам, зніжэннем або стратай нюху. Часцей назіраецца ў маладым узросце, развіваецца павольна на працягу многіх гадоў. Суправаджаецца змяненнямі крыві — гіпахромнай анеміяй, лейкапеніяй, павелічэннем САЭ. Лячэнне: антыбіётыкі, фізіятэрапеўтычнае, сімптаматычнае. Прафілактыка накіравана на выяўленне і лячэнне ранніх формаў захворвання.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАКЦІРО́ЎКА [ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)