«МАЛАДА́Я ГВА́РДЫЯ»,

падпольная камсамольска-маладзёжная арг-цыя, якая дзейнічала ў час Вял. Айч. вайны ў акупіраваным ням.-фаш. арміяй г. Краснадон (Луганская вобл., Украіна) у кастр. 1942 — лют. 1943. Аб’ядноўвала каля 100 чал. Мела штаб, які ўзначальвалі камандзір І.​В.​Туркеніч і камісар А.​В.​Кашавой. Маладагвардзейцы выпускалі і распаўсюджвалі лістоўкі, вызвалялі ваеннапалонных, што знаходзіліся ў канцлагеры і ў бальніцы, выратоўвалі краснадонцаў ад гвалтоўнага вывазу на работу ў Германію, удзельнічалі ў канфіскацыі і знішчэнні маёмасці акупантаў, рыхтавалі ўзбр. паўстанне да прыходу Чырв. Арміі і інш. У пач. 1943 акупантам і паліцыі ўдалося раскрыць арг-цыю. Загінула больш за 80 чал., 5 з іх пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Подзвіг герояў патрыятычнага падполля адлюстраваны ў рамане А.А.Фадзеева «Маладая гвардыя».

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),

пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на З да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс. км². Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).

Т.​Каліцкі.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАХО́ЎСКІ Уладзіслаў Юльянавіч (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.​Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г. некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн. т-ва.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),

група астравоў ва ўсх. ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Інданезіі. Пл. 83,7 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25 °C да 27 °C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕ (Marche),

адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс. км². Нас. каля 1,5 млн. чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],

італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),

артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.

Літ.:

Гл. да арт. Артылерыя.

280-міліметровая марціра ўзору 1939 (СССР).

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ (ад франц. marche шэсце, рух наперад) (ваен.), арганізаванае перамяшчэнне войск у паходных калонах на трансп. сродках, баявых машынах або ў пешым парадку, у т. л. на лыжах. Як правіла, праводзіцца скрытна, пераважна ноччу. Пры арганізацыі М. забяспечваюцца: разведка, ахова, абарона ад зброі масавага паражэння, маскіроўка, інжынернае, тэхн. і тылавое забеспячэнне. М. можа праводзіцца на вял. (больш як 1 сутачны пераход) і малыя адлегласці. М.-кідкі — імклівае перамяшчэнне падраздзяленняў на кароткія дыстанцыі — адначасова з’яўляюцца адной з форм фіз. трэніроўкі ваеннаслужачых. Тэрміны «М.-манеўр» і «фарсіраваны М.» выйшлі з ужытку. У сучасных умовах войскі на М. за суткі здольны прайсці: аўтамаб. калоны да 400 км, змешаныя (танкі, аўтамабілі і інш.) — 300 км, пешым парадкам або на лыжах — 30—50 км.

У.​І.​Грынюк.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫЙ Гай (Gaius Marius; каля 157, Цэрэатэ, каля г. Арпіна, Італія — 13.1.86 да н.э.),

палкаводзец і паліт. дзеяч Стараж. Рыма. Займаў найвыш. дзярж. пасады: нар. трыбун (119 да н.э.), прэтар (115 да н.э.), 7 разоў выбраны консулам — 107, 104—101, 86 да н.э. Перамог нумібійцаў у Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.). Ліквідаваў пагрозу нашэсця варварскіх плямён: у 102 да н.э. разбіў тэўтонцаў, у 101 да н.э. — кімвраў. Рэарганізаваў рым. армію (павялічыў набор за кошт добраахвотнікаў, якія не мелі маёмаснага цэнзу); рым. войска пачало рэфармавацца ў прафес. наёмную армію. Адзін з кіраўнікоў рым. арміі ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. супраць італійскіх плямён, якія патрабавалі правоў рым. грамадзянства. Удзельнічаў у грамадз. войнах у Рыме, у т. л. супраць Сулы.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),

руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.​Банерджы, даследавалі Дж.​Маршал, Э.​Макей, М.​Уілер і Дж.​Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)