ВАЛЮ́ТНАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

валютнае права дзяржавы на валютныя аперацыі і ўсю валюту, якая паступае ў краіну. Існавала ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі, была непарыўна звязана з манаполіяй знешняга гандлю. З фарміраваннем рыначнай эканомікі ў гэтых краінах, у т. л. на Беларусі, валютная манаполія ліквідавана, дзейнічаюць толькі валютныя абмежаванні як частка валютнай палітыкі.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,

кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ШЧАНКА (Аляксей Ягоравіч) (каля 1920, в. Воската Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 5.9.1942),

герой Вял. Айч. вайны. Вызначыўся на Сталінградскім фронце. 5.9.1942 аўтаматчык Вашчанка ў крытычны момант бою, калі праціўнік адкрыў кулямётны агонь з замаскіраванага дзота, з воклічам «За Радзіму!» кінуўся на дзот і закрыў сваім целам амбразуру. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Леніна.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАПО́РЫСТЫ БЕТО́Н, беспясчаны бетон,

бетон, які атрымліваюць з сумесі шчыльнага або порыстага жвіру (друзу), вяжучага матэрыялу (пераважна партландцэменту) і вады. Адсутнасць пяску і абмежаваны расход цэменту (да 280 кг/м³) абумоўліваюць буйнапорыстую структуру і невял. шчыльнасць бетону. Буйнапорысты бетон выкарыстоўваюць у асноўным для ўзвядзення вонкавых сцен будынкаў, а з порыстымі запаўняльнікамі — для цеплавой ізаляцыі.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛО́НЬ, Булонь-сюр-Мер (Boulogne-sur-Mer),

горад на Пн Францыі. Засн. стараж. рымлянамі. 96 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Порт у прал. Па-дэ-Кале. Пасажырскія зносіны з Дуўрам і Фолкстанам (Вялікабрытанія). Буйны рыбалавецкі і рыбапрамысл. цэнтр. Суднабудаванне, металаапр., металург., цэм., хім., ільноапрацоўчая, тэкст. прам-сць. Музей. Турызм. Арх. помнікі 12—18 ст.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ ВО́СЛІК (Asellus aquaticus),

від ракападобных з атр. раўнаногіх. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне прэсных стаячых і з павольным цячэннем вадаёмаў Еўропы, за выключэннем Пірэнейскага п-ва.

Даўж. да 20 мм. Корміцца жывымі і адмерлымі воднымі раслінамі, паядае лісце, якое падае ў вадаёмы (за жыццё з’ядае 168 мг). Ачышчае вадаёмы. Вадзянымі вослікамі кормяцца рыбы.

Вадзяны вослік.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (African National Congress; АНК),

палітычная арг-цыя афрыканскага насельніцтва Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1912 з мэтай ліквідацыі рэжыму апартэіду і ўсіх праяў расізму, дэмакр. перабудовы грамадства. У 1961—90 на нелегальным становішчы. У крас. 1994 АНК перамог на парламенцкіх выбарах, а яго лідэр (з 1991) Н.Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБКО́ ((Bobko) Карал) (н. 1937),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію (1959), Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1970). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Быў членам экіпажа падтрымкі па праграме ЭПАС (1975). З П.​Вейцам, С.​Масгрэйвам, Д.​Петэрсанам здзейсніў 4—9.4.1983 палёт на касм. караблі «Спейс Шатл» («Чэленджэр») працягласцю 5 сут. 23 мін.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ТРА́КТАРНЫХ ДЭТА́ЛЯЎ І АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1959 у г. Бабруйск на базе рамонтных майстэрняў. З 1977 у ВА «Мінскі трактарны завод», значна расшыраны. Вырабляе і пастаўляе трактарнаму з-ду вузлы і дэталі для трактароў. Асн. прадукцыя (1995): дыскі счаплення, раздатачныя каробкі, гідраўзмацняльнікі рулявога кіравання, шлангі (высокага ціску і полівінілхларыдныя) і інш.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)