АТАРЭ́Я

[ад грэч. us (otos) вуха + rhoia цячэнне, выцяканне],

гноецячэнне з вуха, сімптом сярэдняга і вонкавага атытаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ САЛІ́Х

(1.6.1908, с. Шардэн, каля г. Мары, Туркменістан — 26.12.1964),

туркменскі паэт. Народны паэт Туркменістана (1939). Заснавальнік жанру байкі ў туркм. л-ры («Леў і лісіца», 1945; «Смех гарбуза», «Шакал і певень», абедзве 1955). Аўтар зб-каў вершаў «Натхненне» (1947), «Лірыка і сатыра» (1957). Асн. тэмы творчасці — калгаснае будаўніцтва, абарона краіны, дружба народаў і інш.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ Канстанты

(каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у тым ліку ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).

Г.І.Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАЦЮ́РК (Ataturk) Мустафа Кемаль

(12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),

дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАШЭ́

(франц. attache літар. прымацаваны),

1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.

2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТБАРА, Бахр-эль-Асуад,

рака ў Эфіопіі і Судане, правы прыток Ніла. Даўж. 1120 км. Пачынаецца з Эфіопскага нагор’я, на Пн ад воз. Тана, цячэ пераважна па Суданскім плато. Гал. прыток Тэкэзэ (справа). У сухі перыяд года ў ніжнім цячэнні перасыхае. У перыяд летніх дажджоў (ліп.ліст.) дасягае Ніла. Сярэднегадавы расход вады 32 м³/с. ГЭС. Каля вусця Атбары — г. Атбара.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТВЕ́РЖЫЧЫ,

бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.У.Кухарэнка і К.В.Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТ,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.

2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЛА́НТ»,

акцыянернае таварыства ў Беларусі. Створана ў 1993 у складзе Мінскага завода халадзільнікаў і Баранавіцкага станкабуд. з-да. Асн. прадукцыя (1995): халадзільнікі і маразільнікі бытавыя, запасныя часткі да іх, кампрэсары і абсталяванне.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТА

(Atlanta),

горад на ПдУ ЗША, каля падножжа Апалачаў. Адм. ц. штата Джорджыя. Засн. ў 1837 як чыг. станцыя. 395 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел на ПдУ ЗША: міжнар. аэрапорт Хартсфілд, 2 чыг. лініі. Гандл.-фінансавы, прамысл. і культ. цэнтр ПдУ краіны. Аўтамаб., авіяц., ракетна-касм., прыладабуд., металаапр. прам-сць. Вытв-сць прамысл. абсталявання, сталі, мэблі; хім., паліграф., лёгкая (тэкстыль), харчасмакавая прам-сць. 4 ун-ты. Музей мастацтваў. Магіла М.Л.Кінга. Месца правядзення летніх Алімпійскіх гульняў 1996.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)