РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні ягобел. маёнткі канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),
князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн.Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн.Васілька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),
адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МУЛ (Romulus),
заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),
французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ДАГАВО́РЫДагавор 1921 аб дружбе і братэрстве,
падпісаны 16 сак. ў Маскве. Паводле яго РСФСР адмовілася ад усіх нераўнапраўных дагавораў і пагадненняў Турцыі з Рас. імперыяй; да Турцыі адыходзілі раёны Карса, Ардахана і Артвіна; Нахічэванская вобл. ператваралася ў аўт. тэрыторыю пад пратэктаратам Азербайджана; бакі абавязаліся не дапускаць знаходжання на сваёй тэрыторыі арг-цый, якія мелі мэтай барацьбу супраць інш. боку. Дагавор меў важнае значэнне для перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23. Дагавор 1925 аб дружбе і нейтралітэце, падпісаны 17 снеж. ў Парыжы. Паводле яго ў выпадку ваен. выступлення супраць аднаго з бакоў адной ці некалькіх трэціх дзяржаў інш. бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт у адносінах да першай. СССР і Турцыя абавязаліся ўстрымлівацца ад усякага нападу на інш. бок і не прымаць удзелу ні ў якім саюзе ці пагадненні, якія накіраваны супраць інш. боку. Дэнансаваны СССР у сак. 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр.рэаліст.т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў ягосцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).
швейцарскі мовазнавец. Вучыўся ў Жэнеўскім (1875), Лейпцыгскім, Берлінскім (1876—80) ун-тах. З 1881 праф. Парыжскага, з 1906 Жэнеўскага ун-таў. Даследаваў паходжанне індаеўрап. вакалізму («Пра першапачатковую сістэму галосных у індаеўрапейскіх мовах», 1879). У працах па літ. акцэнталогіі (1894—96) вызначыў (адначасова з П.Фартунатавым, але незалежна ад яго) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава—дэ Сасюра). Самая значная праца С. — «Курс агульнай лінгвістыкі» (1916); у ёй выкладзены ягонавук. погляды на мову як сістэму знакаў; прапанаваў стварыць спец. навуку пра знакі — семіётыку, увесці адрозненні паняццяў «мова» і «маўленне» і інш.Тэарэт. прынцыпы С. ў дастасаванні да мовы сталі метадалагічнай асновай розных кірункаў структурнай лінгвістыкі.
Літ.:
Слюсарева Н.А. Теория Ф. де Соссюра в свете современной лингвистики. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТО́НІКА (ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),
мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны ягогал. і другарадных элементаў.
У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх.ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.
У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца ягоўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).
А.М.Кулагін, А.М.Пяткевіч.
Да арт.Архітэктоніка. Нервюрнае скляпенне інтэр’ера сабора ў г. Эксетэр (Вялікабрытанія). 1300−99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),
бел.паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял.Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, асобныя творы Э.Багрыцкага, У.Бранеўскага, В.Брусава, У.Лугаўскога, Я.Райніса, М.Рыльскага, П.Тычыны і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1974;
На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;
Чатыры стыхіі. Мн., 1988.
Літ.:
Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Лойка А. Зайдзі ў мой дом // Лойка А. Паэзія і час.Мн.. 1981;
Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;
Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;
Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.