рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙЧАСТАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая ўтвараецца сукупнасцю прамых, залежных ад аднаго параметра. Яе можна апісаць рухам прамой (утваральнай) па некаторай лініі (накіроўнай).
Л.п. падзяляюцца на разгортвальныя (з’яўляюцца цыліндрам, конусам або паверхняй, што складаецца з датычных да нейкай прасторавай крывой) і касыя (у іх датычныя плоскасці ў розных пунктах адной і той жа ўтваральнай розныя). Прыклады Л.п. — аднаполасцевы гіпербалоід, гіпербалічны парабалоід. Уласцівасці Л.п. выкарыстоўваюцца ў тэорыі механізмаў.
Лінейчастая паверхня: а — разгортвальная, з датычных да прасторавай крывой L (P — плоскасць, якая ўтварае ў сячэнні з паверхняй крывую ABC з пунктам звароту B; S1 S2 — поласці); б — касая (O — цэнтр утваральнай, p і p′ — датычныя плоскасці да паверхні ў пунктах O і O′).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ПАТО́К, паток магнітнай індукцыі,
паток вектара магнітнай індукцыі праз якую-н. паверхню.
М.п. dΦ праз малы элемент паверхні dS, у межах якога вектар магнітнай індукцыі можна лічыць пастаянным, вызначаецца формулай:
, дзе
, — адзінкавы вектар нармалі да элемента паверхні dS, α — вугал паміж вектарамі і . М.п. праз адвольную паверхню S вызначаецца інтэгралам
. Для замкнёнай паверхні гэты інтэграл роўны нулю, што адлюстроўвае саленаідальны характар магнітнага поля. Поўны М.п., звязаны з некаторым эл. контурам (напр., саленоідам), наз.патокасчапленнем. Адзінка М.п. ў СІ — вебер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́БІС (Nabis; ? — каля 192 дан.э.),
правіцель Спарты [207—192 дан.э.]. Паходзіў з царскага роду Эўрыпантыдаў. Паслядоўнік Агіса IV і Клеамена III. Правёў шэраг радыкальных сац. рэформ: частку алігархаў выгнаў, некаторых пакараў смерцю; канфіскаваў землі буйных землеўладальнікаў і раздаў беззямельным спартыятам і ілотам, апошніх надзяліў грамадз. правамі. Гэта садзейнічала ўмацаванню спартанскай арміі. Такія ж рэформы правёў у захопленым ім Аргасе. Імкнуўся падпарадкаваць Месенію, што выклікала вайну супраць Н. Ахейскага саюза. Пасля заключэння ў 195 міру ўлада Н. была абмежавана тэр. Спарты. Новыя ваен. дзеянні скончыліся для Н. паражэннем. Ён быў забіты, а Спарта далучана да Ахейскага саюза. Пра Й. пісалі ант. аўтары Палібій, Плутарх, Дыядор Сіцылійскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЯ́НЫ (Papio),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных Вядомы з пліяцэну (каля 5 млн.г. назад) Азіі і Афрыкі. 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы Жывуць у саваннах, саваннавых лясах у камяністых мясцовасцях, трымаюцца вял. статкамі. Маюць складаную іерархію адносін. 1 від (дрыл — P. leucophaeus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела самцоў да 110 см, хваста да 71 см, маса да 54 кг; самкі ўдвая меншыя. Морда доўгая, за што іх называюць сабакагаловымі малпамі. Надброўі і іклы моцна развітыя. Поўсць доўгая, пераважна шэрых адценняў, у самцоў часта ўтварае грыву. Сядалішчныя мазалі вял., ярка афарбаваныя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Лабараторныя жывёлы. Гл. таксама Бабуін, Гамадрыл, Мандрылы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ, лік π,
лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.
Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg x у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр.Архімед (3 ст.дан.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 дан.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 дан.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІФІКА́ЦЫЯў тэхніцы,
прывядзенне розных відаў прадукцыі, сродкаў іх вытв-сці, элементаў, тэхнал. працэсаў, значэнняў параметраў да рацыянальнага мінімуму форм, тыпапамераў, структур, саставаў і г.д. Ажыццяўляецца пасля тыпізацыі, з’яўляецца найб. пашыраным і эфектыўным метадам стандартызацыі.
Канструктыўная У. — прывядзенне канструктыўных рашэнняў машын, прылад, быт. вырабаў, іх частак, вузлоў і дэталей дамінім. тэхнічна абгрунтаванай колькасці тыпаў з захаваннем прынцыпу пераемнасці, паводле якога ў новых вырабах максімальна выкарыстоўваюць існуючыя стандартызаваныя вузлы і дэталі з магчыма большым лікам аднолькавых базавых і далучальных памераў. Гэта забяспечвае ўзаемазамяняльнасць і шматразовае выкарыстанне правераных канструкцый, дазваляе ажыццяўляць агрэгатаванне машын. У. памераў — прывядзенне памераў дэталей, вузлоў і вырабаў да пэўнага мінімуму тыпапамераў, што скарачае расход матэрыялаў і павялічвае выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́ЙЦЫ,
старажытныя семіцкія плямёны, што належалі да ханаанскай галіны зах.-семіцкіх плямён (гл.Семіты). Паводле падання, прыйшлі з берагоў Эрытрэйскага м. (магчыма, Індыйскага акіяна). Насялялі ўсх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (гл.Фінікія). Займаліся земляробствам, рыбалоўствам, рамёствамі; найб. актыўна развівалася здабыча пурпуру і вытв-сць пурпурнай воўны, шкла, апрацоўка металаў, караблебудаўніцтва. У канцы 2 — пач. 1-га тыс.дан.э. вялі марскі гандаль ад Месапатаміі да Тартэса, уздоўж марскіх маршрутаў заснавалі калоніі Гадэс, Нора, Карфаген і інш. Сярод аб’ектаў каланізацыі Ф. Фівы ў Беотыі (Грэцыя). Ф. належыць адна з самых стараж. алфавітных сістэм (гл.Фінікійскае пісьмо), якая была запазычана і ўдасканалена грэкамі.
Літ.:
Харден Д. Финикийцы. Основатели Карфагена: Пер. с англ.М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́КА (Jucca),
род кветкавых раслін сям. агававых. Каля 40 відаў. Пашыраны на ПдПаўн. Амерыкі і ў Цэнтр. Амерыцы; элемент кактусава-акацыевых саваннаў. Культывуецца.
Дрэвападобныя вечназялёныя расліны. Сцёблы выш.да 6(12) м. дыям. да 30 см. Бессцябловыя віды ўтвараюць шчыльныя дзярнінкі. Лісце мечападобнае, цвёрдае, даўж. больш за 1 м, скучанае на верхавінцы сцябла або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі (да 300) буйныя, белыя. у верхавінкавых мяцёлках даўж. 0.5—2 м. Плод — сухая каробачка ці сакаўная ягада. у некат. — ядомая. Лісце Ю. — прамысл. сыравіна для атрымання стэроідных сапанінаў, што выкарыстоўваюцца для сінтэзу гарманальных прэпаратаў; з лісця Ю. ніткаватай (J. filamentosa) вырабляюць тэхн. валокны. Лек., тэхн., харч., дэкар. расліны.