ЛІМУЗІ́Н (франц. limousine ад назвы гіст. вобласці Лімузен),
кузаў закрытага тыпу легкавога аўтамабіля. Мае зашклёную перагародку, што аддзяляе пярэдняе сядзенне ад астатняй часткі кузава. Выкарыстоўваецца ў вял. аўтамабілях вышэйшага класа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУС ПРАСЕДЭ́НДЗІ (лац. modus procedendi спосаб дзеяння),
тэрмін, што выкарыстоўваецца ў дыпламат. практыцы і азначае, якім чынам і ў якім парадку павінна быць выканана тое або інш. абавязацельства або дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ННЫ КАПІТА́Л,
у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая затрачана на фарміраванне рабочай сілы; можа мяняць сваю вартасць у працэсе вытв-сці, таму што ўтварае дадатковую прадукцыю або прыбавачную вартасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНЫ ПО́ПЫТ,
попыт на тавары і паслугі, забяспечаны грашовымі сродкамі пакупнікоў. Сувязное звяно паміж вытв-сцю і спажываннем, што вызначае важнасць яго вывучэння і прагназавання ў маркетынгавай стратэгіі фірмы (прадпрыемства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАГЛА́СНІКІ,
уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн.царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав.нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла),
нервовая клетка, нейрацыт, асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал.Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел.нац.паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІкарысных выкапняў,
метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц.геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.
Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.