горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м.Зах.ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх.ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс.ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.
Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц.брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст.адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст.адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.
У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах.ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш.Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).
Да арт.Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1931—39,
антыманархічная і агульнадэмакр. рэвалюцыя, у ходзе якой у Іспаніі існаваў рэсп. лад. Выклікана абвастрэннем сац.-эканам. праблем ісп. грамадства ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33. Пачалася 12.4.1931 масавымі нар. дэманстрацыямі з патрабаваннямі ўстанаўлення рэспублікі пасля перамогі апазіц. партый на муніцыпальных выбарах. 14 крас. кароль Альфонс XIII пакінуў краіну, Іспанія абвешчана рэспублікай. На 1-м этапе рэвалюцыі (14.4.1931 — ліст. 1933) дзейнічалі ўрады блока левых рэспубліканцаў і сацыялістаў. У краіне зацвердзіліся дэмакр. свабоды, прынята канстытуцыя 9.12.1931, уведзены 8-гадзінны прац. дзень, устаноўлены мінімум зарплаты, царква аддзелена ад дзяржавы. У вер. 1932 абвешчана агр. рэформа (канфіскацыя за выкуп часткі зямлі ў буйных латыфундыстаў і перадача яе сялянам і с.-г. рабочым) і зацверджаны закон аб аўтаноміі Каталоніі. Аднак гэтыя мерапрыемствы не спынілі сац.эканам. крызісу. Ва ўмовах росту незадаволенасці рабочых у вер. 1933 з урада выйшлі прадстаўнікі Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі, што прывяло да распаду ўрадавага блока. На 2-м этапе (ліст. 1933 — люты 1936, т. зв. «чорнае двухгоддзе»), калі існаваў урад правых рэспубліканцаў, актывізавалася дзейнасць кансерватыўных і прафаш. сіл, у т. л.Іспанскай фалангі. Гэта выклікала ў кастр. 1934 узбр. паўстанні рабочых пад кіраўніцтвам левых сацыялістаў і камуністаў (найб. масавыя ў Каталоніі і Астурыі), задушаныя войскамі. Паражэнне левых сіл падштурхнула іх да кансалідацыі і ўтварэння Нар. фронту (студз. 1936), які 16.2.1936 перамог на выбарах у картэсы. На 3-м этапе рэвалюцыі (1936—39) 19.3.1936 утвораны ўрад Нар. фронту (складаўся пераважна з левых рэспубліканцаў), у маі — ліп. 1936 узмацніўся рабочы і камуніст. рух. Адначасова актывізаваліся кансерватыўныя сілы, што вылілася ў ваен. мяцеж супраць рэспублікі пад кіраўніцтвам ген. Ф.Франка Баамондэ (пачаўся 17 ліп. ў Ісп. Марока, 18 ліп. пашырыўся на Іспанію). Гэта прывяло да грамадз. вайны паміж паслядоўнікамі Франка (франкістамі) і прыхільнікамі Ісп. рэспублікі (рэспубліканцамі). На 1-м этапе вайны (ліп. 1936 — май 1937) франкісты, якім аказвалі дапамогу Германія, Італія, Партугалія (у т. л. ў баях удзельнічалі 50 тыс.ням. і 200 тыс.італьян. вайскоўцаў), намагаліся захапіць Мадрыд. Спачатку пад уладай рэспубліканцаў, якіх з кастр. 1936 падтрымлівалі СССР (каля 3 тыс. добраахвотнікаў, у т. л. беларусы С.А.Грыцавец, В.П.Дрозд і інш.) і інтэрнацыянальныя брыгады, было каля 70% тэрыторыі і 3/4 насельніцтва Іспаніі, але ў жн. 1936 страчаны стратэгічна важныя тэрыторыі. Урады Нар. фронту на чале з Ф.Ларга Кабальера (4.9.1936—17.5.1937) і Х.Негрынам (17.5.1937 — сак. 19.39) стварылі рэгулярныя ўзбр. сілы, прынялі дэкрэты аб нацыяналізацыі зямельных уладанняў удзельнікаў мяцяжу і перадачы іх сялянам, аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія належалі мяцежнікам, прадаставілі аўтаномію Краіне Баскаў. На 2-м этапе вайны (май 1937 — вер. 1938) франкісты захапілі Краіну Баскаў і Астурыю (кастр. 1937), прарвалі фронт у Арагоне і выйшлі да ўзбярэжжа Міжземнага м., адрэзаўшы ад цэнтр. раёна рэспублікі Каталонію (крас. 1938). На 3-м этапе (вер. 1938 — сак. 1939) 350-тысячная армія франкістаў (ёй процістаяла толькі 140-тысячная рэсп. армія) 26.1.1939 захапіла г. Барселона, дзе з ліп. 1937 размяшчаўся рэсп. ўрад, і ўсю Каталонію (9 лют.). Брыт. і франц. ўрады 27.2.1939 афіцыйна прызналі ўрад Франка. Унутр. барацьба ў лагеры рэспубліканцаў, частка якіх выступала за капітуляцыю перад Франка, прывяла да падзення рэспублікі (28 сак. — 1 крас.). У Іспаніі ўстанавілася ваен. дыктатура — т.зв. іберыйскі варыянт фашызму (да 1975).
Літ.:
Пожарская С.П. От 18 июля 1936 — долгий путь. М., 1977.
Да арт.Іспанская рэвалюцыя. 1931—39. I. Абмундзіраванне франкістаў: 1 — легіянер 1-га класа ў летняй палявой форме; 2 — афіцэр кавалерыі, каід мараканскіх часцей; 3 — маёр у паўсядзённай форме і кавалерыйскіх брыджах; 4 — каід у палявой форме; 5 — лейтэнант, камандзір роты міліцыі «Іспанскай фалангі» ў параднай форме; 6 — капрал міліцыі андалусійскіх «рэкетэ» ў палявой форме і армейскай амуніцыі. II. Адзенне рэспубліканцаў: 1 — падпалкоўнік у службовай форме; 2 — генерал, камандзір дывізіі ў паўсядзённай форме; 3 — андалусійскі міліцыянер; 4 — амерыканскі добраахвотнік з батальёна імя Лінкальна; 5 — савецкі добраахвотнік-танкіст; 6 — капрал Пятага палка ў камбінезоне-мона; 7 — анархіст у скуранцы і салдацкіх брыджах; 8 — камісар у пілотцы і ў камбінезоне-мона; 9 — баец рабочай міліцыі ў армейскай касцы і салдацкай амуніцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́Ў,
інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.
У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.Гельвецый, Ш.Мантэск’ё, А.Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, С.Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.К.Сарбеўскі, Ф.Карпінскі, М.Лавіцкі, М.К.Судзілоўскі, Я.Чачот і інш.
У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм.Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап.феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;
Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткінац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАН, Нямунас (у Літве),
рака ў Мінскай і Гродзенскай абл. Беларусі, у Літве і на мяжы Літвы і Калінінградскай вобл. Расіі. Даўж. 937 км. Пл. вадазбору 98,2 тыс.км² ( у межах Беларусі адпаведна 459 км і 35 тыс.км² — без вадазбору р. Вілія). Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля в. Верх-Нёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл., упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага м., утварае дэльту. Н. падзяляюць на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця Котры), сярэдняе (ад вусця Котры да вусця Віліі), ніжняе (ад вусця Віліі да ўпадзення ў Балтыйскае м.). У вярхоўі цячэ па Нёманскай нізіне, у сярэднім цячэнні перасякае Гродзенскае ўзв. і Балтыйскую граду, у нізоўях цячэ па прыморскай нізіне. Асн. прытокі: Уса, Сула, Бярэзіна, Гаўя (Беларусь), Дзітва, Вілія (Беларусь і Літва) — справа, Уша, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось (Беларусь, Свіслач (Беларусь і Польшча), Шашупе (Літва і Расія) — злева. За 46 км ад вусця Н. падзяляецца на 2 асн. рукавы: левы Гілія (Матросаўка), правы Русне, які таксама падзяляецца на шырокі і мелкаводны рукаў Атмата і паўнаводны Скірвітэ (Паўночны, падзяляецца на Ворусне і Руснайтэ). З шэрагам інш. рукавоў і меліярац. каналаў утварае вялізную дэльту. Даліна Н. (шыр. 1—4 км) да вусця Сулы невыразная, ніжэй, да мяжы з Літвой, пераважна скрынкападобная, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Н. цячэ па ўсх. ускраіне Гродзенскага ўзв., глыбокая і вузкая. Схілы даліны (выш. 6—25 м, месцамі 30—50 м) да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя, на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі. Пойма пераважна двухбаковая (шыр. 1—2 км, месцамі да 4 км), парэзаная старыцамі, ніжэй г. Масты адсутнічае. Рэчышча ў вярхоўі (шыр. пераважна 35—40 м, месцамі да 150 м) ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў; У сярэднім цячэнні — пясчанае, шмат градаў і парогаў, у т. л. каля г. Гродна (найб. буйныя — Бічы і Гога ў Літве), у нізоўях расшыраецца да 180—380 м, замест камяністых парогаў з’яўляюцца пясчаныя мелі. Глыб. ў вярхоўі 3—4 м, у нізоўі да 1—2 м (за кошт моцнага адкладання наносаў). Тут праводзяцца днопаглыбляльныя работы з мэтай забеспячэння суднаходства. Цячэнне Н. спакойнае, з сярэдняй скорасцю 0,6—0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое ў вярхоўі і дажджавое у нізоўі. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да канца сак. (45—100 дзён). Таўшчыня лёду 20—65 см. У цёплыя зімы магчымы часовыя крыгаломы і крыгаходы. Веснавое разводдзе пачынаецца з сярэдзіны сак. (пры ранняй вясне — з пач.лют., пры позняй — з пач.крас.), доўжыцца 30—60 дзён. Сярэдняя выш. над межанным узроўні ад 2,5—4 м у вярхоўі да 5,2 м у нізоўі. Веснавы крыгаход 7—16 дзён. Характэрны працяглыя, амаль штогадовыя зажоры. Летне-асенняя межань (5—6 месяцаў) няўстойлівая, нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (80—90 дзён) больш устойлівая. У вусці ў межань істотную ролю адыгрываюць спады і нагоны вады ветрам. Сярэднегадавы расход вады каля г. Стоўбцы 18,4 м³/с, каля г. Гродна 197 м³/с, за мяжой Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Рэгулярнае суднаходства ад г. Бірштанас (Літва) да вусця, у межах Беларусі нерэгулярнае — ад в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. да в. Шандубры (Гродзенскі р-н.). Лесасплаў. На Н. Каўнаская ГЭС і вадасховішча. Н. злучаны з бас.р. Дняпро Агінскім каналам, з бас.р. Вісла — Аўгустоўскім каналам. З пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з бас. Н. перакідваецца ў бас.р. Дняпро. На рацэ гарады Стоўбцы, Масты, Гродна (Беларусь), Друскінінкай, Алітус, Каўнас, (Літва), Нёман, Савецк (Расія). На беразе Н. ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.Коласаўскі заказнік, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,
паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).
Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.Я.Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс.чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.К.Панько і ген. сакратаром С.І.Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.
ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.П.Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.
Літ.:
Баптизм и баптисты. Мн., 1969;
Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;
Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада БНР. Створана 18.3.1918. Складалася з членаў Рады Усебеларускага з’езда 1917, якая на сходзе дэлегатаў з’езда (18.12.1917 у Мінскім дэпо Лібава-Роменскай чыгункі) была прызнана «найвышэйшай установай краю». У адпаведнасці з пастановай гэтага сходу папоўнена прадстаўнікамі гарадоў, земстваў і нац. меншасцей. 19.3.1918 Рада прыняла палажэнне аб вярх. уладзе Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім абвяшчалася, што ні адзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР. 27.3.1918 Рада абвясціла, што бярэ на сябе паўнату ўлады на Беларусі. Пасля кааптацыі членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (12.4.1918) Рада стала адзіным цэнтрам бел. незалежніцкага руху. Вакол яе на антыбальшавіцкім і антысав. грунце гуртаваліся паліт., прафес. і рэліг. арг-цыі нац. меншасцей. Колькасны склад Рады вагаўся ў залежнасці ад паліт. абставін. Рада фарміравала ўрад БНР (гл.Народны сакратарыят Беларусі, Рада народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі). У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР, у складзе Рады дзейнічалі камісіі. Старшынямі Рады БНР былі Я.Серада (да чэрв. 1918) і Я.Лёсік. Адносіны ням.акупац. улад да Рады БНР вагаліся ад варожых да цярпімых, аднак урад Германіі не прызнаў Раду і ўрад БНР афіцыйна. Разглядаючы Беларусь як частку Расіі, ням. ўлады не давалі Радзе БНР магчымасці стварыць армію, паліцыю, суд і інш.дзярж. інстытуты. Дзейнасць Рады абмяжоўвалася сферамі асветы, культуры і часткова гаспадаркі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі і наступлення Чырв. Арміі Рада БНР па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай 12.1918 пераехала ў Вільню, а 27.12.1918 — у Гродна. Пасля акупацыі значнай часткітэр. Беларусі польск. войскамі дзейнасць Рады была спынена. Яе дзейнасць аднавілася восенню 1919. У выніку барацьбы паміж с.-д. кіраўніцтвам Рады і апазіцыйнымі да яго Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў, якія вінавацілі А.Луцкевіча, Лёсіка і інш. у паланафільстве, 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня Лёсік) і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня П.Крачэўскі). Ганенні з боку польск. акупац. улад прымусілі дзеячаў Нар. рады эмігрыраваць у Рыгу. У канцы 1920 Найвышэйшая рада спыніла сваю дзейнасць і прызнала Нар. раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа. Нар. рада стала называцца Радай БНР. Пасля заключэння паміж БНР і Літвой дагавора аб узаемным прызнанні і супрацоўніцтве Рада БНР у ліст. 1920 пераехала ў Коўна (Каўнас). Адзіным паўнамоцным прадстаўніцтвам суверэнных правоў бел. народа Раду БНР прызнала Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага). Нежаданне Прэзідыума Рады БНР прызнаць правы Літоўскай Рэспублікі на Вільню прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж Радай і ўрадам Літвы. У ліст. 1923 Рада БНР пераехала з Коўна ў Прагу. Прэзідыум Рады адхіліў пастановы ўрада БНР і Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925, Берлін) аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля смерці Крачэўскага старшынёй Рады БНР стаў В.Захарка, які ў 1943 перадаў свае паўнамоцтвы М.Абрамчыку. У 1945 члены Рады пераехалі ў зах. зоны акупацыі Германіі. У лют. 1948 Рада спец. маніфестам абвясціла пра аднаўленне сваёй дзейнасці, а ў крас. 1948 адбыўся з’езд членаў Рады і прадстаўнікоў новай хвалі бел.паліт. эміграцыі, на якім Абрамчык стаў прэзідэнтам Рады БНР. Рэзідэнцыяй Рады БНР былі Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), потым Нью-Йорк. Пасля смерці Абрамчыка (1970) прыняты новы статут, паводле якога аднаўлялася пасада старшыні Рады БНР з 6-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў. Старшынёй Рады быў абраны В.Жук-Грышкевіч. У 1982—97 Раду ўзначальваў Я.Сажыч, які браў удзел у святкаванні ў Мінску 75-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён выказаў меркаванне, што мандат Рады БНР будзе перададзены ўраду Рэспублікі Беларусь, сфарміраванаму дэмакратычна абраным Вярх. Саветам. У ліп. 1993 3-я Усебел. канферэнцыя прызнала пастанову 2-й Усебел. канферэнцыі гіст. памылкай і заклікала Раду БНР не складваць свае паўнамоцтвы на карысць урада Рэспублікі Беларусь. У 1997 старшынёй Рады БНР абрана І.Сурвіла. Былі прыняты захады па стварэнні бел. лобі ў кангрэсе ЗША. Паколькі бел. эміграцыя традыцыйна галасуе за Рэсп. партыю, у пач. 2001 Прэзідыум Рады БНР вырашыў актывізаваць супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ва У.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм.Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл.Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл.Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.М.Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.