СОЖ,

рака ў Смаленскай вобл. Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай, левы прыток р. Дняпро. Даўж. 648 км, пл. вадазбору 42,1 тыс. км², у межах Беларусі адпаведна 493 км і 21,5 тыс. км². Пачынаецца за 12 км на Пд ад г. Смаленск, вусце каля г.п. Лоеў. Верхняе цячэнне на паўд.-зах. ускраіне Смаленскага ўзв., сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у межах Гомельскага Палесся. Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця р. Проня — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шыр. ў вярхоўі 0,3—3 км, пры зліцці з далінай р. Дняпро — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), выш. 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца поймы з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнем і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах, шыр. 60—400 м у вярхоўі, пры ўпадзенні р. Асцёр 4 км, ад упадзення р. Проня да вусця 0,7—6 км. Паверхня яе перасечана лагчынамі і старыцамі. Затапляецца на 5—10 сут на глыб. 0,5—2,5 м, у вусцевай ч. — да 4—5 м. Рэчышча звілістае, да ўпадзення р. Проня шыр. 15—180 м, на астатнім працягу 90—230 м. Каля г. Слаўгарад, дзе на правабярэжжы знаходзяцца канцавыя марэны, утварае буйны выгін. У ніжнім цячэнні вял. колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да г. Гомель трапляюцца астравы (даўж. 30—300 м, шыр. 10—50 м). Шыр. ракі ў вярхоўі 40—80 м, у нізоўі 90—125 м, месцамі да 230 м. Перакаты ў выніку падтрымання суднаходных глыбінь выражаны слаба. Дно роўнае, пясчанае, радзей пясчана-ілістае. Берагі да вусця р. Проня пераважна стромкія, выш. 1,5—4 м, ніжэй — спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напр., каля в. Гайшын Слаўгарадскага р-на) стромкія, выш. 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй г. Ветка па берагах пясчаныя пляжы. Асн. прытокі: Віхра, Волчас, Проня, Уза (справа), Хмара, Асцёр, Беседзь, Іпуць, Вуць (злева). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з пач. снеж. да канца сак. — пач. красавіка. Найб. таўшчыня лёду 65 см. Веснавы крыгаход 3—5 сут. На перыяд разводдзя прыпадае каля 57% гадавога сцёку. Пад’ём узроўню вады пачынаецца ў канцы сак. — пач. красавіка, у верхнім цячэнні доўжыцца 10—15 сут, у нізоўі 20—25 сут. Сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4—5 м, найб. 7,5 м. Летне-асенняя межань часта парушаецца дажджавымі паводкамі, якія доўжацца 25—35 сут. Зімовыя ўзроўні на 10—20 см вышэй за летнія, у нізоўі ў асобныя гады павышаюцца да 2,5 м. Сярэднегадавы расход вады каля г. Слаўгарад 105 м³/с, каля г. Гомель 210 м³/с, у вусці 219 м³/с. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Рэгулярнае суднаходства ад г. Слаўгарад, у перыяд высокіх узроўняў ад в. Барысавічы Клімавіцкага р-на. У сярэднім і ніжнім цячэнні С. працякае праз тэр., забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На рацэ гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель (Беларусь). Уздоўж берагоў біял. заказнікі: Веткаўскі, Струменскі, Чачэрскі, Шабрынскі. Зоны адпачынку.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Сож.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 1877 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

адзін з прадметаў агульнаадук. школы, накіраваны на падрыхтоўку школьнікаў да прац. дзейнасці. Асн. задача П.н. — набыццё вучнямі ведаў аб прадметах, сродках і працэсах працы, агульнатэхн. і спец. уменняў і навыкаў, неабходных для авалодання якой-н. прафесіяй.

Аргументы на карысць уключэння прац. дзейнасці ў навуч.-выхаваўчы працэс у адпаведнасці з узроставымі, фіз. і інтэлектуальнымі магчымасцямі дзяцей выказаны ў сацыяльна-пед. тэорыях 17—18 ст. (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо). І.Г.Песталоці разглядаў працу вучняў як важнейшы элемент развіццёвага навучання і пед. арганізаванага выхаваўчага асяроддзя. У сярэдзіне 19 ст. разгарнуўся шырокі рух настаўнікаў і выхавальнікаў за ўкараненне навуч. працы ў школах краін Зах. Еўропы і ЗША. Як навуч. прадмет пад назвай «Ручная праца» ўключана ў планы пач. школ і настаўніцкіх семінарый Фінляндыі (1866). У 2-й пал. 19 ст. таксама ўведзена ў агульнаадук. школах Францыі (1882), Вялікабрытаніі (1890), Італіі (1894), ЗША (1895) і інш.; у Рас. імперыі выкладалася з 1884. Пашырэнне атрымала сістэма П.н., створаная К.​Ю.​Цырулем. У СССР у 1937 П.н. ў агульнаадук. школе адменена, у 1954—56 адноўлена.

На Беларусі П.н. арганізуецца ў форме ўрокаў, практыкумаў, экскурсій, працоўнай (вытворчай) практыкі. Заняткі праводзяцца ў навуч. і навуч.-вытворчых умовах. У адпаведнасці з планамі сярэдняй агульнаадук. школы вядзецца распрацоўка зместу, форм і метадаў падрыхтоўкі вучняў да працы ў межах агульнаадук. галіны «Тэхналогія».

Літ.:

Казакевич В.М., Поляков В.А., Ставровский А.Е. Основы методики трудового обучения. М., 1983;

Атутов П.Р., Поляков В.А. Роль трудового обучения в политехническом образовании школьников. М., 1985, Школа и труд. М., 1987.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГУЛЯ́РНАСЦЬ (ад лац. singularis асобны, асаблівы) касмалагічная, асаблівы стан у пачатку касмалагічнага расшырэння Сусвету ў фрыдманаўскіх і некаторых інш. касмалагічных мадэлях агульнай адноснасці тэорыі (АТА), што ляжаць у аснове сучаснай касмалогіі. Характарызуецца разбежнымі значэннямі шчыльнасці энергіі матэрыі, інварыянтаў тэнзара крывізны і інш. параметраў.

Існаванне Сусвету ў часе ў рамках гэтых мадэлей у мінулым абмежавана касмалаг. С. Наяўнасць яе ў касмалаг. рашэннях АТА сведчыць аб непрыдатнасці класічнай АТА у вобласці экстрэмальных умоў. Рабілася мноства спроб рашэння праблемы С., якія прывялі да пабудовы некаторых рэгулярных касмалаг. мадэлей, у прыватнасці, пабудаваны рэгулярныя закрытыя інфляцыйныя касмалаг. мадэлі ў рамках АТА і калібровачных тэорый гравітацыі. Існаванне Сусвету ў такіх мадэлях у мінулым і будучым не абмежавана ў часе. Стадыі касмалаг. расшырэння папярэднічае стадыя сціскання, а замест С. выступае стан з экстрэмальна вялікімі (магчыма, планкаўскімі) значэннямі шчыльнасці энергіі, т-ры і інш. параметраў. З гэтага стану пачынаецца расшырэнне Сусвету, якое падобна да Вялікага Выбуху і мае экспаненцыяльны характар у інфляцыйных мадэлях. Згодна з тэарэт. і назіральнымі данымі працягласць касмалаг. расшырэння («узрост Сусвету») у межах 10—20 млрд. гадоў.

Літ.:

Силк Дж. Большой взрыв: Пер. с англ. М., 1982;

Вайнберг С. Первые три минуты: Пер. с англ. М., 1981;

Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2000;

Minkevich A.V. Vacuum gravitational repultion effect and regular inflationary cosmology // X Intematioual Seminar «Nonlinear Phenomena in Complex Systems». Minsk, 2001.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 14, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАПА́ЕЎ Васіль Іванавіч (9.2.1887, в. Будайка, цяпер у межах г. Чэбаксары Чувашскай Рэспублікі — 5.9.1919),

савецкі военачальнік. У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, фельдфебель (1916); узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі. Пасля ранення з вясны 1917 у запасных вайск. часцях. З 1917 чл. РСДРП(б). Са снеж. 1917 камандзір запаснога палка, са студз. 1918 ваен. камісар Нікалаеўскага пав. Саратаўскай губ. З мая 1918 камандзір пях. брыгады, з вер. нач. 2-й Нікалаеўскай дывізіі; вёў баі супраць уральскіх казакоў і часцей чэхаславацкага корпуса. У ліст. 1918 — студз. 1919 у Ваен. акадэміі Генштаба РСЧА, потым камандаваў Аляксандраўгайскай групай войск на Усх. фронце. З сак. 1919 нач. 25-й стралк. дывізіі, якая ў крас.—ліп. 1919 вызначылася ў баях супраць войск А.​В.​Калчака за гарады Бугуруслан, Белебей, Уфа, разблакіравала г. Уральск; узнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга (1919). Загінуў у баі ў час раптоўнага нападу праціўніка на штаб дывізіі ў Лбішчанску (цяпер г. Чапаеў, Казахстан) на р. Урал. Яго імя як таленавітага нар. палкаводца яшчэ пры жыцці было авеяна славай і легендамі. Папулярызацыі яго вобраза паспрыялі раман Дз.А.Фурманава «Чапаеў» (1923) і аднайм. маст. фільм (1934, рэж. Васільевы). Яму пастаўлены помнікі ў Самары, Чэбаксарах, Чапаеве. Імя Ч. было прысвоена 25-й стралк. дывізіі; на Беларусі названы вуліцы, калгасы і саўгасы; у яго гонар у гады Вял. Айч. вайны на Беларусі яго імя насілі 7 партыз. брыгад і дзесяткі атрадаў.

Літ.:

В.​И.​Чапаев. Чебоксары, 1979;

Легендарный начдив: Сб. док. Чебоксары, 1986.

М.​Г.​Нікіцін.

В.І.Чапаеў.

т. 17, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.

Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.

Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл. Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.

Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял. кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,

электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз. эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.

М.​А.​Гольберг.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́ЗНІКІ рымскія

(socii),

абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл. Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл. Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э. рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.

Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).

Літ.:

Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;

Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э. М., 1971.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)