ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.Ж.Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Р.Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.А.Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.М.Вяроўка, Р.Ч.Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.Д.Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.Р.Брэжга, А.П.Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.А.Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

1) народны танец, апрацаваны для выканання на сцэне. Вядомы з пач. 20 ст. З выхадам на сцэну ў структуры нар. танца адбыліся змены, якія наблізілі яго да тэатр. мастацтва. Малюнак танца будуецца ў разліку на франтальнае ўспрыняцце яго гледачамі: зніклі паўторы, характэрныя для фалькл. узораў, у развіцці дзеяння ўлічваюцца законы драматургіі, узбагачаецца і ўскладняецца танц. лексіка, больш разнастайнымі сталі кампазіцыйныя малюнкі. На аснове творчага выкарыстання фалькл. спадчыны ствараюцца таксама новыя арыгінальныя пастаноўкі. Ад характарнага танца адрозніваецца большай блізкасцю да фалькл. першаасновы. Першы ў б. СССР прафес. калектыў, творчасць якога грунтавалася на аснове Н.-с.т., — Ансамбль народнага танца Расіі пад кіраўніцтвам І.Майсеева.

На Беларусі ўзнікненне Н.-с.т. звязана з дзейнасцю трупы І.Буйніцкага, які ўпершыню вывеў на сцэну «мужыцкі» танец, паказаў яго невычарпальныя магчымасці і прыгажосць. Развіццё бел. Н.-с.т. атрымаў у творчасці БДТ і Трупы Галубка. Станаўленне Н.-с.т. адбывалася ў шматлікіх прафес. і самадз. калектывах (Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ, Гомельскі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі і інш.). Вял. ўклад у развіццё бел. Н.-с.т. зрабілі К.Алексютовіч, І.Хвораст, А.Апанасенка, П.Акулёнак, В.Гаявая, В.Дудкевіч, М.Дудчанка, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, Я.Штоп і інш. Н.-с.т. — аснова творчасці Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», танц. групы Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, ансамбля «Белыя росы», самадз. калектываў.

2) Спец. навуч. дысцыпліна харэаграфічных і інш. навуч. устаноў, якія рыхтуюць танцоўшчыкаў і балетмайстраў.

Літ.:

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Народно-сценический танец. М., 1976;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Гребенщиков С.М. Белорусская народно-сценическая хореография. Мн., 1976;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.М.Чурко.

Да арт. Народна-сцэнічны танец: 1 — «Бульба». Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь; 2 — «Путанка». Самадзейны харэаграфічны ансамбль «Белая Русь»; 3 — «Пава». Харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЦТВА,

1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.

2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.

3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.

Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-ва дзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.

У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сць буд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял. Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сць буд. матэрыялаў і машын.

Літ.:

Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;

Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;

Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр. Мн., 1994.

К.І.Губінскі, Л.І.Тулупава.

т. 3, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл. Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл. Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл. Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.

Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз. гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э. грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл. Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл. Маятнік) і балансірным (1675, гл. Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10​−1, 10​−4, 10​−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.

На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл. Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл. Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА «Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.

Літ.:

Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;

Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;

Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;

Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.

У.М.Сацута.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл. Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.

Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял. геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац. этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас. АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).

На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел. дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),

Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах. ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс. чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).

Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.

Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр. ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.

31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.

Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс. дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн. т (у 1970—80) да 285 тыс. т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн. кВт·гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс. т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн. дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Науру.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.І.Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́Я ЎБО́РЫ,

састаўная частка адзення. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напачатку мелі пераважна практычнае значэнне. Паступова набывалі разнастайныя формы і аздабленне; станавіліся ўпрыгажэннямі і нават прадметамі раскошы. Часам выконвалі сімвалічную функцыю. На Беларусі адметныя галаўныя ўборы вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Асн. формамі былі: у мужчын шапка, у дзяўчат вянок, у жанчын чапец, паверх убрус. Адлюстроўвалі маёмасную няроўнасць і сац. становішча чалавека (жаночыя — і сямейнае), паступова замацоўваліся і этнічныя асаблівасці адзення.

Галаўныя ўборы пануючых класаў выраблялі з дарагіх мануфактурных тканін і футра, багата аздаблялі каштоўнымі камянямі, жэмчугам, вышыўкай і інш. Мужчынскімі галаўным ўборам магнатаў і гар. знаці ў 16—19 ст. былі кучма, ялмонка, канфедэратка, брыль, магерка з якасных матэрыялаў, у шляхты — шапкі-каўпакі, у духавенства — найперш скуф’я. Жаночыя галаўныя ўборы вызначаліся разнастайнасцю тыпаў і залежнасцю формаў ад змены стыляў у зах.-еўрап. касцюме. Былі пашыраны намітка (убрус, хустка), хустка (рабак, шырынка), рантух, каптуровыя ўборы, а таксама вянок, чылка і інш. Бел. нар. галаўныя ўборы выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шапавалы. Мужчыны насілі розныя віды шапак: суконную або лямцавую белую ці шэрую магерку, аўчынную або футравую цыліндрычную ці конусападобную кучомку, зімой — аўчынную ці футравую аблавуху. Летам найчасцей насілі валеныя ці плеценыя брылі. З канца 10 ст. набыў пашырэнне картуз, заменены ў 20 ст. кепкай. Жаночыя галаўныя ўборы 19 — пач. 20 ст. вылучаліся багаццем формаў, спосабам нашэння, вытанчанасцю мастацкага выканання. Дзявочыя ўборы ахоплівалі галаву ў выглядзе абручыка ці перавязкі-ручніка, падзяляліся на віды: вянок, скіндачка, чылка, кубак, хустка; часам яны ўваходзілі ва ўбор замужніх жанчын, якім не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы былі больш складаныя паводле будовы, больш сціплыя па дэкоры. Галаўныя ўборы жанчын падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец, наколка), падвічкавыя (падвічка). На белае поле палатна наносіўся чырвоны ці чырвона-чорны арнамент. З прыёмаў маст. афармлення пераважалі вышыўка, узорыстае ткацтва, аплікацыя парчовай тасьмой і інш. Жаночыя галаўныя ўборы не мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку.

З канца 19 ст. ў вёску ўсё шырэй пранікаюць фабрычныя вырабы. Яны паступова выцеснілі традыц. нар. галаўны ўбор.

Літ.:

Гл. пры арт. Адзенне.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)