рэакцыйны рэжым у Расіі ў 1730—40-я г.Назва ад прозвішча фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны Эрнста Іагана Бірона (1690—1772), які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Характэрным для біронаўшчыны было засілле іншаземцаў ва ўсіх кіруючых установах, раскраданне дзярж. сродкаў, сістэма шпіянажу, даносаў, рэпрэсій, узмацненне феад. прыгоннага ўціску. Пасля смерці Ганны Іванаўны Бірон пазбаўлены ўсіх пасад.
Літ.:
Строев В. Бироновщина и Кабинет министров: Очерк внутренней политики императрицы Анны. Ч. 1—2. М.; СПб., 1909—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАКІ́ЛЬНІЦА (Lembotropis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй, Паўд. і Усх. Еўропе. На Беларусі на ПдЗ зрэдку трапляецца вастракільніца чарнеючая (Lembotropis nigricans). Расце на пясчаных мясцінах, у хваёвых барах, на высечках.
Куст выш. да 1,5 м, ад асновы моцнагалінасты, з прамымі прутападобнымі ўзыходнымі галінкамі. Лісце трайчастае, з непрыкметнымі прылісткамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, з непрыемным пахам, у негустых коласападобных гронках. Кіль лодачкі на верхавінцы дзюбападобна адцягнуты (адсюль назва). Плод — падоўжна-лінейны боб. Дэкар., сідэратныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НТЫ (грэч. Antai),
назва аб’яднання ўсх.-слав. плямёнаў у творах візант. і гоцкіх пісьменнікаў 6 — пач. 7 ст. Засялялі стэп і лесастэп паміж Днястром і Дняпром. Асн. занятак — земляробства; пераважала сельская абшчына. Працэс складвання дзяржавы, які пачаўся ў 3—4 ст., не быў завершаны. Вядомы правадыры («рэксы») антаў — Бож, Ардагаст, Пірагаст, Межамір і інш. Мелі моцную ваен. арг-цыю. У 4 ст. ваявалі з готамі, у 6 ст. — з Візантыяй і аварамі. На пач. 7 ст. аб’яднанне распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,
сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІЙ (лац. Berkelium),
Bk, штучны радыеактыўны хім. элемент з групы актыноідаў. Назва ад г. Берклі (ЗША), дзе атрыманы (1949). Ат. н. 97; вядома 10 ізатопаў з масавым лікам 240—251 (акрамя 241). Найб. доўгаіснуючыя 247Bk (перыяд паўраспаду 1380 гадоў, α-выпрамяняльнік), 249Bk (перыяд паўраспаду 314 сутак, β-выпрамяняльнік).
Серабрыста-белы метал, tпл 980 °C, вельмі рэакцыйназдольны. Атрымліваюць у ядз. рэактарах апрамяненнем плутонію, амерыцыю і кюрыю нейтронамі. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях адз. фізікі і радыяхіміі. Высокатаксічны, ГДК у паветры 5,9∙10−4Бк/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСЧАРАПНЫ́Я (Acrania),
падтып хордавых жывёл. 1 клас — галавахордавыя, 2 роды — ланцэтнікі і Asymmetron (уключае 13 відаў дробных жывёл). Найб. прымітыўныя з сучасных хордавых. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Індыйскага, Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Жывуць на вял. глыбінях. Найб. вядомы ланцэтнік, які трапляецца і ў Чорным м.
Памеры ад некалькіх міліметраў да 7,5 см. У адрозненне ад чарапных (гл.Пазваночныя) усё цела падзелена на сегменты, галаўны аддзел не адасоблены, чэрапа няма (адсюль назва), органы пачуццяў развіты слаба, сэрца адсутнічае (ёсць пульсуючы брушны сасуд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРАБІДЖА́Н,
горад у Расійскай Федэрацыі, на р. Біра, цэнтр Яўрэйскай аўтаномнай вобласці. 84,7 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (збожжа- і сіласаўборачныя камбайны, сілавыя трансфарматары), лёгкая (трыкат., швейная, абутковая), дрэваапр., харч.прам-сць. Пед.ін-т. Краязнаўчы музей. Драм. і муз. т-ры.
Засн. ў 1928 на месцы чыг. ст. Ціханькая (узнікла ў 1912 пры буд-ве Транссібірскай магістралі). Назва ад рэк Біра і Біджан. З 1931 рабочы пасёлак, з 1934 цэнтр Яўр.аўт. вобласці, з 1937 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРАВЕ́СНІК»
(«Sturmvogel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,
гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.