СО́КАЛ-КАРШАЧО́К, каршачок (Falco subbuteo),

драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны на Пн Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы (акрамя тундраў і пустынь), насяляе лясы і лесастэпы. Гняздуецца на высокіх дрэвах. Зімуе на Пд Азіі і Афрыкі. На Беларусі нешматлікі пералётны від. Нар. назвы аралок, карагольчык, кабец. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 36 см, маса да 280 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны буравата-чорнае з шызым адценнем, грудзей і брушка — светла-вохрыстае з буйнымі цёмнымі стракацінамі, падхвосця і галёнак — рыжае; па баках ад дзюбы чорныя палосы — «вусы». Кольца вакол вока і ногі жоўтыя. Корміцца насякомымі, дробнымі птушкамі, лятучымі мышамі. Адкладвае да 4, зрэдку да 6 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Сокал-каршачок.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ДНАЕ ВО́ЗЕРА У Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,94 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,1 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 16,8 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. да 2 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі тарфяныя. Пойма шыр. 50—300 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, каля паўд. і ўсх. берагоў да глыб. 0,5 выслана пяском і апясчаненым ілам, астатняя ч. — сапрапелем. Зарастае падводнай расліннасцю, уздоўж берагоў перарывістая паласа надводнай расліннасці шыр. да 75 м, пашырана да глыб. 0,5 м. Упадае р. Балгач, сцёк па р. Трудніца.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́СЛІКІ (Citellus),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з міяцэну (каля 10—5 млн. г. назад). 36 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Насяляюць лугі, стэпы, лесастэпы, пустыні і інш. Жывуць у норах. На зіму ўпадаюць у спячку. Многія віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальнікаў чумы і інш. На Беларусі (пераважна ў паўд. ч.) трапляецца С. рабы (C. suslicus). У выкапнёвым стане ў Чачэрскім р-не знойдзены рэшткі С. вял. (C. major), інш. відаў — у Віцебскім і Гродзенскім р-нах.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 25 см. Афарбоўка ад пясчана-вохрыстай да буравата-шэрай. Вушныя ракавіны малыя. Ногі кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 17 дзіцянят. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Суслікі: 1 — шэры; 2 — рабы.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, тэрмафілы (ад тэрма... + ...філ),

арганізмы, якія прыстасаваны да жыцця ва ўмовах пастаянна высокіх т-р. Тэрмафільныя мікраарганізмы жывуць пры т-рах больш за 45 °C, пашыраны ў гарачых крыніцах, тэрмальных водах, субстратах (вільготныя сена, салома, гной), якія самаразаграваюцца ў выніку жыццядзейнасці тэрмагенных бактэрый. Макс. т-ры росту бактэрый 70—110 °C, мікраскапічных грыбоў і водарасцей 55—60 °C, прасцейшых 45—50 °C. Сярод жывёл да Т.а. належаць мадрэпоравыя каралы, насякомыя арыдных зон (жукі чарнацелкі і інш.), цеплакроўныя жывёлы, якія адрозніваюцца нізкай здольнасцю да тэрмарэгуляцыі пры нізкіх т-рах (трапічныя птушкі, антылопы). Да Т.а. адносяць таксама сапрафітаў і паразітаў, якія жывуць у целе цеплакроўных жывёл пры 35—40 °C, раслін і жывёл тропікаў.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛІ́ТЫ (Tringa),

род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. 10 (13) відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, па берагах вадаёмаў ад тундры да стэпаў; пералётныя. На Беларусі найб. трапляюцца: паручайнік, траўнік, чарныш, фіфі (T. glareola), перавозчык (T., або Actitis, hypoleucos, — часам вылучаюць у асобны род). У. ахоцкі (T. guttifer) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, паручайнік і У. вялікі (T. nebularia) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 37 см, маса да 200 г. У афарбоўцы апярэння спалучаюцца белы, шэры, чарнаваты колеры. Цела верацёнападобнае. Дзюба прамая або крыху загнутая ўверх. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Нясуць да 4 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Уліты: 1 — вялікі; 2 — фіфі; 3 — перавозчык.

т. 16, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

група акумулятыўных раўнін у цэнтр. частцы Паўд. Амерыкі. Размешчаны на месцы тэктанічнага прагіну паміж Бразільскім пласкагор’ем на У, Андамі на З і Патагоніяй на Пд ад 10° да 39° паўд. ш. Уключаюць раўніны Мамарэ, Пантанал, Гран-Чака, Міжрэчча і Пампу. Выш. ад 50 м на У да 600 м на З. Складзены з магутнай тоўшчы дэлювіяльна-алювіяльных адкладаў, сярод якіх выхады больш трывалых парод, што ўтвараюць падняцці выш. да 1200—1400 м; на Пд пашыраны лёсы. Характэрна паслядоўная змена занальных тыпаў ландшафтаў ад субэкватарыяльных лясоў і саваннаў на Пн, праз трапічныя рэдкалессі ў цэнтры да субтрапічных саваннаў, прэрый і стэпаў на Пд. Уздоўж рэк Парагвай і Парана — пояс забалочаных лясоў.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Cinna; каля 130—84 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч, паплечнік Гая Марыя. У 87—84 да н.э. консул. Пасля ад’езду ў 87 да н.э. Л.К.Сулы на вайну з Мітрыдатам VI Еўпатарам прапанаваў законапраекты супраць суланцаў, але пацярпеў паражэнне і пакінуў Рым. Узначаліў (з К.​Серторыем) легіёны ў Кампаніі. Да яго арміі далучыліся італікі і рабы. Аб’яднаўшыся з войскамі Марыя, Ц. ўзяў у аблогу і захапіў Рым. Пасля смерці Марыя ўзначаліў папуляраў, правёў дэмакр. пераўтварэнні (адмяніў суланскія законы, размеркаваў італікаў па 35 трыбах, часткова скасаваў даўгі і інш.). Забіты ў час бунту легіянераў.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЕЦІ (Aythya),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. Да Ч. часам адносяць і нырцоў. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 4 віды Ч.: белавокая, ці белавокі нырэц, занесены ў Чырв. кнігу, чырвонагаловая, ці нырэц (A. ferina), марская (A. marila), чубатая (A. fuligula).

Даўж. да 50 см, маса да 1,4 кг. Самкі цёмна-шэрыя са стракацінамі. Апярэнне самцоў больш яркае, у розных відаў адрозніваецца. Дзюба доўгая, пляскатая. Нясуць 6—15 (часцей 8—12) яец. Кормяцца воднай расліннасцю, рыбай, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі насякомых і інш. Добра ныраюць. Аб’екты палявання. Іл. гл. таксама да арт. Белавокі нырэц, Нырцы.

Чэрнеці: 1 — марская; 2 — чырвонагаловая (а — самка, б — самец).

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРСЦЯНА́Я ТКАНІ́НА,

тканіна тэкстыльная з шарсцяной пражы. Чысташарсцяная тканіна мае да 10%, паўшарсцяная — 10—80% інш. валокнаў.

Паводле структуры нітак (пражы) Ш.т. падзяляюць на грабенныя (камвольныя), тонка- і грубасуконныя. Грабенную ткуць з гладкай і тонкай пражы грабеннага прадзіва, яна атрымліваецца тонкая, з добра бачным малюнкам перапляцення. Суконныя атрымліваюць з пухкай і параўнальна тоўстай пражы апаратнага прадзіва. Ш.т. вызначаюцца ўстойлівасцю да выцірання, дзеяння святла і хім. ачысткі, трываласцю, гіграскапічнасцю, высокімі цеплаахоўнымі якасцямі. Дабаўленне да шэрсці сінт. валокнаў павышае зносаўстойлівасць Ш.т., але зніжае іх гіграскапічнасць і павялічвае здольнасць да пілінгавання (утварэння валакністых камячкоў на паверхні тканін). З Ш.т. шыюць верхняе адзенне — сукенкі, касцюмы, паліто, выкарыстоўваюць у тэхн. мэтах. Гл. таксама Шарсцяная прамысловасць.

А.​А.​Калмыкова.

т. 17, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРЫДУ́ (Eridu),

адзін з найстаражытнейшых гарадоў Шумера; сучасны тэль Абу-Шахрайн на Пд Ірака. Узнік на беразе Персідскага зал. ў сярэдзіне 6-га тыс. да н.э. як цэнтр земляробчай культуры Пд Месапатаміі — т.зв. культуры Эрыду, потым эль-абейдскай культуры, з 4-га тыс. да н.э. — урукскай культуры. У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. У пач. 3-га тыс. да н.э. страціў сваё эканам. значэнне, але застаўся культавым цэнтрам бога вады і мудрасці Эа (Энкі). У выніку раскопак у 1918—20 і 1946—48 выяўлены сырцовыя дамы, грамадскія будынкі, зікурат, храмы на платформах, узведзеныя над ранейшымі свяцілішчамі, а таксама прадметы культу, керамікі, зброя і інш.

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)