КІ́ВІ (Apterygidae),

сямейства бяскрылых птушак атр. ківіпадобных. 1 род, 3 віды. Пашыраны ў Новай Зеландыі, К. звычайны (Apteryx australis) — на Паўн. і Паўд. а-вах і в-ве Сцьюарта, 2 інш. віды — К. вял. шэры (A. haasti) і К. малы (A. oweni) — на Паўд. в-ве. Скрытныя начныя птушкі. Жывуць у густых зарасніках.

Даўж. 50—80 см, маса 1,35—4 кг (самкі буйнейшыя за самцоў). Цела раўнамерна пакрыта воласападобнымі бураватымі пёрамі. Крылы і хвост адсутнічаюць; ногі кароткія, моцныя, з вострымі кіпцюрамі. Дзюба доўгая, гнуткая, з ноздрамі на самым канцы. Кормяцца беспазваночнымі, апалымі ягадамі.

Гнёзды ў гушчары, пад каранямі. Нясуць 1—2 вял. яйцы; наседжвае і водзіць маладых самец. Ахоўваюцца з 1921; К. малы занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Ківі звычайны.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл. Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г. Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.

т. 8, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНА-КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С,

разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.

Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.

Да арт. Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАДО́НІЯ (Cladonia),

род кусцістых лішайнікаў сям. кладоніевых. Больш за 400 відаў. Пашыраны па ўсіх раслінна-кліматычных зонах. На Беларусі 48 відаў. Найб. вядомыя: К. бясформенная (C. deformis), зграбная (C. gracilis), карыёзная (C. cariosa), махрыстая (C. fimbriata) і інш. У Чырв. кнігу занесена К. дзірваністая. Трапляецца на пясчанай і багатай гумусам глебе, на гнілой драўніне. У хваёвых лясах утварае суцэльнае покрыва.

Першасная слаявіна гарыз., з ліставатых лускавінак, часам накіпная, доўга захоўваецца або хутка знікае; другасная — верт. вырасты (падэцыі): цыліндрычныя, простыя ці галінастыя, часам кубкападобныя. Рознакаляровыя апатэцыі ўтвараюцца на верхавінках падэцыяў. Сумкі цыліндрычныя, з 8 спорамі. Споры бясколерныя, пераважна аднаклетачныя. Фікабіёнт — зялёная водарасць Trebouxia. Лек. і кармавыя расліны, індыкатар забруджвання навакольнага асяроддзя.

Н.​М.​Кобзар.

Адзін з відаў Кладоніі.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙН Барыс Самуілавіч (н. 1.11.1928, г. Віцебск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). З 1955 працаваў у Гродзенскім аддзяленні т-ва «Веды», з 1964 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1979 на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага ун-та. З 1992 у ЗША, навук. супрацоўнік ун-та ў Мінесоце. Даследуе рэв. барацьбу і нац.-вызв. рух Беларусі, Літвы і Расіі. Аўтар працы «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920—1939 гг.» (1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зб. «Вільнюскае падполле» (1966).

Тв.:

Найдено в архиве. Мн., 1968;

В годину испытаний. Мн., 1986;

За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920—1938 гг.). Мн., 1986;

Время выбора. Мн., 1987;

Взгляд из прошлого. Мн., 1989.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМІ́ТА Пётр Бластус (Бластусовіч Пётр),

выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.​Л.​Намыслоўскага, у зб. прыказак С.​Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.​Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Георгій Данілавіч (26.2.1929, в. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1994),

бел. крытык, публіцыст, кінадраматург. Скончыў Кудымкарскі настаўніцкі ін-т (Пермская вобл., 1947), Бел. тэатр. ін-т (1951). У 1947—74 працаваў у Бел. т-ры оперы і балета, Рус. драм. т-ры Беларусі, у рэсп. газетах, час. «Неман», Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар кн. «Сучаснікі ў грыме і без грыму» (1963), зб. артыкулаў «Дыялог праз рампу» (1967), брашур па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных кіна- і тэлефільмаў («Беларуская сюіта», 1966; «Купалаўцы», 1970; «Іван Шамякін», 1979; «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала», 1982; «Старажытныя паркі», 1989, і інш.).

Тв.:

Аўтографы Андрэя Макаёнка. Мн., 1992;

Карані міфаў Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАЦЬ Юзаф (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.​Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.​І.​Ярмоленка.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна

(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),

расійская пісьменніца, дзеяч міжнар. сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.​М.​Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.​В.​Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.​Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел у рабоце К-та пільнасці, чл. ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Северный вестник».

І.​М.​Масляніцына.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)