ФРЭ́ЗА ДАРО́ЖНАЯ,

самаходная машына, прычапное ці навясное абсталяванне для змешвання грунтоў з вяжучымі матэрыяламі пры буд-ве дарог і для фрэзеравання паверхні дарожных пакрыццяў пры іх рамонце і рэгенерацыі.

Рабочы орган Ф.д. — ротар (вярчальны барабан з метал. лапаткамі або рэжучымі зубамі), дадатковае абсталяванне — кіркоўшчык (рама з замацаванымі на ёй зубамі). Разнавіднасць Ф.д. — фрэза дыскавая, прызначаная для ўтварэння пазоў і фарміравання кантаў беражкоў у асфальтабетонных пакрыццях.

На Беларусі Ф.д. выпускаюць прадпрыемствы «Амкадор» і «Дорвектар».

І.​І.​Леановіч.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНІКУЛЁР (франц. funiculaire ад лац. funiculus вяроўка, канат),

чыгунка з канатнай цягай для перамяшчэння пасажыраў і грузаў на кароткую адлегласць па стромкіх пад’ёмах і спусках (з вуглом да 35°). Грузавыя Ф. таксама наз. пад’ёмнікамі, элеватарамі. З’явіліся ў 1854 у Італіі і Аўстрыі, у Расіі — у пач. 20 ст. ў гарадах Ніжні Ноўгарад і Кіеў.

Вагоны рухаюцца паміж верхняй і ніжняй станцыямі пры дапамозе каната, які звязвае іх з цягавай лябёдкай, размешчанай на верхняй станцыі, скорасць да 5 м/с.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 600 м на ПнУ ад в. Хартова Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату. Даўж. 5,7 м, шыр. 4,9 м, выш. 2 м, у абводзе 15,4 м, аб’ём 60 м³, маса каля 150 т. Формай нагадвае «барановы лоб» — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з ПдУ Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д,

злучэнне хлору з вадародам, HCl.

Бясколерны газ з рэзкім пахам, у вільготным паветры моцна дыміць; tпл 114,2 °C, tкіп, 85,1 °C. Водны раствор Х.в. — саляная кіслата. У прам-сці атрымліваюць сінтэзам з элементаў і як пабочны прадукт пры хлараванні арган. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці салянай к-ты і арган. хлорзмяшчальных рэчываў, у т. л. палімераў. Таксічны, раздражняе скуру і слізістыя абалонкі, разбурае зубы, выклікае катар верхніх дыхальных шляхоў; ГДК у атм. паветры — 0,05 мг/м³.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́ЧКА, эструс,

псіхафізіялагічны стан самак млекакормячых жывёл, які папярэднічае спарванню. Адпавядае перыяду палавой актыўнасці самак і супадае з часам выспявання фалікулаў у яечніках (фалікулярная фаза палавога цыкла). Выяўляецца перыядычна (да пакрыцця самкі) з характэрным для кожнага віду жывёл інтэрвалам у некалькі сутак, тыдняў, месяцаў (напр., у пацука — 4—6 сут, каровы — 21 сут). Таксама Ц. наз. адна са стадый вагінальнага цыкла (адпавядае канцу палавога цыкла). Адбываецца выдзяленне клетак эпітэлію похвы, часам з крывацёкам (напр., у сабак).

т. 17, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫГАНО́Ў Дзмітрый Міхайлавіч (12.3.1903, г. Саратаў, Расія — 1992),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1922). Адзін з заснавальнікаў (1927) і ўдзельнік (да 1977) Квартэта імя Л.​Бетховена. У 1930—86 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1935 праф., у 1956—81 заг. кафедры). Канцэртаваў як саліст і ў ансамблі з буйнымі музыкантамі свету. Першы выканаўца шматлікіх твораў рас. і замежных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Аўтар апрацовак для скрыпкі. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 17, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУНО́Ў Уладзімір Максімавіч (н. 2.3.1953, г.п. Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н., праф. (1992). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1979), дзе і працуе (з 1990 заг. кафедры). Гал. гепатолаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па інфекц. хваробах, прафілакт. імунізацыі.

Тв.:

Практика инфекциониста. 2 изд. Мн., 1994 (разам з У.​С.​Васільевым, В.​І.​Комарам);

Немедикаментозное лечение инфекционных больных. Мн., 1996 (з імі ж).

А.Цыркуноў. Поступ. 1988.

т. 17, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТРА́ЛЬ,

арганічнае злучэнне, альдэгід тэрпенавага шэрагу (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCHO. Кампанент многіх эфірных алеяў (леманграсавага, лімоннага, эўкаліптавага і інш.).

Светла-жоўтая вадкасць з моцным лімонным пахам, tкіп 228—229 °C, шчыльнасць 888—895 кг/м³. Існуе ў выглядзе ізамераў — гераніялю і нералю. Раствараецца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Рэакцыяздольнае рэчыва, на паветры хутка акісляецца. Атрымліваюць з эфірных алеяў і сінт. шляхам з ізапрэну, ацэтону і ацэтылену. Выкарыстоўваюць як кампанент харч. эсенцый, парфумерных кампазіцый, лек. сродкаў і інш.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКА́НКА,

1) адзін з працэсаў аб’ёмнай штампоўкі, што заключаецца ў абцісканні штампаванай дэталі ў чыставым штампе для павышэння дакладнасці памераў і якасці паверхні (напр., пры вырабе манет, медалёў).

2) Атрыманне рэльефных відарысаў на тонкаліставых загатоўках (гал. чынам медных) шляхам ручнога выбівання з дапамогай чакана.

3) Апрацоўка паверхні вырабаў, атрыманых ліццём (гал. чынам вырабаў прыкладнога мастацтва), з мэтай ліквідавання дробных дэфектаў.

4) Ч. швоў — ушчыльненне заклёпачнага шва шляхам асаджвання ч. металу ўздоўж канта шва і па перыметры заклёпачных галовак.

т. 17, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ БАГДА́НАЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца на беразе воз. Багданаўскае ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Валун дробназярністага ружова-шэрага мігматыту з ружовымі жылкамі (2—5 см) палявога шпату. Даўж. 3,4 м, шыр. 3,1 м, выш. 2,2 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём 12,3 м³, маса 33 т. Прынесены ледавіком каля 20—12 тыс. г. назад са Скандынаўскага п-ва. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)