ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НА, зона гілей,

прыродная зона сушы экватарыяльнага пояса па абодвух баках ад экватара. Характарызуецца вільготным і гарачым экватарыяльным кліматам, мноствам мнагаводных рэк і балот, наяўнасцю шматметровай кары выветрывання, адсутнасцю або слабай выразнасцю сезоннай рытмікі прыродных працэсаў. У ландшафтах пераважаюць густыя шмат’ярусныя вільготныя вечназялёныя лясы, якія вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю (40—100 т/га за год надземнай расл. масы) і выключнай разнастайнасцю відаў з мноствам пальмаў, ліян, эпіфітаў; на ўзбярэжжы мораў — мангравыя лясы. Зона размешчана пераважна на нізінах; у Паўд. Амерыцы (у бас. Амазонкі), Экватарыяльнай Афрыцы, на а-вах Малайскага архіпелага і Акіяніі.

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛАНГА́ЦЫЯ (ад лац. elongo аддаляюся) нябесных свяціл, 1) Э. зоркі — становішча зоркі ў яе бачным сутачным руху па нябеснай сферы, калі яе азімут прымае найб. Ae (усходняя Э.) ці найменшае Aw (заходняя Э.) значэнні.

2) Э. планеты — становішча планеты на арбіце, пры якім вуглавое аддаленне яе ад Сонца максімальнае. Вугал Э. Венеры — 48°, Меркурыя — ад 18° да 28° (мяняецца з прычыны вял. эксцэнтрысітэта яго арбіты). Гэтыя планеты ва ўсходняй Э. бачны ўвечары, у заходняй — раніцай. Вугал Э. інш. планет мяняецца ад 0° да 180°. Гл. таксама Канфігурацыі планет.

Элангацыя зоркі.

т. 18, кн. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́Т,

электратэхнічная прылада, што складаецца з токаправоднай абмоткі і ферамагнітнага асяродка, які пры праходжанні па абмотцы эл. току набывае ўласцівасці магніта (намагнічваецца). Выкарыстоўваюць для стварэння магн. поля ў эл. машынах, цягавых намаганняў у прывадных механізмах і грузападымальных устройствах, прыладах аўтаматыкі і інш., а таксама для стварэння магн. палёў пры навук. даследаваннях.

У Э. пастаяннага току асяродак суцэльны, у Э. пераменнага току — з ліставой электратэхн. сталі, каб паменшыць страты на ўтварэнне віхравых токаў. Абмоткі вырабляюць з ізаляванага алюмініевага ці меднага проваду, ёсць Э. з абмоткай са звышправоднага матэрыялу (гл. Звышправодны магніт).

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ТРУ́БКА, электронна-прамянёвая прылада,

электравакуумная прылада, у якой для светлавой індыкацыі, камутацыі і інш. выкарыстоўваецца вузкі электронны пучок, які фарміруецца і кіруецца па інтэнсіўнасці электронным пражэктарам. Становішча пучка ў прыладзе змяняецца з дапамогай адхіляльнай сістэмы.

У асцылаграфічных і прыёмных тэлевізійных трубках электронны прамень стварае на люмінесцэнтным экране святлівыя пункты, у выніку чаго ствараецца бачны відарыс. У назапашвальных і перадавальных тэлевізійных трубках электронны прамень абягае (сканіруе) мішэнь і пераўтварае бачны відарыс у відэасігнал. У электронных камутатарах электронны прамень абягае ў пэўным парадку ізаляваныя адзін ад аднаго электроды (ламелі), далучаныя да знешніх эл. ланцугоў.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

сістэма ацяплення памяшканняў, што складаецца з эл. ацяпляльных прылад, у якіх эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую. Награвальны элемент — найчасцей дрот напальвання з вял. удз. супраціўленнем з ніхрому, канстантану, фехралю.

У Э.а. выкарыстоўваюцца прылады з адкрытымі награвальнымі элементамі (электракамін, электрарэфлектар і інш.), закрытымі — награваюць ваду, масла (радыятар), што цыркулююць у замкнёнай ёмістасці, або элементамі, замураванымі ў сценавыя канструкцыі і інш. Закрытыя прылады выключаюць магчымасць апёкаў і прыгарання пылу. Прылады для Э.а. звычайна займаюць мала месца, маюць невял. масу і лёгка рэгулююцца па цеплааддачы. маюць высокі ккдз, гігіенічныя. Награвальныя прылады з адкрытымі элементамі небяспечныя ў пажарных адносінах.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРЫЗІ́ФЕ (Erysiphe),

род мучністарасяных грыбоў сям. эрызіфавых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 26 відаў. Найб. вядомыя Э.: баршчэўнікавы (E. heraclei); злакавы (E. graminis) і шэраг яго форм; звычайны (E. communis); зяберавы (E. galeopsidis); цыкорыевы (E. cichoracearum) і інш. Развіваюцца пераважна на раслінах сям. бабовых, злакавых, складанакветных, ясноткавых. Узбуджальнікі мучністай расы.

Міцэлій паверхневы, павуціністы, белы або шараваты, з пузырападобнымі гаўсторыямі. Споранашэнне канідыяльнае і сумчатае. Канідыі эліпсоідныя, адзіночныя або ў ланцужках. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, цёмныя. Сумкі эліпсоідныя, сабраныя ў клейстатэцыі ў шчыльны пучок. Сумкаспоры па 2—8 у сумцы.

С.​І.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТРАГО́Н, палын эстрагонавы,

тархун (Artemisia dracunculus),

від кветкавых раслін сям. складанакветных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі заносны від, зрэдку трапляецца на чыг. насыпах, уздоўж дарог, на сметніках. Культывуецца як харч. расліна, лёгка дзічэе.

Шматгадовая, травяністая, карэнішчавая расліна выш. да 120 см. Сцёблы прамыя, адзіночныя або па 3—5, галінастыя. Лісце суцэльнае, лінейнае. Кветкавыя кошыкі жоўтыя, шарападобныя, у густым мяцёлчатым суквецці. Плод — сямянка. Маладыя парасткі і лісце маюць эфірны алей, ужываюцца ў ежу як салата, прыправа, выкарыстоўваюцца пры кансерваванні, у кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне.

Дз.​І.​Траццякоў.

Эстрагон.

т. 18, кн. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),

венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎКЛІ́Д (Eukleides; 3 ст. да н.э.),

старажытнагрэчаскі матэматык. Працаваў у Александрыі. Навук. даследаванні па матэматыцы, астраноміі, оптыцы, тэорыі музыкі. Гал. праца — «Асновы» (у латынізаванай форме — «Элементы») складалася з 15 кніг і ўключала элементарную геаметрыю (гл. Эўклідава геаметрыя, Эўклідава прастора), тэорыю лікаў, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, элементы тэорыі лімітаў і інш. У ёй падведзены вынікі развіцця антычнай матэматыкі і закладзены фундамент для далейшых матэм. даследаванняў.

Тв.:

Рус. пер. — Начала Евклида. Кн. 1—15. М.; Л., 1948—50.

Літ.:

Ван дер Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика Древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959.

Эўклід.

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ФЫ (Echis),

род змей сям. гадзюкавых. 3 віды. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы. Паўд., Паўд.-Зах. і Сярэдняй Азіі. Жывуць у гліністых і пясчаных пустынях і паўпустынях. Найб. вядомыя Э.: пясчаная (E. carinatus, або E. multisquamatus) і стракатая (E. colorata).

Даўж. да 80 см. Афарбоўка шараватая або бураватая, з малюнкам са светлых зігзагападобных палос. На галаве зверху рабрыстая луска, на ёй светлы крыжападобны малюнак. Луска па баках тулава з зубчастымі рабрынкамі, якія пры скручванні тулава выдаюць характэрны гук. На хвасце знізу рад шчыткоў. Яйцажывародныя. Кормяцца дробнымі пазваночнымі. насякомымі. павукападобнымі. Ядавітыя.

Эфа пясчаная.

т. 18, кн. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)