ТУНГУ́СКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбуйн. вугальных басейнаў на тэр. Краснаярскага краю (90%), часткова Рэспублікі Саха (Якуція) і Іркуцкай вобл. ў Расійскай Федэрацыі. Размешчаны на Сярэднесібірскім пласкагор’і ад р. Хатанга да Транссібірскай магістралі. Вядомы з 1860. Пл. каля 1045 тыс. км². Агульныя геал. запасы 2089 млрд. т. Вугляносныя адклады карбону—пярмі (магутнасць 350—1460 м), маюць да 40 вугальных пластоў. Вуглі бурыя, каменныя, антрацыты з шырокім марачным саставам. Выяўлены таксама бурыя вуглі юрскага і палеагенавага ўзросту.

т. 16, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫСЕ́ЛІУС, Тызеліус (Tiselius) Арне Вільгельм Каўрын (10.8.1902, Стакгольм —29.10.1971), шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН (з 1956 яе прэзідэнт), Нац. АН ЗША (1949). Скончыў Упсальскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1938 праф., з 1951 дырэктар Ін-та біяхіміі). У 1960—64 прэзідэнт Нобелеўскага к-та па хіміі. Навук. працы па даследаванні адсорбцыі і электрафарэзу. Распрацаваў метады электрафарэтычнага і адсарбцыйна-храматаграфічнага аналізу біяпалімераў, у т. л. бялкоў сывараткі крыві. Даказаў комплексную прыроду сываратачных бялкоў. Нобелеўская прэмія 1948.

А.Тыселіус.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАДАЛІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,

адна з тапаграфічных здымак для атрымання контурнага плана мясцовасці. Выконваецца з дапамогай тэадаліта. Выкарыстоўваецца для гарыз. здымкі горных вырабатак (маркшэйдэрская Т.з.), у інж. мэтах на раўнінных тэрыторыях, у нас. пунктах, на трансп. вузлах і інш., у маштабах 1:2000 і больш. Комплекс работ: згушчэнне здымачнай сеткі, здымка контураў і прадметаў мясцовасці з запісам вымярэняў і вядзеннем абрысу, вылічэнне каардынатаў пунктаў, пабудова каардынатнай сеткі і нанясенне пунктаў па каардынатах, стварэнне контурнага плана.

П.​П.​Явід.

т. 16, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЬ (Tell) Вільгельм, швейцарскі нац. герой; гал. персанаж швейц. нар. легенды «Паданне пра стралка». Паляўнічы, жыхар в. Бюрглен (кантон Уры). Быў змушаны габсбургскім ландфогтам (даверанай асобай) Геслерам збіць стралой з лука яблык з галавы свайго малога сына. Выканаўшы гэты загад, Т. пазней стралой забіў Геслера і ўзначаліў паўстанне супраць панавання аўстр. Габсбургаў (14 ст.). У аснове падання пра Т. — звесткі з хронік 15 і 16 ст. Найб. вядомы маст. вобраз Т. стварыў у аднайм. драме Ф.​Шылер (1804).

т. 16, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРЫТО́РЫЯ (лац. territorium ад terra зямля),

1) частка паверхні зямной сушы з прыроднымі, а таксама створанымі ў выніку чалавечай дзейнасці ўласцівасцямі і рэсурсамі. Характарызуецца працягласцю (плошчай), асаблівасцямі геагр. становішча, пэўным тыпам прыроднага ландшафту, гасп. асвоенасцю і інш. 2) Адм.-тэр. адзінка ў некат. краінах; вылучаецца нараўне з асн. адм. адзінкай па прыкметах (адзнаках) меншай абжытасці і асвоенасці і інш., з абмежаванымі правамі мясц. кіравання. Т. вылучаецца ў Аўстраліі, Венесуэле, Індыі, Канадзе (нараўне са штатамі і інш. адм. адзінкамі).

т. 16, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБЕ́К Султан Мухамед (? — 1342),

хан Залатой Арды з 1313. Умацаваў ханскую ўладу, увёў іслам як дзярж. рэлігію і праследаваў іншаверцаў. Каб аслабіць падначаленую яму Русь, распальваў варожасць паміж князямі. Асудзіў на смерць цвярскіх (і б. вял. уладзімірскіх) князёў Міхаіла Яраславіча (1318), Дзмітрыя (1325) і Аляксандра (1339) Міхайлавічаў, у 1327 жорстка задушыў антыардынскае паўстанне ў Цверы, якая з таго часу ўжо не магла на роўных змагацца з Масквой за першынство на Русі. Ад яго імя паходзіць этнонім узбекі.

т. 16, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАСЦІ́ВАСЦЬ,

філасофская катэгорыя, якая характарызуе той бок прадмета, які абумоўлівае яго адрозненне ці падабенства з інш. прадметамі і выяўляецца ва ўзаемадзеянні з імі. Кожная У, мае адносны характар: залежыць ад самога прадмета і ад тых прадметаў, з якімі ён узаемадзейнічае. Усялякая канкрэтная рэч характарызуецца бясконцай колькасцю У., адзінства якіх з’яўляецца яе якасцю. Адрозніваюць У. спецыфічныя, агульныя і ўсеагульныя (атрыбуты), гал. і негалоўныя, неабходныя і выпадковыя, знешнія і ўнутр., сумяшчальныя і несумяшчальныя, аддзельныя і неаддзельныя і інш.

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРАЧЫ́ БЕЗ МЕ́ЖАЎ»

(Médecins sans frontiéres),

незалежная гуманітарная група. Створана ў 1971 у Парыжы групай медыкаў. Да канца 1990-х г. аб’яднала медыкаў з 45 краін, якія аказвалі мед. дапамогу параненым у ваен. канфліктах і ў час стыхійных бедстваў. «У.б.м.» дзейнічалі без дазволу афіц. улад (мед. дапамога муджахідам, якія ваявалі з сав. войскамі ў Афганістане ў 1980-я г., чэчэнскім сепаратыстам у 1990-я г. і г.д.), што прыводзіла да канфліктаў з урадамі шэрагу краін. Нобелеўская прэмія міру 1999.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́Й, Хусей (Houssay) Бернарда Альберта (10.4.1887, Буэнас-Айрэс — 21.9.1971), аргенцінскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Аргенцінскай нац. акадэміі медыцыны, Нац. АН Буэнас-Айрэса. Д-р н. (1910), праф. (1912). Скончыў ун-т Буэнас-Айрэса (1907). З 1915 у Ін-це бактэрыялогіі, з 1919 ва ун-це Буэнас-Айрэса. Навук. працы па вывучэнні дзейнасці эндакрынных залоз. Адкрыў ролю гармонаў гіпофіза ў рэгуляцыі вугляводнага абмену, развіцці цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1947 (з К.Ф.Коры і Г.​Т.​Коры).

В.​Ф.​Ермакоў.

Б.А.Усай.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСПЕ́НСКІ Яўген Канстанцінавіч (18.10.1891, Вільнюс — 29.10.1937),

бел. фізік. Праф. (1936). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). З 1923 у БДУ (з 1929 дэкан фіз.-матэм. ф-та). У 1931—36 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі. З 1936 заг. кафедры фізікі Гомельскага пед. ін-та. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, гісторыі і метадалогіі навукі. Рэпрэсіраваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)