ХЛО́ДВІГ I (Chlodwig; каля 466—27.11.511),

кароль салічаскіх франкаў з 481 (пазней — усяго Франкскага каралеўства). З дынастыі Меравінгаў. У 486 пашырыў уладанні салічаскіх франкаў да р. Луара, што стала зыходным этапам стварэння Франкскай дзяржавы. Заваяваў большасць зямель алеманаў (496), выгнаў з Паўд. Галіі вестготаў (507), падпарадкаваў франкаў, што жылі па сярэднім цячэнні Рэйна. Умацаваў каралеўскую ўладу. У 496 прыняў хрысціянства ў артадаксальнай форме (інш. герм. плямёны прытрымліваліся арыянства), што спрыяла ўмацаванню яго ўлады, забяспечвала яму падтрымку духавенства і добразычлівыя адносіны гала-рымскага насельніцтва. Сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Парыж. Пры Х. запісана Салічаская праўда.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЕ́ЛЕЎСКАЯ ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Хмелева Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1725 на могілках. У архітэктуры спалучаюцца рысы барока з элементамі класіцызму. У 19 ст. перароблены тамбур, зменены верх, побач з храмам пастаўлена драўляная каркасная 2-ярусная званіца. Царква ў плане крыжовая, з 5-граннай апсідай і 2 рызніцамі. Да гал. зах. фасада, які ўтварае бабінец, прыбудаваны тамбур з шырокай лесвіцай. У дэкоры выкарыстаны масіўныя руставаныя лапаткі па вуглах і на гал. фасадзе. Над сяродкрыжжам фігурная шмат’ярусная галоўка. Пры царкве дзейнічае мужч. пустынь.

Т.​І.​Чарняўская.

Хмелеўская Праабражэнская царква.

т. 17, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЕ́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (1905, Мінск — вясна 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Да вайны на гасп. рабоце. У час акупацыі Мінска з вер. 1941 удзельнічаў у арганізацыі-падполля, разам з М.К.Каржанеўскім кіраваў падп. групай у Кастр. р-не горада, накіроўваў дзейнасць камсамольска-маладзёжных груп. З мая 1942 сакратар падп. Кастр. райкома КП(б)Б, з чэрв. чл. Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзела па арганізацыі дыверсій, удзельнічаў у распаўсюджванні падп. газ. «Звязда» і лістовак. У кастр. 1942 арыштаваны і вясной 1943 загублены ў фаш. катавальнях.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Аляксандр Ільіч (н. 10.6.1954, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1985), дац. (1988). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ, з 1986 у БДУ (з 1989 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні біясенсараў, спектраскапіі біяструктур, праводнасці двухслойных ліпідных мембран, мембраннай біяфізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Одиночные ионные каналы и макроскопическая проводимость бислойных липидных мембран (у сааўт.) // Биофизика. 1989. Т. 34, № 1;

Биофизические механизмы функционального отклика клеток (у сааўт.) // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7. Біялогія. Геаграфія.

А.​Б.​Самаль.

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОЛАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ (Holobasidiomycetidae),

падклас базідыяльных грыбоў (па класіфікацыі, заснаванай на марфалогіі базідый). 2 групы парадкаў (гіменаміцэты, гастэраміцэты), 600 родаў, больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 160 родаў, больш за 1,2 тыс. відаў. Пераважна глебавыя сапратрофы (напр. вясёлка, порхаўка, рагацік), мікарызаўтваральнікі (напр. падасінавік, падбярозавік, труфель), дрэваразбуральнікі (напр. гняздоўка, губавыя грыбы, дамавыя грыбы), паразіты раслін (напр. апенька восеньская, танатэфорус агурковы). Многія ўтвараюць буйныя пладовыя целы, у т. л. ядомыя (напр. баравік, грыбная капуста, шампіньён). Характэрная асаблівасць — наяўнасць цэльнай, аднаклетачнай, цыліндрычнай або булавападобнай базідыі з 4, радзей 2 спорамі на верхавінцы.

С.​Л.​Бельская.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛІ (Holley) Роберт Уільям (28.1.1922, г. Эрбана, ЗША — 11.2.1993),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Д-р філасофіі (1947). Скончыў Ілінойскі (1942) і Корнелскі (1947) ун-ты. З 1947 у Вашынгтонскім, з 1948 у Корнелскім ун-тах. З 1966 у Ін-це Солка, адначасова з 1968 ва ун-це Каліфорніі (г. Сан-Дыега). Навук. працы па расшыфроўцы будовы індывід. транспартных РНК (тРНК). Атрымаў (1962) высокаачышчаныя прэпараты 3 прыродных тРНК і вызначыў (1965) поўную структуру адной з іх — аланінавай. Нобелеўская прэмія 1968. (з Х.Г.Каранам, М.У.Нірэнбергам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Р.У.Холі.

т. 17, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́МІЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 24.1.1951, в. Кунаховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1997), праф. (1998). Скончыў БДУ (1973) і працаваў у ім з 1976. З 2001 заг. кафедры, нам. дырэктара Ін-та перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ. Навук. працы па праблемах крымін. і крымін.-выканаўчага права.

Тв.:

Уголовная ответственность за угон транспортных средств. Мн., 1982;

Правовая концепция реализации (исполнения) мер уголовной ответственности в Республике Беларусь. Мн., 1996;

Теоретические проблемы уголовной ответственности. Мн., 1997;

Формы реализации уголовной ответственности. Мн., 1998.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́НДА МО́ТАР»,

буйная японская кампанія, якая выпускае легкавыя аўтамабілі, матацыклы, спец. тэхніку і рухавікі, а таксама распрацоўвае тэхн. навіны ў аэранаўтыцы і навігацыйных сістэмах. Засн. ў 1946 інжынерам Суіціра Хонда як Ін-т тэхн. даследаванняў, пераўтвораны ў 1948 у кампанію. Штаб-кватэра ў Токіо. Кампанія займае 1-е месца ў свеце па вытв-сці рухавікоў і матацыклаў. Мае 437 падраздзяленняў і даччыных кампаній у свеце, 109 вытв. прадпрыемстваў у 29 краінах. На асн. вытв. прадпрыемствах занята больш за 61 тыс. чалавек. Размеркаваннем, размяшчэннем і продажам прадукцыі «Х.М.» на Беларусі займаецца кампанія «Парытэт сэрвіс».

М.​Б.​Жукава.

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ПКІНС, Гопкінс (Hopkins) Фрэдэрык Гоўленд (20.6.1861, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 16.5.1947), англійскі вучоны ў галіне біяхіміі; адзін з заснавальнікаў вітаміналогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1905, у 1930—35 яго прэзідэнт). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Лонданскі ун-т (1894), дзе і працаваў. З 1898 у Кембрыджскім ун-це (з 1914 праф.). Навук. працы па біяхіміі азоцістага абмену ў арганізме. Адкрыў трыптафан (1901), у складзе малака — вітаміны (A і D), што стымулююць рост, глутатыён (1921). Сфармуляваў палажэнне аб незаменных фактарах харчавання — незаменных амінакіслотах (1906). Нобелеўская прэмія 1929 (з Х.Эйкманам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Г.Хопкінс.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РАВА Святлана Аляксееўна (н. 5.1.1943, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія),

расійскі і бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р н. (1992), праф. (1995). Скончыла Томскі ун-т (1965). З 1968 у Ін-це біялогіі і біяфізікі Томскага ун-та (з 1992 нам. дырэктара), з 1996 у Бел. Нац. тэхн. ун-це. Навук. працы па праблемах індывід. устойлівасці арганізма да ўздзеяння фактараў навакольнага асяроддзя і павышэння рэзістэнтнасці праз рэгуляцыю асн. жыццёвых функцый.

Тв.:

Нейрогуморальная регуляция процессов срочной адаптации организма. Томск, 1993 (разам з М.​А.​Мядзведзевым);

Natural and nuclear anomalies and life protection. Vilnius, 1998 (у сааўт.).

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)