А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.
Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі , дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле:
, дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры , ) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).
Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;
Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;
Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.
М.А.Ельяшэвіч.
т. 2, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫЯ СУТЫКНЕ́ННІ,
гл. Сутыкненні атамныя.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНА́ЛЬНАСЦЬ
(ад а... + танальнасць),
адсутнасць класічнай танальнасці ў музыцы. Тэрмін узнік на пач. 20 ст. для абазначэння новай дысанантнай, заснаванай на 12-тонавасці музыкі, пазбаўленай класічнай мажора-мінорнай цэнтралізацыі.
Новая сістэма кампазіцыі, якая кампенсуе адсутнасць класічных танальных сувязяў і засцерагае музыку ад гукавой анархіі, распрацавана аўстр. муз. тэарэтыкам А.Шонбергам (гл. таксама Дадэкафонія, Серыйная тэхніка). Над абгрунтаваннем прынцыпаў дысанантнай музыкі з 1950-х г. працавалі І.Руфер (Германія), Ю.Халопаў, М.Тараканаў (Расія) і інш. У 1980-я г. разам з атанальнасцю ўзнікла паняцце атанікальнасці як асаблівай танальнай структуры без рэальна выяўленай тонікі, але з відавочнымі танальнымі сувязямі. Атанікальнасць вылучае 4 тыпы (станы) танальнасці: лунаючую, пераменную, шматзначную і знятую.
На 12-тонавасці засн. многія творы бел. кампазітараў Дз.Смольскага, С.Картэса, В.Войціка, Р.Суруса, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага і інш., дзе кантраст танальных і атанальных эпізодаў служыць для рэалізацыі асаблівай маст. задумы.
Т.Г.Мдывані.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНА́САЎ (Atanassoff) Сірыл
(н.30.6.1941, Пюто, каля Парыжа),
французскі артыст балета. Вучыўся ў балетнай школе пры Парыжскай оперы, з 1957 у трупе гэтага т-ра. Танцоўшчык героіка-рамант. плана. Яго выкананню ўласцівы эмацыянальнасць і элегантнасць. Сярод партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Цар Іван («Іван Грозны» на муз. С.Пракоф’ева), у балеце «Агон» І.Стравінскага. Прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1975).
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАНІ́Я
(ад грэч. atonia расслабленасць, вяласць),
адсутнасць фізіял. тонусу ў мышцах шкілета і ўнутраных органаў. Узнікае пры захворванні нерв. сістэмы, унутр. органаў, пры эндакрынных і інфекц. хваробах, недастатковым харчаванні і парушэнні абмену рэчываў. Можа быць прыроджаная і набытая. Ва ўнутр. органах трапляецца атанія страўніка (парушэнне стрававання), кішак (запоры), маткі пры родах (цяжкія роды) і пасля родаў (крывацёк). Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення, лакалізацыі і ступені пашкоджання.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́Н-ЛАРА́ (Autant-Lara) Клод
(н. 5.8.1903, г. Люзарш, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Дэбютаваў у кіно ў 1919 як мастак. У 1930 зняў адну з першых шырокафарматных стужак «Раскладанне агню». У 1933 дэбютаваў у гукавым кіно (камедыя «Цыбулька»). З 1939 ставіў фільмы-экранізацыі: «Шлюб Шыфон», «Любоўныя лісты», «Пяшчотная»; сярод лепшых — паводле рамана Стэндаля «Чырвонае і чорнае» (1954). У фільмах 1950—70-х г. адчуваюцца сац. накіраванасць, антываен. пратэст: «Д’ябал у цялесным вобразе», «Праз Парыж», «Не забі», «Бульба», «Дзённік жанчыны ў белым», «Новы дзённік жанчыны ў белым», «Глорыя».
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАПА́СКІ,
атабаскі (саманазва дэнэ, на-дэнэ), група роднасных па мове індзейскіх плямёнаў (апачы, навахі, чайпеваі, кучыны, кенайцы і інш.). Патомкі перадапошняй міграцыйнай хвалі з Азіі ў Паўн. Амерыку (12 ст.). Жывуць на Алясцы, на Пн Канады, на ўзбярэжжы Ціхага ак. ад штата Вашынгтон да паўд.-ўсх. Каліфорніі, у штатах Арызона, Нью-Мексіка, Аклахома. Частка асімілявана амер. культурай, але большасць жыве з паляўніцтва, гандлю футрам, рыбалоўства.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́РА,
статак авечак, які фарміруецца для сумеснай пасьбы і ўтрымання. У атару адбіраюць жывёл адной пароды, аднародных паводле полу, узросту, племянной каштоўнасці, а матак — з улікам тэрмінаў іх асемянення. Памер атары 200—1000 галоў. На племянных фермах атары на 20% меншыя, чым на прамысловых.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАРА́КСІЯ
(ад грэч. ataraxia спакойнасць),
паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАРГА́ТЫС, Дэркато,
Атара Атаратэ, у заходнесеміцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці і дабрабыту, адна з найб. шанаваных у арамейскім пантэоне, апякунка г. Пальміра. Атаясамлівалася з Афрадытай. Грэч. пісьменнік-сатырык Лукіян прысвяціў Атаргатыс трактат «Аб Сірыйскай багіні».
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)