функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.
Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл.Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш. Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.
Літ.:
Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;
Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;
Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́ЛІІ (ад лац. universalis агульны, усеагульны),
агульныя паняцці. Праблема анталагічнага і гнасеалагічнага статусу У. займае адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філасофіі і звязана з пытаннямі пра сутнасць быцця, суадносін абстрактнага і канкрэтнага, агульнага і адзінкавага, мыслення і рэчаіснасці.
Вучэнне пра У. акрэслілася ў філасофіі Платона, які лічыў, што У. адпавядае сапраўднае (ідэальнае) быццё, а адзінкавыя, канкрэтныя рэчы эмпірычнага свету — вынік драблення і абмежаванасці ідэальнага пры яго ўзаемадзеянні з небыццём. Арыстоцель сцвярджаў, што агульнае мае другаснае значэнне і для пазнання выяўляецца толькі ў першасных сутнасцях (адзінкавых аб’ектах, даступных пачуццёваму вопыту). У сярэдневяковай схаластыцы ў вырашэнні праблемы У. вылучыліся 3 супрацьлеглыя кірункі: наміналізм, рэалізм і канцэптуалізм; т.зв. «спрэчкі пра У.» адыгралі важную ролю ў развіцці анталогіі, логікі і сістэматызацыі тэалогіі. Новы падыход да праблемы У. распрацаваў І.Кант, які разглядаў У. як элемент сінтэзу, што стварае прадмет пазнання, а не як самаст. сутнасць. З 20 ст. ў распрацоўцы праблемы У. развіваюцца традыц. падыходы (наміналістычны ў неапазітывізме, кантыянскі ў фенаменалогіі, платонаўскі ў неарэалізме і інш.) і вылучаюцца новыя трактоўкі У., якія фіксуюць моўныя і сац.-камунікатыўныя (У. ван О.Куайн, Л.Вітгенштэйн) і культуралагічныя (Э.Касірэр, Ж.Дэлёз і інш.) аспекты У.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для адводу цеплаты ад цела, якое ахаладжаецца, і перадачы яе ахаладжальнаму асяроддзю (вадзе, навакольнаму паветру). Дзеянне грунтуецца на розных халадзільных цыклах. Найб. пашыраны кампрэсійныя і абсарбцыйныя Х.м., у якіх ахаладжэнне дасягаецца кіпеннем холадагенту. У халадзільнай тэхніцы выкарыстоўваюць таксама параэжэктарныя і тэрмаэл. Х.м.
У кампрэсійных Х.м. холадагент кіпіць (выпараецца) у выпарніку і аднімае цеплату ў цела, што ахаладжаецца. Утвораная пара адпампоўваецца кампрэсарам, сціскаецца ім і падаецца ў кандэнсатар, дзе ахаладжаецца вадой або паветрам (кандэнсуецца). Потым холадагент зноў паступае ў выпарнік. У абсарбцыйных Х.м. рабочае рэчыва — растворы 2 кампанентаў з рознымі т-рамі кіпення. Кампанент з больш нізкай т-рай кіпення выконвае функцыю холадагенту, другі — абсарбенту. У выпарніку за кошт цеплаты, што аднімаецца ад ахаладжальнага цела, холадагент выпараецца, а ўтвораная пара паглынаецца абсорберам. У параэжэктарных Х.м. сціснутая вадзяная пара расшыраецца ў эжэктары, стварае разрэджванне ў выпарніку, што даводзіць т-ру кіпення вады да ≈5 °C (выкарыстоўваецца як холадагент); тэрмаэлектрычныя заснаваны Пельцье з’яве, складаюцца з электрычна звязаных тэрмаэлементаў. Выкарыстоўваюцца Х.м. ў розных галінах прам-сці (харч., буд., хім., медыцыне) і побыце (гл.Халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАГЛА́СНІКІ,
уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн.царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав.нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст.дан.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст.дан.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,
будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл.Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́РЫО (Ontario),
возера ў ЗША і Канадзе, ніжняе ў сістэме Вялікіх азёраўПаўн. Амерыкі. Пл. 19,5 тыс.км². Даўж. 311 км, шыр.да 90 км. Глыб.да 237 м. Пл. водазбору каля 90 тыс.км². Праз р. Ніягара прымае сцёк азёраў, што ляжаць вышэй; з возера выцякае р.Св. Лаўрэнція. Антарыо — частка суднаходнага шляху, які злучае Атлантычны ак. з унутр. раёнамі ЗША і Канады. Суднаходныя каналы звязваюць Антарыо з воз. Эры (канал Уэленд) і р. Гудзон (каналы Асуіга і Эры). Ледастаў са снеж.да красавіка. Пасля збудавання плаціны на р.Св. Лаўрэнція (1958) Антарыо знаходзіцца ў падпоры. Буйныя парты: Таронта, Гамільтан, Кінгстан (Канада), Рочэстэр (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАХ (Barlach) Эрнст (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),
нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.