БЕРТАЛУ́ЧЫ ((Bertolucci) Бернарда) (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА (ад бія... + астранаўтыка),
комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм. прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л.чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
аднаўленне з дапамогай біял. сродкаў і метадаў урадлівасці зямель, гасп., рэкрэацыйных, эстэт. і інш. карысных уласцівасцяў зямельных тэрыторый, парушаных гасп. дзейнасцю чалавека. З’яўляецца этапам рэкультывацыі зямель, што адбываецца пасля завяршэння горнатэхнічнай рэкультывацыі і папярэднічае ўвядзенню іх у гасп. абарот. Уключае комплекс агратэхн. і фітамеліярацыйных мерапрыемстваў: сяўба траў, пасадка кустоў і дрэў з высокай азотфіксавальнай здольнасцю (напр., вольха чорная і шэрая, абляпіха, акацыя белая, лох вузкалісты і інш.), раслін-сідэратаў (лубін, баркун), задзярноўванне, залужэнне ці аблясенне спланаванай паверхні парушаных зямель, абагачэнне іх біягенамі і мікраарганізмамі за кошт спец. угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́ЙСКІ (Арэст Георгіевіч) (н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз.чл.АМСССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.В.Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1978.
Н.В.Шаранговіч.
А.Вярэйскі. Рыгор і Аксіння. Ілюстрацыя да кнігі М.А.Шолахава «Ціхі Дон». 1951—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЭ́Н (Gabin) Жан [сапр.Манкаржэ
(Moncorgé) Жан Алексі; 17.5.1904, Мер’ель, каля Парыжа — 15.11.1976], французскі кінаакцёр. З 1923 выступаў у муз. рэвю і аперэтах, з 1930 — у кіно. Прынёс на экран дух дэмакратызму, які спалучаўся з валявым, дзейсным пачаткам і павагай да асобы. Стварыў на экране вобраз чалавека, вернага сваім уяўленням пра абавязак і справядлівасць, які адстойвае сваю незалежнасць: «Вялікая ілюзія» (1937),
«Набярэжная туманаў» (1938), «Каля сцен Малапагі» (1948), «Ноч — маё панаванне» (1951), «Уладары гэтага свету» і «Адвержаныя» (1958), «Вуліца Прэры» (1959), «Божы гром» (1965), «Кот» (1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЕР ((Dreyer) Карл Тэадор) (3.2.1889, Капенгаген — 20.3.1968),
дацкі кінарэжысёр, сцэнарыст. Адзін са стваральнікаў дацкага маст. кінематографа. Рэжысёрскую дзейнасць пачаў у 1918. Ужо ў фільме «Старонкі з Кнігі Сатаны» (1920) выявілася яго імкненне да максімальнай выразнасці кінамовы. У фільмах «Удава пастара» (1920, Швецыя), «Міхаэль» (1924, Германія), «Паважай сваю жонку» (1925) фарміруецца асн. тэма творчасці Д. — адзіноцтва чалавека, які адстойвае сваю духоўную свабоду, асуджанага іншы раз на пагібель. Найб. поўна гэта тэма раскрыта ў фільме «Страсці Жанны д’Арк» (1927, Францыя) — адным з самых значных дасягненняў «нямога» кіно. Сярод інш. фільмаў: «Дзень гневу» (1943), «Слова» (1955), «Гертруда» (1965). Здымаў таксама дакумент. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),
прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.
Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.