1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай XL = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.Бураўкіна і А.Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі).
Літ.:
Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІТА́ЎРАС»,
«Гіпацэнтаўр», прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш як 30 родаў Беларусі і Літвы, у т. л. Дуброўніцкія, Гальшанскія, Гарнастаі, Стравінскія. На сярэбраным полі выява сярэбранага кентаўра, які страляе з лука, замест хваста ў яго змяя. Клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. У ВКЛ выявы кентаўра вядомы на пячатках князя С.І.Гальшанскага пры дакументах 1388, 1431, 1433. З гэтага часу выява кентаўра ператварылася ў герб «К.» спачатку роду Гальшанскіх, потым і інш. Паводле легенды 16 ст., герб належаў Даўспрунку, які ў часы рымскага імператара Нерона разам з Палемонам і інш. перасяліўся з Італіі ў Літву. Нашчадкамі Даўспрунка лічыліся вял. князь ВКЛТрайдзень і яго нашчадкі, т. зв. дынастыя Кітаўрасаў. Паводле летапісаў, князь Нарымонт з роду Кітаўрасаў, калі быў вял. князем ВКЛ, адмовіўся ад уласнага герба «К.» і прыняў «Пагоню», якая стала гербам дзяржавы. Як геральдычная фігура кентаўр сустракаецца на стараж.-рус. пячатках і манетах 14—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМАНСО́ ((Clemenceau) Жорж Бенжамэн) (28.9.1841, Муйрон-ан-Парэ, Францыя — 24.11.1929),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1918). Па адукацыі ўрач. У перыяд Другой імперыі ў рэсп. апазіцыі. У дні Парыжскай камуны 1871 як дэпутат Нац. сходу ўдзельнічаў у няўдалых перагаворах з камунарамі. У 1875 узначальваў гар. савет Парыжа. У 1876 зноў абраны дэпутатам Нац. сходу (да 1893), узначальваў яго радыкальна-рэсп. крыло. У час працэсу над капітанам А.Дрэйфусам абараняў яго. З 1902 сенатар. У 1906—09 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў (прычынай падзення яго кабінета сталі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў забастовачнага руху). У 1917—20 зноў прэм’ер-міністр і ваен. міністр. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (яе старшыня), аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919, арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі. Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1920 адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар прац «Дэмасфен» (1925), «Бляск і ўбоства адной перамогі» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,
сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці надузр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розных геагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЕЦ-ФІЛІМО́НАВА (Алена Рыгораўна) (н. 13.10.1932, Мінск),
бел. пісьменніца. Дачка Р.Я.Кобеца. Скончыла Бел. кансерваторыю (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971). Выкладала музыку ў навуч. установах Расіі, Беларусі. У 1971—83 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1959. У творах для дзяцей і юнацтва тэмы дабрыні, любові да роднай зямлі, праблемы экалогіі і маральна-этычныя. Аўтар паэт. зб-каў «Казка пра месяц» (1963), «Залаты ручнік» (1972), аповесцей «Жаваранкі над Хатынню» (1973), «Блакітны экспрэс» (1976; аднайм. п’еса, паст. 1978), рамана «Агні за перавалам» (1985), кнігі нарысаў пра Грэцыю «У каралеўстве... але не казачным» (1968), сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры» (паст. 1974). На бел. мову пераклала зб. вершаў грэч. паэта Я.Рыцаса «Макронісас» (1973).