ГРЭНЛА́НДСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Грэнландыя, Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжы і Шпіцберген. Пл. 1195 тыс. км². Найб. глыб. 5527 м. У зах. частцы халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, ва ўсходняй — цёплае Шпіцбергенскае цячэнне. Т-ра вады летам ад 0 °C на ПнЗ да 6 °C на Пд, зімой ад 1—2 да -1 °C. Салёнасць 32—34 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). Рыбалоўства (траска, палтус, мойва); промысел грэнландскага цюленя. Гал. парты: Лонгйір і Барэнцбург (в-аў Шпіцберген), Акурэйры (в-аў Ісландыя).

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬКЕ́ВІЧ (Георгій Іванавіч) (н. 15.4.1935, в. Бараўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералаг. навук (1987). Скончыў БДУ (1958). З 1976 гал. геолаг Бел. гідрагеал. экспедыцыі. Навук. працы па методыках і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, складанні зводных геал. картаў, вывучэнні стратыграфіі антрапагенавых адкладаў, геал. будовы і карысных выкапняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Геология антропогена Белоруссии Мн., 1973 (у сааўт.);

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982 (у сааўт.);

Логойская астроблема. М., 1991 (у сааўт.).

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУІЦЫЯНІ́ЗМ,

кірунак у асновах матэматыкі і логікі, які лічыць інтуіцыю гал. і адзіным крытэрыем правамернасці метадаў і вынікаў гэтых навук. Узнік у пач. 20 ст. (Л.​Браўэр, Г.​Вейль, А.​Гейтынг і інш.). Адмаўляе выкарыстанне ў матэматыцы і логіцы ідэі актуальнай бясконцасці і выключанага трэцяга прынцыпу. Паводле І., прадметам даследаванняў матэматыкі выступаюць разумовыя пабудовы матэм. аб’ектаў, што разглядаюцца па-за залежнасцю ад свету рэчаў. У адрозненне ад інтуітывізму не проціпастаўляе інтуіцыю логіцы, якую разглядае толькі як частку матэматыкі, а лагічныя тэарэмы — як матэм. тэарэмы найвышэйшай ступені агульнасці.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,

нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10​−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 10​4 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,

спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.​Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.​Іваніцкі, А.​Мрочак, Р.​Станкевіч, М.​Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕІ́Н (ад лац. caseus сыр),

складаны бялок — фосфапратэід, у якім рэшткі фосфарнай кіслаты ўтвараюць складаны эфір з гідраксільнай групай серыну.

Малекулярная маса 75—100 тыс Раствараецца ў разбаўленых шчолачах і ў водных растворах солей. Неаднародны, падзяляецца на α-, β- і φ-К., якія розняцца амінакіслотным саставам і фіз.-хім. ўласцівасцямі. Састаўная ч. малака, тварагу, сыру, брынзы (каровіна малако мае 2,5—4,5, жаночае 0,3—0,9% К.). Адзін з гал. бялкоў ежы (мае ўсе незаменныя для жыўлення арганізма амінакіслоты). Выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці пластмас, штучнага валакна. клею, фарбы.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВАЧКІН (Сямён Аляксеевіч) (11.9.1900, Смаленск, Расія —9.6.1960),

савецкі авіяканструктар. Чл.-кар. АН СССР (1958). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1943, 1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1927). З 1929 працаваў у розных авіяц. КБ, з 1935 гал. канструктар па самалётабудаванні, з 1939 узначаліў КБ. Пад яго кіраўніцтвам створаны самалёты-знішчальнікі Ла-5, -7, -9, -11, -15, -176, -190, -200, ЛаГГ-1, -3 (разам з В.​П.​Гарбуновым і М.​І.​Гудковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1948.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Яўген Барысавіч) (н. 9.7.1932, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання і апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1955). У 1968—69 нам. гал. рэдактара Бел. Сав. Энцыклапедыі, з 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў ціскам, распрацоўцы канструкцый тэхнал. абсталявання.

Тв.:

Самоходные погрузчики. М., 1963 (разам з Я.​А.​Волчакам, М Д.​Бернштэйнам);

Новые материалы в технике. Мн., 1971 (разам з Я.​І.​Бельскім, А.​М.​Дзмітровічам);

Прокатка в порошковой металлургии. М., 1987.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,

помнік архітэктуры франц. готыкі 12—13 ст. у г. Лан. Пабудаваны ў 1150—1215 на месцы сабора, што згарэў у 1111. Крыжападобная ў плане 3-нефавая базіліка ўключае гал. неф з галерэяй і трыфорыем, трансепт, фланкіраваны 4 вежамі (2 не скончаны), хор без апсіды, квадратную ў плане вежу-ліхтар над сяродкрыжжам. Зах. фасад з 3 парталамі і традыц. акном-ружай фланкіраваны 2 вежамі з фігурамі быкоў. У інтэр’еры вітражы (у хорах — 13 ст.), рашотка хораў 18 ст.

Ланскі сабор.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)