германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм.вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням.г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген.В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн.чал.), каля 10 тыс.артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн.чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер.герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс.чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс.чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл.Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).
Літ.:
Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;
Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;
Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;
Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;
Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;
Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф.Мн., 2000.
В.А.Астрога, У.В.Грыбоўскі.
Да арт.Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі былопаўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНА,
горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс.ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр.арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс.ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв.бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л.Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.
Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн.Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл.Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс.чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.
Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-дтэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.
Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл.Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл.Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн.Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед.ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял.Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед.ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн.Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч.г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л.Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж.ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл.Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).
У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.
Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел.літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл.Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкідрам. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял.Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл.літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв.арг-цыяРСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ.«Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел.т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ.«Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г.час.«Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт.газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».
Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.
Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл.арг-цыяБел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.
Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз.т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус.тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).
Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв.«Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л.Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш.Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз.навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз.т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-вамуз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн.пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.
Літ.:
Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл.Мн., 1986;
Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;
Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),
чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА,
навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).
Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст.італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.
У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.Штэйніца, Э.Арціна, Э.Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.І.Мальцаў і А.Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл.Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.
Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш.Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.
Літ.:
Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЦТВА,
сялянская буржуазія, якая выкарыстоўвала наёмную працу парабкаў, сельскай беднаты, займалася ліхвярствам, гандлем, адначасова прымала непасрэдны ўдзел у с.-г. і прамысл. вытворчасці. Кулак выступаў і як прадпрымальнік-капіталіст, і як ліхвяр, гандляр. Ён спалучаў таварна-капіталіст. земляробства з аддачай зямлі ў кабальную арэнду, адработкамі, ліхвярствам, скупкай хлеба, лёну, пянькі і інш. Многія кулакі трымалі прамысл.-гандл. прадпрыемствы (млыны, крупадзёркі, алейні, крамы і інш.), дзе таксама шырока выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. У Рас. імперыі перыяду феадалізму ва ўмовах запрыгоньвання пераважнай часткі сялянства і панавання натуральнай сял. гаспадаркі, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці таварна-грашовых адносін, К як тып сял. насельніцтва не існавала. Яно пачало складвацца пасля сялянскай рэформы 1861. Да канца 19 ст. на Беларусі налічвалася прыблізна 50 тыс. (каля 8%) кулацкіх гаспадарак. Ва ўмовах капіталіст. развіцця К. паступова сканцэнтроўвала ў сваіх руках усё больш зямлі, рабочай і прадукцыйнай жывёлы, с.-г. машын, палепшаных прылад працы і ў выніку — с.-г. вытворчасці. Яно значна ўмацавалася пасля сталыпінскай аграрнай рэформы. У Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны К. складала каля 11% усіх сял. гаспадарак, валодала амаль 20% сял. надзельнай і больш як 80% купленай зямлі. вял. плошчай арандаваных зямель, 26,7% коней, 36,6% плошчы пасеваў. На яго долю прыпадала 37% сял. вытворчасці збожжа, 38,8% — бульбы. У Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, працэс фарміравання К. ў выніку расслаення сялянства быў далёка не завершаны.
У першыя гады пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 шырокія масы былі ўцягнуты ў бескампрамісную барацьбу з К. як «класавым ворагам». Вынікам яе стала аслабленне заможных груп сялянства, яго колькаснае змяншэнне. У 1920 К. складала не больш за 2% аднаасобных гаспадарак Віцебскай і Гомельскай губ. (супраць амаль 10% на Беларусі ў 1917). Кулак як самастойная сіла ці сельскі капіталіст, што жыў за кошт наёмнай працы, па сутнасці перастаў існаваць. Дзейснымі спосабамі барацьбы з ім былі адзяржаўленне сельскай гаспадаркі, раскулачванне, харчразвёрстка, абмежаванні ў правах (забарона арэнды і найму рабочай сілы, паліт. ізаляцыя і інш.). У гады новай эканамічнай палітыкі з правядзеннем курсу на абмежаванне і выцясненне К. рост яго аднавіўся. У 1927 удзельная вага кулацкіх гаспадарак сярод сял. гаспадарак БССР складала 4,1%. У 1928 з пачаткам пераходу да выцяснення К. гал. чынам адм.-паліт. метадамі пачалося яго эканам. аслабленне і адноснае скарачэнне (да 1929 да 2%). Гэтаму садзейнічалі таксама пашырэнне «самараскулачвання», абвастрэнне напружанасці ў вёсцы, акты тэрору. У канцы 1929—30 у сувязі з пераходам да палітыкі ліквідацыі К. як класа на базе суцэльнай калектывізацыіасн. метадам змагання з ім стала экспрапрыяцыя. Барацьба з К., паводле вызначэння некат. даследчыкаў, паставіла вёску на мяжу «сапраўднай (адкрытай) сялянскай вайны», «грамадзянскай вайны» ці «ўсеагульнага сялянскага паўстання».
Да 1933 К. як клас, паводле вызначэння І.В.Сталіна, было разгромлена, але не дабіта. У ходзе барацьбы з рэшткамі К., хутарской сістэмай і іншадумствам адначасова з поўнай ліквідацыяй К. практычна перастала існаваць аднаасобная гаспадарка. Паводле афіц. звестак, да сярэдзіны 1934 у БССР раскулачана 35 тыс. гаспадарак. У перыяд суцэльнай калектывізацыі (1929—32), згодна з ацэнкамі некат даследчыкаў, пад раскулачванне трапіла каля 48—64 тыс. гаспадарак. У Зах. Беларусі ліквідацыя К. пачалася пасля ўз’яднання яе з БССР, завяршылася ў пач. 1950-х г. З канца 1920-х да пач. 1940-х г. і ў пасляваен. гады ў бел. вёсцы пацярпелі як кулацкія каля 8% сял. гаспадарак, а сярод ліквідаваных — пераважная большасць. Барацьба з К. з’явілася эфектыўным спосабам паскарэння калектывізацыі, ліквідацыі традыцыйных форм гаспадарання, падпарадкавання сельскай эканомікі задачам парт.-дзярж. улады.
Літ.:
Ленін У.І. Развіццё капіталізма ў Расіі // Тв.Т. 3. (Полн. собр. соч.Т. 3);
Ковальченко И.Д. Некоторые вопросы генезиса капитализма в крестьянском хозяйстве России // История СССР. 1962. № 2;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Липинский Л.П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін АМ. На крутым павароце рэвалюцыйных і ваенных падзей на Беларусі, 1917—1921 гг. // Человек и экономика. 1997. № 5;
Яго ж. На перавале: (Некаторыя аспекты метадалогіі нэпа і яго супярэчнасцей) // Гуманітарна-экан. весн. 1998. № 2.
В.П.Панюціч (да 1917), А.М.Сарокін (1917—1950-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш.было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.