КСЯНДЗО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,18 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 3,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд і З невыразныя. Берагі сплавінныя, месцамі пад хмызняком. На З, Пд і ПдУ забалочаная пойма шыр. да 250 м, парослая хмызняком. Дно глеістае. Зарастае.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Уладзілен Аляксандравіч (н. 20.2.1931, г. Пскоў, Расія),

бел. геолаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (з 1989). Д-р геолага-мінералагічных н. (1973). Скончыў Ленінградскі ун-т (1955). З 1971 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па геахіміі алювіяльнага літагенезу, палеагеаграфіі і палеагеахіміі кайназою, геалогіі антрапагенавага перыяду.

Тв.:

Геохимия аллювиального литогенеза. Мн., 1973;

Аллювиальные комплексы отложений земной коры Белоруссии и их металлоносность. Мн., 1978 (разам з Л.​І.​Матрунчыкам);

Радиогеохимия речных долин. Мн., 1997.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭЛА́ДЗЕ Апалон Караманавіч (6.1.1900, г. Цулукідзе, Грузія — 25.6.1972),

грузінскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1970). Чл.-кар. АМ СССР (1967). Скончыў Тбіліскую АМ (1926), з 1943 выкладаў у ёй (з 1946 праф., з 1959 дырэктар). Для твораў характэрна эмацыянальнасць, напружаныя колеравыя кантрасты, дынамічнасць мазка: «Сярго Арджанікідзе заклікае горцаў на абарону г. Грозны» (1938), «Радасны ўраджай» (1953), «На чайных плантацыях Грузіі» (1957), «Збор вінаграду» (1961), «Паляванне царыцы Тамары» (1970).

А.Кутатэладзе. Сярго Арджанікідзе заклікае горцаў на абарону г. Грозны. 1938.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́НЬ (ням. Latun),

сплаў медзі з цынкам (ад 4 да 50%); найб. пашыраны з медных сплаваў. Вызначаецца добрымі мех. ўласцівасцямі, высокай каразійнай устойлівасцю, пластычнасцю, трываласцю.

З простых (двайных) Л. дадатковым легіраваннем алюмініем, волавам, жалезам, марганцам, нікелем і інш. элементамі атрымліваюць складаныя. Напр., алавяная Л. (адміралцейская, ці марская) мае 1—1,5% волава, устойлівая ў марской вадзе; алюмініевая Л. — 0,4—2,5% алюмінію, колерам нагадвае золата Выкарыстоўваюць у машына-, судна- і прыборабудаванні, для вырабу знакаў адрознення, маст. і ювелірных вырабаў.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),

шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ Валянцін Вітальевіч (н. 14.4.1942, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1982), лётчык-касманаўт СССР (1973), д-р тэхн. н. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1966). З 1972 у атрадзе касманаўтаў. 18—26.12.1973 з П.І.Клімуком здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як бортінжынер); 13.5—10.12.1982 з А.М.Беразавым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-5» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як бортінжынер); вярнуўся на Зямлю на касм. караблі «Саюз Т-7». У космасе правёў 219,3 сут.

В.Ц.Лебедзеў.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,

полімінеральныя, звычайна жалезіста-мантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя гліны з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; часта з дамешкам пяску і арган. рэчываў. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці грубых керамічных вырабаў (гл. Керамічная прамысловасць, Керамічная сыравіна), цэменту, керамзіту і інш. Лепшыя гатункі пластычных Л.г. выкарыстоўваюць для вырабу посуду і ў мастацкай кераміцы. На Беларусі разведаны значныя паклады Л.г. для вытв-сці цэглы, абліцовачных камянёў і дрэнажных труб; улічаны 232 радовішчы з запасамі 251,6 млн. м³, эксплуатуецца 100 радовішчаў.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЛЯ Еўдакія Сцяпанаўна (15.3.1927, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 24.11.1976),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1975). Скончыла Віцебскі мед. ін-т (1951), працавала ў ім (з 1960 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях і механізме ўтварэння лек. устойлівасці ў бактэрый.

Тв.:

Характеристика антибиотикограмм возбудителей дизентерии // Антибиотики. 1968. № 6;

Концентрация пенициллина в крови у больных ревматизмом при введении им бициллина (разам з А.​Л.​Шнчук, З.​С.​Клевановіч) // Здравоохранение Белоруссии. 1968. № 5.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)