АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІРЫЯЛО́ГІЯ,
галіна ўсходазнаўства, якая вывучае мову, гісторыю і культуру стараж. народаў Двухрэчча (шумераў, вавіланян, асірыйцаў, хетаў і інш.) і суседніх краін, што карысталіся клінапісам. Часам узнікнення асірыялогіі як навукі лічаць 1857, калі быў расшыфраваны першы клінапісны тэкст. База для развіцця асірыялогіі закладзена даследаваннямі Г.Роўлінсана, які адкрыў у Іране клінапісныя надпісы цара Дарыя I, працамі Г.Ф.Гротэфенда па расшыфроўцы стараж.-перс. клінапісаў, археал. раскопкамі на тэр. Ірака, дзе ў 1-й пал. 19 ст. выяўлены рэшткі асірыйскіх гарадоў (Ніневіі, Дур-Шарукіна і інш.), знойдзены каштоўныя дакументы (б-ка асірыйскага цара Ашурбаніпала, архіў Тэль-эль-Амарна, законы вавілонскага цара Хамурапі і інш.). Поспехаў у галіне асірыялогіі дасягнулі Ф.Цюро-Данжэн (Францыя), Г.Цымерн і Б.Мейснер (Германія), С.Н.Крамер (ЗША), Б.Грозны (Чэхія) і інш. У Рас. імперыі асірыялогіяй займаліся У.С.Галянішчаў, М.В.Нікольскі, беларус К.А.Касовіч, які ў 1871 выдаў стараж.-перс. клінапісныя надпісы. У сав. час пытанні Асірыялогіі распрацоўвалі І.М.Дзьяканаў, М.М.Нікольскі, В.В.Струвэ, Б.А.Тураеў, А.І.Цюменеў, У.К.Шылейка і інш. На Беларусі праблемамі асірыялогіі (хеталогія) займаецца Г.І.Даўгяла. Важнейшымі цэнтрамі асірыялогіі з’яўляюцца Усходні ін-т у Чыкага (ЗША), Багдадскі музей, Луўр (Парыж), Брытанскі музей (Лондан), Папскі біблейскі ін-т (Рым), ун-ты Прагі, Берліна, Лейдэна, С.-Пецярбурга, Тбілісі, Ерэвана і інш.
Літ.:
Фридрих И. Дешифровка забытых письменностей и языков: Пер. с нем. М., 1961;
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),
штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).
Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.
На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),
персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.
Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.М.Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.Д.Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.А.Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).
На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.Кіркору (1911), Я.Купалу (1953), К.Чорнаму (1954), П.Глебку (1957), Я.Ф.Карскаму (1958), М.Лынькову (1959), Я.Коласу (1983), К.Крапіве і І.Мележу (1963), П.Броўку (1976), М.Багдановічу (1977), Ф.Скарыну і У.Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.Г.Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае аб’екты на аснове геаметрычнага падыходу. Асн. паняцце графаў тэорыі — граф: мноства пунктаў (вяршынь) і мноства сувязей (рэбраў, дуг), што злучаюць некаторыя (або ўсе) пары вяршынь. Напр., сетка чыгунак, аўтамаб. (або інш.) дарог з пазначэннем на дугах адлегласцей паміж населенымі пунктамі або іх прапускных здольнасцей. Выкарыстоўваецца ў тэорыі перадачы інфармацыі, тэорыі трансп. сетак, камп’ютэрнай графіцы, аўтаматызацыі праектавання і інш.
Першыя задачы графаў тэорыі былі звязаны з рашэннем галаваломак і матэм. забаўляльных задач (напр., задачы аб Кёнігсбергскіх мастах, аб расстаноўцы ферзей на шахматнай дошцы, аб перавозках, кругасветным падарожжы, задача 4 фарбаў і інш.). Адным з першых вынікаў у графаў тэорыі быў крытэрый існавання абходу графа без паўтораў рэбраў (Л.Эйлер, 1736). У 19 ст. з’явіліся работы, у якіх пры рашэнні практычных задач атрыманы важныя вынікі ў графаў тэорыі (задачы пабудавання эл. ланцугоў, падліку хім. рэчываў з рознымі тыпамі малекулярных злучэнняў і інш.). У 20 ст. задачы, звязаныя з графамі, з’явіліся ў тапалогіі, алгебры, тэорыі лікаў, тэорыі імавернасці і інш.Найб. развіццё графаў тэорыя атрымала з 1950-х г. у сувязі са станаўленнем кібернетыкі і развіццём выліч. тэхнікі.
На Беларусі даследаванні па графаў тэорыі вядуцца ў БДУ (уплыў розных параметраў на ўласцівасці графаў), Ін-це матэматыкі (розныя прадстаўленні графаў, алгарытмічныя аспекты графаў тэорыі), Ін-це тэхн. кібернетыкі (графы ў задачах аптымальнага ўпарадкавання) Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЭ́ННЕ,
знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.
У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл.Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусінайб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім.прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.
А.Р.Архіпенка, У.М.Сацута.
Да арт.Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.
Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.
На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам А.С.Рубанава і Б.І.Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ і інш.