помнік архітэктуры 15—17 ст., за 20 км ад г. Валакаламск Маскоўскай вобл.Засн. як мужчынскі ў 1479 Іосіфам Волацкім. У складзе арх. ансамбля: каменныя сцены з шатровымі вежамі (1543—66, перабудаваны ў 17 ст.), Петрапаўлаўская надбрамная царква, трапезная з царквой Богаяўлення, Успенскі сабор (усе 17 ст.) у «нарышкінскім» стылі з кафляным фрызам «вока паўліна» (майстар С.Палубес), 9-ярусная званіца (1490, перабудавана ў 1670-я г.). Пасля 1917 музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),
1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл.Кабальныя халопы).
2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ГАН Юрый Майсеевіч (н. 6.7.1928, Масква),
расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Расійскай АН (1984; чл.-кар. 1970). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз.ін-т (1950). З 1956 у Рас.навук. цэнтры «Курчатаўскі ін-т». Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, малекулярнай фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, узаемадзеянні ядз. выпрамянення з рэчывам. Стварыў кінетычную тэорыю газаў з вярчальнымі ступенямі свабоды, пабудаваў мікраскапічную тэорыю металаў, прадказаў эфект падаўлення ядз. рэакцыі ў дасканалых крышталях. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́НЧАТЫ ВАЛ,
вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс.г. назад) на тэр.паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана зімерэцінскай культурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ Фёдар Фёдаравіч (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),
рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.Шаўчэнкі, Ф.Бруні, абодва 1862).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.Міцкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАЎ Барыс Паўлавіч (6.7.1910, Пецярбург — 9.7.1969),
савецкі фізік. Акад.АНСССР (1960, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1954). Вучыўся ў Ленінградскім політэхн. ін-це. З 1940 у Фізіка-тэхн. ін-це АНСССР (з 1957 дырэктар), з 1967 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па акустыцы, фіз. хіміі, фізіцы ізатопаў, фізіцы плазмы, астрафізіцы і галаграфіі. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1953.
Літ.:
Б.П.Константинов // Успехи физ. наук. 1970. Т. 100, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРЭ́НЦЫЯ,
сорт грушы, выведзены ў Вялікабрытаніі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве ў паўд.-зах. абласцях.
Дрэва моцнарослае, з высокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт ураджайны, пладаносіць штогод, слабазімаўстойлівы, устойлівы да паршы. Плады сярэдняй велічыні (120—150 г), бутэлькападобнай формы, зеленавата- ці саламяна-жоўтыя, з румянцам на сонечным баку. Мякаць ружовая ці цёмна-жоўтая, вельмі мяккая і сакавітая, салодкая з лёгкай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у канцы верасня — пач. кастрычніка. Захоўваецца да снежня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛЯТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ, савакупляльныя органы жывёл. У самцоў служаць для ўвядзення спермы ў цела самкі, у самак — для прыняцця К.о. самца і захоўвання спермы некат. час у жыццядзейным стане. Бываюць толькі ў жывёл з унутраным апладненнем: у многіх чарвей, малюскаў, членістаногіх, некат. рыб, птушак, бязногіх земнаводных і ўсіх паўзуноў (акрамя гатэрый) і млекакормячых. Адрозніваюць сапраўдныя К.о. (утвораны з канечных аддзелаў палавых праток) і не звязаныя анатамічна з палавой сістэмай (іх капулятыўная функцыя пабочная). Марфал. асаблівасці К.о. з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.