СТА́ЙКАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1941—жн. 1943 у в. Стайкі і Свістуны Багушэўскага (цяпер Аршанскага) р-на Віцебскай вобл. пад кіраўніцтвам Багушэўскага падп. райкома КП(б)Б. Падпольшчыкі (59 чал., кіраўнікі М.​М.​Дзятлоўскі, У.​Т.​Рыжыкаў) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі аднаўленне чыгункі Орша — Віцебск, работу лесапільні, захапілі нарабаваныя акупантамі і перадалі партызанам адзенне і абутак, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, збіралі і перадавалі партызанам боепрыпасы, медыкаменты, харч. прадукты, разведданыя. За час дзейнасці загінулі 23 падпольшчыкі, астатнія пайшлі да партызан.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЯРО́Ў Генадзь Канстанцінавіч (н. 24.10.1933, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Канд. фіз.-матэм. н. (1980). Скончыў Ленінградскі ун-т (1961). У 1968—90 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (заг. лабараторыі). У 1990—93 нам. дырэктара філіяла міжнар. канцэрна «Новыя інфарм. тэхналогіі». Навук. працы па пытаннях выліч. тэхнікі, сістэмнага праграмнага забеспячэння. Распрацаваў шэраг інфарм. дакумент.-фактаграфічных сістэм, першыя на Беларусі базы даных для розных галін ведаў. Дзярж. прэмія СССР 1970, Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Система автоматической обработки данных на базе языка КОБОЛ. М., 1971 (у сааўт).

М.​П.​Савік.

І.Сталяроў. Стары Полацк. 1966.

т. 15, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАВО́ЙТАЎ Валерый Васілевіч (н. 6.9.1955, г. Магілёў),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (2000). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах машыннай графікі, праграмнага забеспячэння выліч. комплексаў, лічбавай апрацоўкі відарысаў. Распрацаваў мадэлі, метады і алгарытмы для аўтаматызаваных сістэм стварэння лічбавых карт, апрацоўкі і аналізу відарысаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.);

Локальные геометрические методы цифровой обработки и анализа изображений. Мн., 1997.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАВО́ЙТАЎ Іван Мацвеевіч (4.6.1903, в. Горкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.5.2002),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1958), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў БДУ (1929). З 1937 у Мінскім мед. ін-це (з 1958 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях прафілактыкі пупочнага сепсісу нованароджаных, родаў пры папярочным размяшчэнні плода, прафілактыкі і лячэння пасляродавых хвароб, лячэння гнойных запаленняў прыдаткаў маткі, арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі.

Тв.:

Метрейриз в акушерской практике. Мн., 1959;

Беременность и роды. Мн., 1969;

Очерки гнойной хирургии в гинекологии и акушерстве. Мн., 1972.

т. 15, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДЗЕ́ТКА Яўген Аляксандравіч (н. 1.4.1933, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1988). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1957). З 1977 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі сістэм аўтаматызаванага праектавання, выліч. геаметрыі і машыннай графікі, тэорыі рухавікоў унутр. згарання (РУЗ). Распрацаваў метады сінтэзу аўтаматызаваных працэсаў праектавання і канструявання ў машынабудаванні, пабудовы нелінейных геам. мадэлей, матэм. апісання лекальных паверхняў, якасна новы прынцып работы РУЗ.

Тв.:

Математическое моделирование лекальных поверхностей Мн., 1984: Элементы вычислительной геометрии. Мн., 1986;

Супердвигатель. Мн., 1997 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РТАВЫ КО́МПЛЕКС касмадрома,

частка касмічнага комплексу, якая забяспечвае дастаўку ракеты-носьбіта з касмічным апаратам з тэхн. пазіцыі на стартавую, устаноўку іх на пускавое ўстройства (стартавы стол), запраўку ракеты-носьбіта палівам, выпрабаванні, выкананне ўсіх тэхнал. аперацый па падрыхтоўцы да пуску, пуск, сачэнне на актыўным участку палёту. Уключае тэхнал. абсталяванне, збудаванні з тэхн. сістэмамі, пад’язныя пуці. Мае 1 ці некалькі пускавых установак, цэнтр кантролю і кіравання пускам, дапаможныя службовыя збудаванні і пляцоўкі. Бывае стацыянарны ці перасовачны. Адрозненне паміж С.к. вызначаецца тыпам ракет, якія з іх запускаюцца. Гл. таксама Касмадром.

У.​С.​Ларыёнаў.

Стартавы комплекс касмадрома.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛЬБЕРГ (Stáhlberg) Карла Юха (28.1.1865, Суамусалмі, Фінляндыя — 22.9.1952),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч, юрыст. У 1908—18 праф. адм. права ун-та ў Хельсінкі. Адзін з лідэраў ліберальнага крыла младафінаў, якое ў снеж. 1918 утварыла Нац. прагрэс. партыю. У 1898—1903 сакратар, у 1905—07 чл. сената, у 1914 старшыня парламента. З 1918 прэзідэнт вышэйшага адм. суда, кіраваў распрацоўкай фінл. канстытуцыі 1919. У 1919—25 прэзідэнт Фінляндыі. Спрыяў заключэнню ў кастр. 1920 мірнага дагавора з РСФСР (гл. Савецка-фінляндскія дагаворы і пагадненні). У 1931 і 1937 кандыдат у прэзідэнты Фінляндыі. У 1926—46 чл. камісіі па падрыхтоўцы законаў.

т. 15, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛКО́Ў Віталь Георгіевіч (11.1.1930, в. Катэгурт Дэбескага р-на, Удмурція — 26.3.2000),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н., праф. (1977). Скончыў Усесаюзны с.-г. ін-т (1954). З 1963 у Бел. с.-г. акадэміі. Навук. працы па пытаннях рэкультывацыі выпрацаваных тарфянікаў, асаблівасцей і прыёмаў вырошчвання перспектыўных шматгадовых бабовых траў (рутвіцы рагатай). Кіраўнік распрацоўкі рэсурсазберагальнай тэхналогіі высокапрадукцыйных травастояў.

Тв.:

Параўнальная ураджайнасць бабовазлакавых травасумесей ва ўмовах сухадольнай пашы // Весці. АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1972. № 4;

Энергосберегающая технология создания сенокосов и пастбищ (разам з К.​К.​Курыловічам, Ю.​В.​Алёхінай) // Междунар. аграр. журн. 2000. № 9.

т. 15, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАМАТАПАРАІДЭ́І (Stromatoporoidea),

група выкапнёвых каланіяльных беспазваночных. Умоўна адносяць да кішачнаполасцевых або гідроідных паліпаў. Некалькі сям., каля 70 родаў. Жылі з ранняга палеазою да канца мезазою ў мелкаводнай зоне мораў. Рыфаўтваральнікі. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах сілуру і дэвону.

Памеры ад некалькіх міліметраў да 2 і больш метраў у папярочніку. Шкілет вапняковы, рознай формы (коркападобнай, сфераідальнай, конусападобнай і інш.), складаўся з гарыз. пласцін (ламін) і верт. элементаў (слупкоў), на паверхні — сістэма каналаў (астрарыз), якія складаліся з 1 верт. і адыходзячых ад яго на розных узроўнях гарыз. галінастых каналаў. Па рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 15, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́КАЧ Пётр Паўлавіч (н. 22 3.1937, в. Матыкалы Брэсцкага р-на),

бел. вучоны ў галіне інж. экалогіі. Канд. тэхн. н. (1973), праф. (1990). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). З 1972 у Брэсцкім тэхн. ун-це (у 1976—80 і з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па тэхналогіі ачысткі прыродных вод для гасп.-харчовых і тэхн. мэт. Распрацаваў тэхналогіі і ўстаноўкі для ачысткі вады ад арган. і завіслых рэчываў. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Технология очистки природных вод. 2 изд. Киев, 1986 (разам з Л.​А.​Кульскім);

Словарь терминов по химии и технологии воды. Брест, 1997.

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)