ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬКО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАПА́ЕЎ Іван Кірылавіч (20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),

генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.

І.К.Варапаеў.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСА́ДЗЕ Акакій Аляксеевіч (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),

грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.​Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.​Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.​Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКО́ЎНІЦА (Myrica),

род кветкавых раслін сям. васкоўнікавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі ў 1858 у Горацкім дэндрарыі высаджана васкоўніца звычайная (Myrica gale, расла да Вял. Айч. вайны). У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 2 амер. віды: В. вашчаная (Myrica cerifera) і пенсільванская (Myrica pensilvanica).

Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы выш. да 15 м. Лісце чаргаванае, простае, скурыстае, з дробнымі пахучымі залозкамі. Кветкі дробныя, у коласападобных суквеццях або адзіночныя, аднаполыя. Плод — зборная касцянка з васковым налётам. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і васканосныя), харч. (плады некаторых відаў ядомыя, лісце і суквецці выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай прам-сці), лек. (сродак супраць астмы і інш.) і ядавітыя расліны.

Васкоўніца звычайная.

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАЦО́Ў Сцяпан Сяргеевіч (29.12.1883, в. Вастрацова Бураеўскага р-на, Башкортастан — 3.5.1932),

ваенны дзеяч. Скончыў Ваен.-акад. курсы вышэйшага каманднага складу РСЧА (1924). З 1906 у арміі. За рэв. агітацыю сярод салдат у 1910 зняволены на 3 гады ў турму. У 1-ю сусв. вайну прапаршчык, узнаг. 3 Георгіеўскімі крыжамі. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір палка на Усх. і Зах. франтах, удзельнічаў у вызваленні ад польскіх войск Смалявіч, Мінска, Баранавіч, Ваўкавыска, Слоніма. У 1922 камандаваў групай войск пры вызваленні Прымор’я, у 1923 — экспедыцыяй па ліквідацыі войск ген. Пепяляева. У 1924—28 камандаваў дывізіямі на Беларусі. З 1929 камандзір корпуса, удзельнічаў у ліквідацыі канфлікту на Кітайска-Усх. чыгунцы. Чл. ЦВК БССР (1927—29). Адзін з першых кавалераў 4 ордэнаў Чырв. Сцяга.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТО́ (Watteau) Жан Антуан (10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),

французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар. жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.​Жыло і К.​Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).

Літ.:

А.​Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.​К.​Золотов. М., 1971;

Герман М. Антуан Ватто. 2 изд. Л., 1984.

А.Вато.
А.Вато. Паломніцтва на востраў Кіферу. 1717.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧКІ́ (Bidens),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 230 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў Амерыцы. На Беларусі па берагах вадаёмаў, на тарфяніках, у сырых лясах і хмызняках звычайна трапляюцца мясцовыя ваўчкі паніклыя (Bidens cernua) і трохраздзельныя (Bidens tripartita), рэдка — прамяністыя (Bidens radiata), а таксама занесеныя з Паўн. Амерыкі ваўчкі аблісцелыя (Bidens frondosa).

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае (верхняе рэдка чаргаванае), простае, цэласнае, 3—5-раздзельнае або рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, двухполыя, сабраныя ў гама- або гетэрагамныя кошыкі. Кошыкі адзіночныя або сабраныя ў гронка- ці шчытападобныя агульныя суквецці. Плод — сямянка з 2—4 учэпістымі шчацінкамі. Лек. (мачагонны, патагонны, вітамінны і інш. сродак) і тэхн. (фарбавальныя) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Ваўчкі: 1 — паніклыя, 2 — трохраздзельныя.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,

дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер. дзярж. сакратаром У.​Сьюардам і рас. пасланнікам Э.​Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн. дол. тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн. км² (​1/5 тагачаснай тэр. паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш. еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.

Літ.:

Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;

Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)