польскі паэт, перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1934). У 2-ю сусв. вайну падпольшчык, удзельнік Варшаўскага паўстання 1944. Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў вершаў «Гадзіна жыцця» (1946), «Снарад і слова» (1952), «Выбраныя вершы і пераклады» (1954), «Праніканне» (1965), «Бяссонне» (1975), эсэ «Падарожжа за тры моры. Эскізы пра рускую літаратуру» (1962), «Турботы паэтаў. Пра рускую паэзію XX ст.» (1972), «Рухомыя граніцы» (1988) і інш. Складальнік і перакладчык бел. паэзіі ў анталогіі «Сто трыццаць паэтаў» (1957), для якой пераклаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова, П.Панчанкі. Вершы Я.Купалы ў перакладзе П. апубл. ў зб. «Беларускія вершы» (1971). Перакладаў вершы Г.Ахматавай, А.Блока, У.Маякоўскага, Б.Пастарнака і інш. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі С.Дзяргай, П.Макаль. В.І.Гапава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ІНСПЕ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
спецыяльны орган, які ажыццяўляе нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правілаў па ахове працы. На Беларусі такія функцыі выконвае К-т па інспекцыі працы пры Мін-ве працы. У структуру К-та ўваходзяць: цэнтр. апарат, абл. і Мінскае гар. ўпраўленні, міжраённыя інспекцыі працы. Рашэнні К-та з’яўляюцца абавязковымі для выканання мін-вамі, інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання, выканаўчымі і распарадчымі органамі, наймальнікамі і службовымі асобамі. Асн. задачы П.і.п.: нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы; прафілактыка, выяўленне і выкараненне парушэнняў заканадаўства; правядзенне спец. расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытв-сці, а таксама кантроль за выкананнем наймальнікамі Палажэння аб расследаванні і ўліку няшчасных выпадкаў на вытв-сці, збор і аналіз інфармацыі аб няшчасных выпадках, прафес. захворваннях, парушэннях заканадаўства, падрыхтоўка прапаноў па іх папярэджанні і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,
заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.В.Алёхіным (1951).
Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
паўстанне 12—17 чэрв. насельніцтва Прагі супраць абсалютысцкага рэжыму аўстр.Габсбургаў. кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848—49 на чэш. землях. Непасрэднай падставай для паўстання стаў расстрэл 12 чэрв.аўстр. войскамі мірнай дэманстрацыі гараджан. Студэнты, рабочыя, рамеснікі і інш. пабудавалі барыкады і вялі баі з аўстр. гарнізонам. Паўстанне не мела агульнага плана і кіруючага цэнтра. Асобныя кіраўнікі (І.Фрыч, Л.Штур, М.А.Бакунін і інш.) спрабавалі надаць П.п. агульначэш. характар: у правінцыю былі пасланы рэв. агітатары. З 13 чэрв.чэш. лібералы Ф.Палацкі, П.І.Шафарык і інш. выступалі пасрэднікамі паміж пражцамі і аўстр. камандаваннем, аднак перагаворы паўстанцаў (патрабавалі стварэння Часовага ўрада, чэш.гал.ваен. камандавання і інш.) з пасланай з Вены ў Прагу ўрадавай камісіяй былі сарваны камандуючым аўстр. гарнізонам кн. А.Ф.Віндышгрэцам. 17 чэрв. пасля артыл. абстрэлу Прага капітулявала, многія ўдзельнікі П.п. рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводле астр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ ПАДЗЕ́МНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды, якія маюць у сабе карысныя выкапні (рэдкія і рассеяныя элементы, соль, соду) і выкарыстоўваюцца ў якасці гідрамінеральнай сыравіны. З П.п.в. здабываюць ёд, бром, літый, стронцый, рубідый і інш., таксама кухонную і калійную солі, соду. Асн. паказчык П.п.в. — колькаснае ўтрыманне карыснага рэчыва, мінім. канцэнтрацыя якога павінна забяспечыць рэнтабельнасць здабычы і перапрацоўкі. Мінім. канцэнтрацыі карысных кампанентаў складаюць у сярэднім: стронцый — 300 мг/дм3, бром — 250, калій — 100, ёд — 18, рубідый — 1, цэзій — 0,5 мг/дм3. Звычайна прымеркаваны да глыбінных частак буйных артэзіянскіх басейнаў, якія ўмяшчаюць высокамінералізаваныя воды і расолы хларыднага натрыевага (натрыева-кальцыевага) саставу. Здабыча карысных выкапняў з П.п.в. пашырана на Украіне, у ЗША, Германіі, Японіі, Чылі, Расіі, Туркменістане. На Беларусі (Прыпяцкі прагін) падрыхтавана для распрацоўкі некалькі такіх радовішчаў па здабычы брому і ёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,
легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс.га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс.га.
Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НА (Sorbus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.
Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЧАНКА (Зінаіда Фёдараўна) (1839, в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р-на — 18.3.1916),
бел. фалькларыстка і этнограф. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (1887). Збірала фальклор у Гомельскім пав. У прадмове да збору 1888 апісала матэрыяльны побыт сялян, абрады і звычаі (адзенне, ежа, пабудовы, вяселле, вячоркі, Купалле, Каляды, карагоды, жніво, талака і інш.). Запісвала бел.нар. мелодыі, прыказкі. Апубл. больш за 700 бел.нар. песень, у т. л. 180 з напевамі. Першая з даследчыкаў 19 ст. адзначыла двухгалоссе ў спевах беларусаў.
Тв.:
Сборник малорусских и белорусских песен Гомельского уезда, записанных для голоса с аккомпанементом фортепиано. Вып. 1. СПб., 1881;
Гомельские народные песни (белорусские и малорусские). Записаны в Дятловицкой волости Гомельского уезда Могилевской губ. Зинаидой Радченко, с приложением 83 местных пословиц. СПб., 1888;
Сборник малорусских и белорусских народных песен Могилевской губ. Гомельского уезда Дятловицкой волости (180 песен). СПб., 1911.