слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,
хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае 3/4—4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРНІКО́ВЫЯ ГА́ЗЫ»,
газы, якія выдзяляюцца ў парніках пры гніенні арганічных угнаенняў. Іх выдзяленне залежыць ад т-ры, вільготнасці і мікраарганізмаў. Пры аэробным (кіслародным) гніенні ўтвараецца вуглякіслы газ, пры анаэробным (бескіслародным) — метан, вадарод, часткова вуглякіслы газ, злучэнні серы і інш. Для прадухілення атручэння раслін «П.г.» сяўбу насення і пасадку расады ў парніках праводзяць праз 2—4 дні пасля ўнясення гною ў глебу, перыядычна праветрываюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Pastinaca),
род кветкавых раслінсям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. дзікі, або лясны (P. sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жылля. Культывуецца П. пасяўны (P. sativa).
Двух- або шматгадовыя травы з перыстым лісцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. П. пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛІ́ЧКА (Apera),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.
М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦУРЭ́ВІЧ (Іпаліт Купрыянавіч) (студз. 1882, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 22.7.1939),
украінскі хімік-арганік. Акад.АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1907), дзе і працаваў (з 1935 праф.). Навук. працы па арган. сінтэзе. Сінтэзаваў α-этыл-β-талілэтыленмалочную і α-этыл-β-метылэтыленмалочную к-ты (1907—09). Устанавіў механізм пераўтварэння карбазідаў, семі- і тыясемікарбазідаў ненасычаных кетонаў. Даследаваў састаў смол парэнхімных каўчуканосных раслін (1932—35).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),
сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслінсям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАФІ́ТЫ (Psilophyta),
рыніяфіты, аддзел вымерлых вышэйшых раслін; найб.стараж. сасудзістыя расліны. Былі пашыраны ў палеазоі. На Беларусі рэшткі П. (споры) выяўлены ў адкладах ніжняга сілуру — сярэдняга дэвону. Маюць стратыграфічнае значэнне.
Для П. характэрны шматразова-, двойчыразгалінаваныя сцёблы, адсутнасць каранёў і лісця, размяшчэнне прымітыўных спарангіяў на канцах галін, слабае развіццё праводнай сістэмы, нешматлікія вусцейкі на эпідэрмісе сцёблаў. Паўводныя і сухап. расліны. Далі пачатак многім сучасным вышэйшым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́І,
тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін. Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна C16 і C18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы і макавы алеі) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).
Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t 250—300 °C ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алеяў). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т. л.алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай пад вакуумам «(дэзадарацыя). Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя. Выкарыстоўваюцца як харч. прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытв-сці мыла, гліцэрыны, тлустых кіслот, алкідных смолаў, пакостаў, алейных лакаў і фарбаў, сікатыву; як вяжучае мед. мазяў, касметычных сродкаў.