НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ АСТА́ТКАВАЯ,

намагнічанасць, што астаецца ў фера- ці ферымагнітных матэрыялаў пасля спынення дзеяння магн. поля. Залежыць ад магн. уласцівасцей матэрыялу і ад характару папярэдніх уздзеянняў на яго магн. поле. Найб. Н.а. ў высокакаэрцытыўных матэрыялаў (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Значэнне Н.а. канкрэтных узораў залежыць ад іх формы. Паменшыць Н.а. ці пазбавіцца ад яе можна награваннем матэрыялу, мех. уздзеяннем на яго ці дзеяннем магн. поля. Мае шырокае практычнае выкарыстанне (гл. Магніт, Палеамагнетызм).

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАЛАНІЯЛІ́ЗМ,

вызначэнне, якое выкарыстоўваецца як агульная назва сістэмы нераўнапраўных (эканам. і паліт.) адносін паміж краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і развітымі краінамі Еўропы і Паўн. Амерыкі пасля распаду калан. імперый у сярэдзіне 20 ст. Ажыццяўляецца ў форме пранікнення ў новыя незалежныя краіны транснац. карпарацый, прадастаўлення фін., эканам. і інш. дапамогі, далучэння гэтых краін да ваен. і эканам. саюзаў. Спалучае метады эканам. і паліт. націску і некат. уступак у эканам. сферы.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (?—1088),

царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́НДЗЯ,

катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.

Літ.:

Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),

форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВО́ЗНІКАЎ (Мікіта Іосіфавіч) (27.1.1908, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.10.1966),

поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у органах НКУС. У Вял. Айч. вайну з лют. 1942 у партызанах, з 1944 на фронце. Пам. камандзіра ўзвода ст. сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы ў 1944 пры захопе варожых траншэй і прыкрыцці адыходу групы разведчыкаў, у 1945 у баі за г. Познань. Пасля вайны працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАДРУКАВА́НЫЯ КНІ́ГІ,

старадрукаваныя кнігі, умоўная назва кніг, выпушчаных у пэўнай краіне на працягу пэўнага перыяду пасля ўзнікнення кнігадрукавання. Найчасцей гэта кнігі, выдадзеныя ў першай друкарні краіны. У Еўропе з’явіліся ў 1440-я г., на Беларусі — у 1-й чвэрці 16 ст. Першыя кнігі, друкаваныя наборнымі літарамі ў перыяд ад 1440 да 1500 уключна, наз. інкунабуламі, а выданні 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Гл. таксама ў арт. Выдавецкая справа.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́ВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажароўскія, Нямцэвічы, Прушынскія, Ромеры, Саламярэцкія. У залатым полі чорны мядзведзь, на ім сядзіць жаночая постаць у чырв. сукенцы з распушчанымі валасамі ў залатой кароне. Клейнод — над прылбіцай з каронай паміж аленевымі рагамі палова чорнага мядзведзя з чырв. ружай у лапе. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЫ́МСКАЕ ПЫТА́ННЕ»,

канфлікт паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай, які ўзнік пасля заняцця ў 1870 італьян. войскамі Рыма і далучэння Папскай вобласці да Італьян, каралеўства. Папа Пій ІХ адмовіўся прызнаць ліквідацыю Папскай дзяржавы і адхіліў гарантыі італьян. ўрада сваёй асобе, абвясціўшы сябе «вязнем» Ватыканскага палаца. Доўгі час «Р.п.» ўскладняла адносіны паміж Ватыканам і італьян. дзяржавай. Канчаткова ўрэгулявана ў 1929 пры папе Пію XI у адпаведнасці з Латэранскімі дагаворамі 1929.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕ́КЦЫЯ (ад лац. resectio адсячэнне),

выдаленне (шляхам аперацыі) ч. органа або тканкі ў сувязі з іх захворваннем ці пашкоджаннем. Робяць пры лакальных паталаг. зменах (пухліна, амярцвелы ўчастак, інфекц. працэс і інш.), для карэкцыі набытых дэфармацый (напр., у суставе), выдалення прыроджаных анамалій (залішняя даўж. сігмападобнай кішкі) і інш. У некат. выпадках пасля Р. злучаюць захаваныя ч. органа (напр., кішкі), замяшчаюць выдалены ўчастак трансплантатам (напр., сасуд, сустаў).

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)