ЗАЛО́М у драўляным дойлідстве,

зрубная канструкцыя шмат’яруснага верху ў выглядзе ўсечанай піраміды ці прызмы. Вядомы на Украіне з 16 ст. У бел. культавай архітэктуры 17—19 ст. сустракаліся вярхі з адным ці з двума З., якія стваралі ступеньчатаярусную кампазіцыю будынка, надавалі яму выразны сілуэт. Часам спалучаліся з ветразямі (пры чаргаванні чацверыкоў і васьмерыкоў). З. выкарыстоўваліся ў цэрквах (вёскі Рубель Столінскага, Міхалкі Мазырскага р-наў) і званіцах (Клецк).

Да арт. Залом. Міхайлаўская царква. 1796. Вёска Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕВІКІ́,

усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).

Змеявік. 12 — пач. 13 ст. з Заслаўя.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ,

1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.

2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА ((Mošna) Йіндржых) (1.8.1837, Прага — 6.5.1911),

чэшскі акцёр; адзін з заснавальнікаў нац. рэаліст. акцёрскай школы. З 1856 выступаў як прафес. акцёр, гастраліраваў па Аўстрыі з перасоўнай трупай. З 1860 іграў у чэш. правінцыяльных гарадах, з 1864 — у Часовым т-ры ў Празе. Выступаў у драме, оперы, аперэце. З 1883 працаваў у пражскім Нац. т-ры, дзе прапагандаваў рэаліст. рэпертуар. Сярод роляў: Лізал («Марыша» B. і А.​Мрштыкаў), Дзівішак, Грушка («Бацька», «Вайнарка» А.​Ірасека), Цецераў («Мяшчане» М.​Горкага) і інш.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА»

(ад імя стараж.-егіп. бога сонца),

лодка, пабудаваная з папірусу паводле ўзору стараж.-егіп. суднаў нарв. этнографам і падарожнікам Т.Хеердалам. Даўж. 12 м, шыр. 5 м. На «Ра» Хеердал з інтэрнац. экіпажам з 7 чал. распачаў экспедыцыі з мэтай даказаць магчымасць плавання стараж. егіпцян цераз Атл. ак. у Амерыку. 1-я экспедыцыя (1969) скончылася няўдачай з-за дэфектаў канструкцыі судна. У 1970 «Ра-2», якая выйшла з порта Сафі (Марока), за 57 дзён дасягнула в-ва Барбадас.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЕЛІ́ТЫ,

манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФТА́Н,

1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.

2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Лізе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.​Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.​Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.​Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛО́М,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).

Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕКАЦЯРЫНБУ́РГ,

горад у Расіі, цэнтр Свярдлоўскай вобл., на р. Ісець (Сярэдні Урал). 1278 тыс. ж. (1996). Буйны чыг. і аўтадарожны вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн. Газаправоды. Найбуйнейшы цэнтр машынабудавання (ВА «Уралмаш», «Уралэлектрацяжмаш», «Уралхіммаш»; з-ды турбаматорны, буравога і металургічнага абсталявання, трансп. машынабудавання, падшыпнікавы і інш.), чорнай металургіі (Верх-Ісецкі металургічны з); развіты таксама прыладабуд. і эл.-тэхн. (кабель, трансфарматары, з-ды дакладнай механікі, оптыкі, халадзільнікаў і інш.), хім. (шыны, пластмаса і інш.), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харчасмакавая прам-сць; каменярэзная вытв-сць (з «Уральскія самацветы»). Уральскае аддзяленне Рас. АН, 14 ВНУ (у т. л. ун-т), 8 музеяў, 5 тэатраў. Арх. помнікі: жылыя і грамадскія будынкі ў стылі класіцызму (18, 19 ст.), сабор Аляксандра Неўскага (1-я пал. 19 ст.).

Засн. ў 1721 В.​М.​Тацішчавым як горназаводскі культ. і гандл. цэнтр Урала. Пазней Ісецкі з і крэпасць назвалі Е. у гонар Кацярыны I. Тут размяшчаліся Уральскае горнае ўпраўленне, горназаводская школа, з 1735 манетны двор. У 1763 праз Е. пракладзены Сібірскі тракт. З 1781 цэнтр вобласці, з 1796 пав. горад Пермскай губ. У 1834 засн. Горны музей, у 1836 — абсерваторыя. З канца 19 ст. важны чыг. цэнтр Урала, адзін з цэнтраў рэв руху. У ліп. 1918 у Е. расстраляны апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй. Месца значных баёў у грамадз. вайну (гл. Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). З 1919 цэнтр Екацярынбургскай губ., з 1923 — Уральскай, з 1934 — Свярдлоўскай абласцей. У 1924—91 наз. Свярдлоўск.

Екацярынбург. Кінаканцэртная зала «Космас».

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)