КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАРСІС (ад грэч. katharsis ачышчэнне),

1) тэрмін стараж.-грэч. філасофіі і эстэтыкі для абазначэння сутнасці эстэт. перажыванняў. Бярэ пачатак ад стараж. піфагарэізму, які рэкамендаваў музыку для ачышчэння душы. Арыстоцель у «Паэтыцы» вызначаў трагедыю як ачышчэнне духа пры дапамозе страху і спачування, узвышанага задавальнення і прасвятлення гледача, які перажывае пакуты разам з героем трагедыі і вызваляецца ад іх.

2) У псіхааналізе К. — адзін з метадаў псіхатэрапіі, з дапамогай якога пацыент пазбаўляецца ад беспадстаўнага страху і неадчэпных ідэй.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАНС ((Commons) Джон Роджэрс) (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),

амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎЧУР (Сяргей Рыгоравіч) (н. 7.7.1934, в. Прыдзіркі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі. Д-р тэхн. н., праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1970 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі сілікатаў і прамысл. экалогіі. Адзін з аўтараў «Англа-рускага слоўніка па хіміі і тэхналогіі сілікатаў» (1986).

Тв.:

Основы технологии химического фрезерования. Мн., 1979 (разам з С.​С.​Кузьмінавым, А.​М.​Лапіным);

Окрашивание стекла переходными и редкоземельными элементами. Мн., 1993.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),

амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.​Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВО́, Ле Во (Leveau, Le Vau) Луі (каля 1612, Парыж — 11.10.1670), французскі архітэктар, адзін з вядучых майстроў франц. класіцызму. З 1654 «першы архітэктар караля». Пабудовам Л. ўласцівы строгая элегантнасць, складанасць планіроўкі, дэкар. багацце ўнутр. аддзелкі: атэль Ламбер (з 1640), Калеж чатырох нацый (з 1661) — абодва ў Парыжы. У супрацоўніцтве з Ш.Лебрэнам і А.Ленотрам садзейнічаў стварэнню новага тыпу палацава-паркавага ансамбля (палац у Версалі, 1661—68; замак-палац Во-ле-Віконт у Іль-дэ-Франс, 1656—61).

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СКІН ((Leskien) Аўгуст) (8.7.1840, г. Кіль, Германія — 20.9.1916),

нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў младаграматызму. Акад. Берлінскай і Мюнхенскай АН. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Вучыўся ва ун-тах Кіля, Лейпцыга, Іены, Гётынгена. Праф. ун-таў Іены (1869), Лейпцыга (1870—1916). Вывучаў фаналогію балт. і слав. моў, садзейнічаў стварэнню іх параўнальнай граматыкі. Асн. працы: «Скланенне назоўнікаў славянска-літоўскіх і германскіх моў» (1876), «Граматыка старабалгарскай мовы» (1909), «Граматыка сербахарвацкай мовы» (1914) і інш. Выдаў зборы слав. і літоўскага фальклору.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ,

найпрасцейшы від матэматычнай залежнасці; суадносіны віду C1u1 + C2u2 + ... + Cnun = 0 , дзе C1, C2, ..., Cn — лікі, з якіх хоць бы адзін не роўны нулю, а u1, u2, ..., un — матэм. аб’екты, для якіх вызначаны аперацыі складання і множання на лік. Паняцце «Л.з.» выкарыстоўваецца ў многіх раздзелах матэматыкі. Напр., Л.з. можа мець месца паміж вектарамі, паміж функцыямі ад адной ці некалькіх пераменных, паміж элементамі лінейнай прасторы і інш.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТО́ЎСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

аркестравы калектыў сярэдзіны 16 — пач. 17 ст.; адзін з найбольш ранніх на тэр. Беларусі. Засн. ў Гродне ў 1543. У 1601 у склад капэлы ўваходзілі 15 музыкантаў і спевакоў: Хакон Бланк, Ян (Ганс) Браўн, Пётр Гертсан (Ортсан), Войцех (Альберт) Кулакоўскі, Мацей Кавянчук, Пётр Лаўрэнцій, Магнус, Ян Міхаловіч, Ян Няркоўскі (Ніркоўскі), Якуб Пэль, Якуб Пташкоўскі, Станіслаў Рагейскі, Эрык Том, Эрык Торсцін, Генрых Фін. Звесткі наконт складу інструментаў і характару рэпертуару не выяўлены.

А.​Л.​Капілаў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)