СКА́РГА,

1) выказванне незадаволенасці з нагоды якіх-н. непрыемнасцей, болю і да т.п.

2) Афіц. заява з просьбай аб устараненні якой-н. несправядлівасці, недакладнасці і г.д. Працэсуальнаму заканадаўству вядомы С. касацыйная, прыватныя, наглядныя, у якіх аспрэчваецца правільнасць і законнасць вынесеных судовых прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў. Парадак разгляду такіх С. рэгламентуецца адпаведнымі нормамі права.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЕ́ЧНІКАВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з насення сланечніку. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Залаціста-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -16 да -19 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, для вырабу маянэзаў, як сыравіну ў вытв-сці маргарыну, пакостаў, алкідных смол, мыла.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМУ́ШАК,

шкурка ягняці смушкавай пароды, якое было забіта ў першыя суткі (да 3) пасля нараджэння. Падзяляюць на каракульскія (гл. Каракуль) і некаракульскія С. (ад інш. смушкавых парод — сакольскай, рэшацілаўскай, шыразскай і інш.). Найб. каштоўныя характарызуюцца шчыльнай, тонкай мяздрою, шаўкавістым валасяным покрывам, добрым бляскам, валькаватымі (паўкруглымі) і бобападобнымі завіткамі. Выкарыстоўваецца для футравых вырабаў.

т. 15, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНАБІ́ЗМ (англ. snobbism),

погляды, манеры, паводзіны, уласцівыя снобам — прадстаўнікам арыстакратычнага кола, якія слепа прытрымліваюцца густаў, манер і моды вышэйшага свету, прэтэндуюць на вытанчанасць густу, на выключнае кола заняткаў, інтарэсаў і зняважліва ставяцца да ўсяго, што выходзіць па-за межы іх правіл і паводзін. Абвінавачанне каго-н. у С., як правіла, мае неадабральнае адценне.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́БЕЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Чырвоная Воля. Створана ў 1986. Пл. 2,9 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 5,8 м, аб’ём вады 14,2 млн. м³. Наліўное, вада падаецца з Грычынскага канала. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 5,7 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЕВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з зярнят соі. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Светла-жоўтая вадкасць, шчыльн. 924—934 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як харч. прадукт, у вытв-сці маргарыну, мыла, а таксама пакосту, алкідных смол, алейных лакаў. мыйных сродкаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЗ (ад грэч. stasis стаянне, нерухомасць),

застой, спыненне паступлення фізіял. змесціва ў прасвеце якога-н. трубчастага органа. Напр., С. крыві — гемастаз (часцей капілярны або вянозны), мачавы С., лімфастаз. Узнікае пад уздзеяннем хім. або фіз. фактараў, ядаў бактэрый, пры парушэнні інервацыі сасудаў, змене саставу крыві і інш. Стойкі гемастаз прыводзіць да некрозу тканак.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́НЦЫЯ ТЭХНІ́ЧНАГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ,

прадпрыемства для тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Бываюць універсальныя (выконваюць комплексныя работы па абслугоўванні аўтамабіляў розных марак і мадэлей) і спецыялізаваныя (абслугоўваюць пэўныя мадэлі аўтамабіляў). Аўтамаб. з-ды таксама ствараюць С.т.а. (сервісныя аўтацэнтры), дзе акрамя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў дадзенага з-да выконваюць іх гарантыйны рамонт, замену агрэгатаў і інш. работы.

т. 15, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЕ́ЛЛЕ,

возера ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 26 км на ПдЗ ад г. Хойнікі. Пл. 0,32 км², даўж. 3,2 км. найб. шыр. 130 м, даўж. берагавой лініі 7,8 км. Катлавіна старычнага тыпу, падзяляецца на 3 рукавы. Берагі выш. да 1 м, пад хмызняком, на З нізкія, забалочаныя.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРУ́ХА,

возера ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на левабярэжнай пойме р. Прыпяць, за 25 км на З ад г. Петрыкаў. Пл. 0,4 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 140 м, даўж. берагавой лініі 6,7 км. Катлавіна старычнага тыпу. Берагі выш. да 0,8 м, пясчаныя, часткова пад хмызняком. Злучана ручаём з р. Прыпяць.

т. 15, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)