«ВІ́ЦЕБСКІ РАБО́ЧЫ»,

абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.

У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, солдатских н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Известия Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял. Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр. Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК чарговы,

штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ДВАРД (Woodward) Роберт Бёрнс (10.4.1917, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 8.7.1979),

амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў Масачусецкі тэхнал. Ін-т (1936). З 1937 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф.). Навук. працы па хіміі складаных біялагічна важных арган. злучэнняў. Сінтэзаваў хінін (1944), антыбіётык патулін (1950), картызон (1951), рэзерпін (1956), хларафілы а і б (1960), тэтрацыклін (1962), вітамін B12 (1971) і інш.; устанавіў будову шэрагу антыбіётыкаў. Сфармуляваў правілы: для вызначэння батахромнага эфекту алкільных замяшчальнікаў у спалучаных дыенах (1941, правіла Вудварда), актанта для вярчальнай дысперсіі кетонаў (1961), захавання арбітальнай сіметрыі для ўзгодненых рэакцый (1965, правіла Вудварда — Гофмана). Нобелеўская прэмія 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Сохранение орбитальной симметрии М., 1971 (разам з Р.​Хофманам).

Р.Б.Вудвард.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЯЛЕ́ННЕ,

пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,

навучальная ўстанова ў Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Вышэйшыя пачатковыя вучылішчы былі створаны паводле Палажэння ад 25.6.1912 замест 3- і 4-класных гар. вучылішчаў. Складаліся з 4 класаў з гадавым курсам у кожным. Былі мужчынскія, жаночыя і мяшаныя. У іх прымалі дзяцей сярэдніх слаёў гар. і сельскага насельніцтва ва ўзросце 10—13 гадоў. Навучанне пераважна платнае. Вывучалі: Закон Божы, рус. мову і славеснасць, арыфметыку, асновы алгебры і геаметрыі, геаграфію, гісторыю Расіі са звесткамі па ўсеаг. гісторыі, прыродазнаўства, фізіку, маляванне, чарчэнне, фіз. практыкаванні, рамёствы, замежную мову. Пры вучылішчах часам былі дадатковыя класы або курсы з 1—2-гадовым тэрмінам навучання: пед., с.-г., рамесныя, бухгалтарскія і інш. У 5 губернях Беларусі ў 1915 было 121 вышэйшае пачатковае вучылішча. Скасаваны ў 1918.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКІ ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ, Гайцюнішскі «замачак»,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.​Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.

Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.

У.​М.​Пярвышын.

Гайцюнішскі дом-крэпасць.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́НСКІ Аляксандр Кузьміч (кастр. 1886, в. Муравілле Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — ?),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1912). Прымыкаў да партыі эсэраў. З 1918 чл. прэзідыума Кіеўскай бел. рады і заг. бюро па ўладкаванні бежанцаў, прадстаўнік урада БНР на Украіне; саветнік Мін-ва замежных спраў урада БНР. З 1921 у Літве: старшыня Бел. нац. сувязі, замежнага ЦК партыі бел. эсэраў, Бел. нац. к-та, выдаваў час. «Покліч». Адзін з арганізатараў Бел. паліт. канферэнцыі ў Празе (1921). Удзельнічаў у ліквідацыі ўрада БНР у кастр. 1925. Неаднойчы арыштаваны царскімі, румынскімі, літ. ўладамі. Пасля пераезду ў БССР працаваў у ВСНГ Беларусі, НДІ прам-сці. У 1930 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОЗД Лявонцій Мікалаевіч (24.1.1921, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 1.6.1982),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1958), праф. (1978). Скончыў і Мінскі пед. ін-т (1952). З 1956 у Гродзенскім пед. ін-це (з 1958 прарэктар). У 1962—80 у Мінскім пед. ін-це (з 1967 заг. кафедры педагогікі). Даследаванні па гісторыі педагогікі і гісторыі агульна- і адук. школы Беларусі, дыдактыцы і тэорыі выхавання, праблемах педагогікі вышэйшай школы.

Тв.:

Развитие средней общеобразовательной школы в Белоруссии, 1917—1941. Мн., 1986;

Асвета ў БССР у перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі і стварэння фундаменту сацыялізма (1921—1931 г.) // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Развитие педагогической науки в БССР: Краткий обзор (19 19—1979) // Педагогика: Вопр. истории школы и пед. мысли в БССР. Мн., 1980. Вып. 18.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,

сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШЦВЁРДЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ матэрыялы, цвёрдасць матэрыялаў якіх сувымерная з цвёрдасцю алмазу. Адрозніваюць прыродныя (алмаз) і сінт. (найб. пашыраны сінт. алмазы і кубічны нітрыд бору), мікрацвёрдасць якіх — 60—100 ГПа. Маюць высокія трываласць, зносаўстойлівасць, цеплаправоднасць. Хімічна інертныя. Сінт. З.м. атрымліваюць з вугляроду і нітрыду бору пры высокім ціску (4—12 ГПа) і т-рах ад 1200 да 2200 °C у спец. камерах. Выкарыстоўваюць у выглядзе парашкоў, мона- і полікрышталёў, кампазітаў, плёнак для вырабу абразіўных, металарэзных, горна-буравых інструментаў. На Беларусі даследаванні па стварэнні З.м. праводзяцца з 1960 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН. Распрацаваны тэхналогіі атрымання сінт. алмазаў, кубічнага нітрыду бору, у т. л. полікрышт. («белбор»), кампазітаў на іх аснове, наладжана вытв-сць гэтых матэрыялаў. Парашкі сінт. алмазаў выпускаюць на Гомельскім ВА «Крышталь».

В.​Б.​Шыпіла.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)