У́ЗА, ал-Узза («усемагутная»),

у старажытнаарабскай рэлігіі і міфалогіі багіня планеты Венера. Вядома з 1-га тыс. да н.э., у 5 — пач. 7 ст. н.э. адно з вярх. божастваў Аравіі. Лічылася адной з дачок вярх. даісламскага бога Алаха. У паселішчы Нахл, на Пн ад г. Мекка, знаходзілася асабліва шанаванае свяцілішча У. Заснавальнік ісламу Мухамед, які зрабіў Алаха адзіным богам новай рэлігіі, напачатку прызнаваў і боскую прыроду У.

т. 16, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗГАРА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі для падпальвання піратэхнічных саставаў і цвёрдага ракетнага паліва. Лёгка загараюцца ад параўнальна малога цеплавога імпульсу. Вызначаюцца высокай цеплатой згарання; т-ра гарэння У.с. павінна не менш чым на 200 °C перавышаць т-ру ўзгарання матэрыялу, што падпальваюць. Маюць гаручае (звычайна парашкі металаў — тытану, цырконію, магнію), акісляльнік (найб. пашыраны калію нітрат KNO3), сувязнае (каніфоль, каўчукі, эпаксідныя смолы і інш.). Вырабляюцца ў выглядзе гранул, таблетак, шашак.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗУРПА́ЦЫЯ (ад лац. usurpatio авалоданне),

скарочаная назва гвалтоўнага захопу ўлады або гвалтоўнага яе ўтрымання. Ва ўсіх дэмакр. краінах з’яўляецца цяжкім дзярж. злачынствам. КК Рэспублікі Беларусь (арт. 357 ч. 2) устанаўлівае крымін. адказнасць за захоп або ўтрыманне дзярж. улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама за публічныя заклікі да гэтых дзеянняў, у т. л. ўчыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі. У. наогул разглядаецца як прысваенне чужых правоў, паўнамоцтваў.

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́НСТЭНЛІ (Winstanley) Джэрард (1609, г. Уіган, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — пасля 1660),

англійскі сацыяліст-утапіст, ідэолаг руху дыгераў перыяду Англ. рэвалюцыі 1640—60. Кіраўнік дыгерскай калоніі ў 1649—50. Аўтар шматлікіх памфлетаў («Новы закон справядлівасці», 1649, і інш.), утопіі «Закон свабоды» (1652), у якіх, абапіраючыся на Біблію, даказваў неабходнасць увядзення бяскласавага грамадства без прыватнай уласнасці, заснаванага на калект. працы, а свабоду грамадзяніна характарызаваў найперш як свабоду ад галечы.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. phaneros яўны, адкрыты + ...фіт),

расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над паверхняй зямлі і працягваюць рост пасля неспрыяльнага перыяду года; адна з жыццёвых форм раслін. Растуць пераважна ў зонах з мяккім кліматам. Да Ф. належаць дрэвы, кусты, ліяны. Паводле вышыні іх падзяляюць на мега(больш за 30 м), меза- (8—30 м), мікра(2—8 м) і нанафанерафіты (ніжэй за 2 м).

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРДЫ́ЗМ,

сістэма арганізацыі паточнай вытв-сці, якая заключаецца ў яе масавай уніфікацыі і канвеерызацыі. Узнікла ў ЗША у 1-й чвэрці 20 ст. Назва ад прозвішча амер. інжынера і прамыслоўца Г.Форда. Асновай Ф. і абумоўленых ім новых метадаў арганізацыі вытв-сці і працы стаў зборачны канвеер. Канвеерная зборка побач з інш. тэхн. навінамі спрыяла рэзкаму росту вытв-сці працы і зніжэнню сабекошту прадукцыі, стала пачаткам масавай вытворчасці.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. formatio утварэнне) у геалогіі, заканамернае прыроднае спалучэнне (парагенез, комплекс, асацыяцыя) горных парод, карысных выкапняў і інш. мінер. утварэнняў, звязаных агульнасцю ўмоў паходжання. Адрозніваюць марскія і кантынент., платформавыя, геасінклінальныя, арагенныя, магматычныя, метамарфічныя, вулканагенныя, асадкавыя, рудныя, саляносныя і інш. На Беларусі найб. даследаваны Ф. платформавага чахла: марскія тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя, у т. л. нафтаносныя, галагенныя (галітавая і каліяносна-галітавая), кантынент. покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя і інш.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ТУМ (ад лац. fatum прадвызначэнне, лёс),

у старажытных рымлян паняцце, якое ўвасабляла волю багоў і неадольнасць лёсу. У рым. міфалогіі і рэлігіі яно адсутнічала, але было пашырана ў філасофіі. Паводле вучэння стоікаў, Ф. — разумная сіла, якая кіруе светам. Паходжанне тэрміна «Ф.» звязана з верай рымлян у падобных на мойраў грэч. міфалогіі багоў і багінь — фатаў (афіц. культу не мелі), якія нібыта вызначалі лёс чалавека.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЛЬДЗІН (Fälldin) Турб’ёрн (н. 24.4.1926, пасёлак Хёгс’ё, Швецыя),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча (1945). У 1950—56 старшыня акр. к-та Саюза шведскай сял. моладзі. З 1958 дэп. рыксдага ад Партыі цэнтра, у 1971—85 старшыня гэтай партыі. У 1976—78 і 1979—82 прэм’ер-міністр Швецыі. Ва ўмовах пагаршэння эканам. становішча ў краіне ўрад Ф. намагаўся зменшыць дэфіцыт плацежнага балансу, развіваць ядз. энергетыку.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРО́МЕГР (ад фера... + метр),

прылада для выпрабаванняў магнітамяккіх матэрыялаў у пераменных магн. палях. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні значэнняў эрс індукцыі ў абмотках, якія ахопліваюць асяродак, выраблены з даследаванага матэрыялу. Па атрыманых даных вызначаюць імгненнае значэнне магн. індукцыі ў асяродку, значэнне току падмагнічвання (г.зн. напружанасць магн. поля), будуюць дынамічную пятлю гістэрэзісу і інш. З дапамогай Ф. вызначаюць таксама страты на гістэрэзіс і віхравыя токі.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)