ФА́ТУМ (ад лац. fatum прадвызначэнне, лёс),

у старажытных рымлян паняцце, якое ўвасабляла волю багоў і неадольнасць лёсу. У рым. міфалогіі і рэлігіі яно адсутнічала, але было пашырана ў філасофіі. Паводле вучэння стоікаў, Ф. — разумная сіла, якая кіруе светам. Паходжанне тэрміна «Ф.» звязана з верай рымлян у падобных на мойраў грэч. міфалогіі багоў і багінь — фатаў (афіц. культу не мелі), якія нібыта вызначалі лёс чалавека.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)